У гэтыя выхадныя на тэрыторыі Беларусі чакаецца няўстойлівае надвор'е, калі амаль паўсюдна па краіне прагназуюцца мокры снег і дождж, паведамляе намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.
Мокры снег з дажджом прыйдзе да нас ужо сёння. Магчымыя слабы туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе ад 1 градуса марозу да 4 цяпла. У выхадныя на тэрыторыю Беларусі завітаюць атмасферныя франты, якія «прынясуць» няўстойлівае надвор'е. У суботу ўначы ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу прагназуюцца на большай частцы тэрыторыі краіны, а ўдзень — толькі па паўднёвым усходзе. Паўсюдна слабы туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ў межах ад мінус 3 градусаў да 2 цяпла, удзень — ад мінус 1 градуса да 4 цяпла. Спецыялісты адзначаюць, што надвор'е яшчэ больш пагоршыцца, калі ў нядзелю да нас завітае чарговая франтальная сістэма з поўдня Скандынаўскага паўвострава. Таму ўначы ў нядзелю ў крайніх паўночна-заходніх раёнах, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць мокры снег і дождж, слабы туман і галалёд. Удзень будзе моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла, а ўдзень — ужо ад 1 марозу да плюс 4 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у першыя дні наступнага тыдня надвор'ем у Беларусі будуць кіраваць атмасферныя франты, якія пачнуць рухацца да нас з боку Заходняй Еўропы, а таксама і цёплыя паветраныя масы атлантычнага паходжання. У панядзелак на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе мокры снег з дажджом, уначы і раніцай магчымы слабы галалёд. Моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да плюс 2, удзень — ад нуля да 5 цяпла. Сіноптыкі адзначаюць, што ў аўторак стане крыху цяплей. Прагназуюцца кароткачасовыя ападкі (уначы мокры снег, удзень — пераважна дождж) і слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 5 градусаў да плюс 2, удзень — ад нуля да 6 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore-belarusi