Пра незвычайныя арт-аб'екты, зробленыя жыхаром Фаніпаля Уладзімірам Канонікам, «Звязда» неаднойчы расказвала. Напрыклад, пра тое, як на мінскай АЗС з'явіўся скульптурна-інтэрактыўны персанаж [3] у выглядзе матацыкла-пантэры, на якога можна лёгка ўзабрацца, зручна пасядзець, памацаць педалі, ручкі, прыборы, зрабіць фота вузлоў і механізмаў мотаагрэгата.
Калі ў пачатку сёлетняй вясны ў сталіцы адкрываўся байкерскі сезон, на галоўнай пляцоўцы свята Уладзімір Канонік выставіў свой чарговы арт-аб'ект пад назвай «Веламотацмок», якога ён таксама сканструяваў з дапамогай непатрэбных, зношаных, зламаных, выкінутых на сметніцу аўтадэталяў.
Наогул, многія скульптурныя кампазіцыі Уладзіміра Каноніка, створаныя з адходаў тэхрамонту, сталі часткай дызайнерскага афармлення тэрыторыі новых аўтазаправак Мінскай вобласці. Вось і цяпер мастак працуе: збірае з дэталяў легкавых і грузавых машын чарговы арт-аб'ект — вялікую па памеры і вазе рыбу, а менавіта — сома. Даведаўшыся пра новы праект, я паспяшаўся ў творчую майстэрню дэкаратыўных вырабаў. Там разам з сынам Арцёмам, прафесійным скульптарам Стасам Шашковым і электразваршчыкам Дзмітрыем Пякарскім (усе яны ёсць на здымках) аўтар праекта прымацоўваў апошнія дэталі, быццам наносіў апошнія штрыхі на гатовы твор.
— Сом — галоўная фігура кампазіцыі «Рыбачок», якая хутка з'явіцца на новай АЗС у курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна, — кажа Уладзімір Канонік. — Побач будзе яшчэ вялікая вуда, і кожны, хто возьмецца за яе, стане падобны на шчасліўчыка, які злавіў гэтую рыбіну. Вось у чым сэнс інтэрактыўнай кампазіцыі.
А яшчэ аўтар паведаміў, што на стварэнне пяціметровага нарачанскага сома пайшоў цэлы месяц і амаль тысяча аўтазапчастак, а вага рыбы не меншая за паўтары тоны.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20190412/1555090512-sezon-budze-krylatym
[4] https://zviazda.by/ru/tags/fota-na-trynaccatuyu-0