Дома ў ілюстратара Волі Кузьміч [3] і дызайнера Юрыя Сідуна па-хатняму цёпла і ўтульна. Заходзіш — і разумееш: тут любяць усмешкі, а яшчэ заўсёды рады новым ідэям і цікавым праектам.
На крэсла каля акна заскоквае кот Францішак — напэўна, каб паслухаць, аб чым будзе ісці размова. Альбо проста паказаць, хто ў доме гаспадар. І пакуль маленькі Леў, сын Волі і Юры, якому нядаўна споўніўся год і пяць месяцаў, з захапленнем збірае мазаіку, мы размаўляем з мастачкай пра тое, як сумяшчаць працу і догляд дзіцяці, а таксама пра натхненне, пошук ідэй і «кубачак гарбаты».
Пра цікавыя праекты і любімых персанажаў
— Воля, як вы сталі ілюстратарам?
— У вёсцы на Палессі, дзе я нарадзілася, не было побач дзіцячага садка. Мама і тата пакідалі мяне пад наглядам бабулі, хата якой праз дарогу ад нашай. Давалі альбом, алоўкі, фарбы, і я зацята малявала, слухаючы радыё. Бывала нават так, што за дзень змалёўвала ўсе аркушы. Дарэчы, цяпер я стала больш ашчаднай да паперы і малюю на ёй толькі тады, калі ідэя ўжо цалкам выспела ў галаве.
Перад тым, як стаць прафесійным ілюстратарам, я вучылася на механіка-матэматычным факультэце БДУ, потым пайшла на другую вышэйшую адукацыю — юрыдычную. Але ўвесь гэты час я паралельна малявала. Крыху пазней зразумела, што менавіта гэта і ёсць мой самы любімы занятак. І вось я працую ілюстратарам ужо больш за дзесяць гадоў.
— Які праект лічыце самым цікавым?
— Я люблю праекты, якія даюць магчымасць навучыцца новым тэхналогіям і падыходам, маюць прастору для эксперыментаў і адкрываюць для мяне новыя тэмы. Але заўжды той праект, які па-добраму баліць, — гэта апошні праект. Таму што ты ў яго заглыбляешся з галавой. Вось, напрыклад, адной з апошніх кніг, для якой я рабіла ілюстрацыі, была кніга пра экалогію для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. У ёй расказваецца пра тое, як важна сартаваць смецце і не выкідаць старыя электрапрыборы.
Я вельмі люблю праекты на сацыяльныя, грамадска значныя тэмы. Яны даюць магчымасць праз ілюстрацыі праявіць сваю пазіцыю. Ты разумееш: рэчы, якія робіш, у добрым сэнсе ўплываюць на грамадства.
— Магчыма, тэма экалагічнасці, з якой звязана шмат вашых праектаў, неяк уплывае на асабістае жыццё?
— Па-свойму гэта, вядома ж, праектуецца і на маю сям'ю. Большасць маіх сваякоў жыве на Палессі, і, калі выходзіць прадукцыя з маімі ілюстрацыямі, я заўсёды паказваю ім. Так, я заўважаю, што яны пачалі больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя, збіраюць смецце, не спальваюць небяспечныя адходы накшталт пластыку і гумы, як гэта часта бывае ў вёсках. І, нягледзячы на тое, што машына для збору смецця праязджае толькі раз на тыдзень, мае бацькі заўсёды чакаюць яе.
— Ці ёсць у вас самы любімы персанаж з тых, што вы намалявалі? Мабыць, існуе нават ваш прататып?
— Несвядома, але падаецца, што любы творца ў першую чаргу бярэ нейкія рэчы з уласнага досведу. Па-першае, так хутчэй, па-другое — гэта эмоцыі, якія ты сам перажываеш. Я вельмі шмат назіраю за людзьмі вакол, нават калі проста стаю недзе ў чарзе.
Мне цікавы чалавечыя эмоцыі і яркія знешнія праявы. Пасля гэта дадаецца ў ілюстрацыі.
Вельмі часта ў маіх працах з'яўляецца наш кот Франачак. Ёсць нават серыя ілюстрацый «Як прыручыць ільва», якая ўжо разышлася далёка па свеце. Дарэчы, адзін малюнак там вельмі біяграфічны. Калі ў нас нарадзіўся Леў, якога мы вельмі чакалі, каб паведаміць пра гэта сябрам, я проста дамалявала яго ва ўжо вядомую ілюстрацыю «Для самага важнага ў жыцці заўсёды знойдзецца месца».
Гэтая серыя, можна сказаць, сюжэты з нашага з Юрам жыцця. Усё пачалося з таго, што мы пераязджалі і шукалі кватэру. Я думала, як даць цікавую і незвычайную абвестку. У выніку атрымалася ілюстрацыя, дзе былі намаляваныя мы і наш кот. Каля кожнага было напісана, чаго б ён хацеў. І вось Франачак нібы гаварыў, што яму патрэбная кватэра з цікавым відам з акна. Гэтая аб'ява шырока разышлася па інтэрнэце. Многа хто пісаў, што хацеў бы, каб такія людзі жылі менавіта ў іх пад'ездзе. Тады, шчыра кажучы, мы вельмі хутка знайшлі кватэру. А пасля нам пачалі прыходзіць электронныя лісты накшталт: «Гэта вельмі падобна і на нашу сям'ю, толькі ў нас коцік іншага колеру».
Пра натхненне і пошук ідэй
— Што натхняе вас на творчасць? Адкуль бераце ідэі?
— Ідэяў насамрэч шмат — быў бы час. Перш за ўсё, мяне натхняюць людзі. Па-другое — эмоцыі, стасункі. Яшчэ адзін вектар сілы і натхнення для мяне — гэта Палессе, Лунінеччына. Я рэгулярна езджу дамоў. І часам Юра нават жартуе, што мне ўжо трэба ў вёску, бо па мне відаць, як я прагну гэтага. Натхняе, дарэчы, нават від з акна. Вось мы жывём тут усяго некалькі месяцаў, але я заўважыла, што ў маіх апошніх ілюстрацыях прысутнічаюць гэтыя ўтульныя дамкі з чырвонымі дахамі.
— Як прыйшла ідэя стварыць праект пра беларускую мову «Як чуецца, так і малюецца»?
— Ведаеце, тут ёсць нейкая гульня слоў нават у самой назве. Бо чамусьці лічыцца, што ў беларускай мове ўсё вельмі проста: як чуем, так і пішам. Але гэта стэрэатып, і ўсё, вядома ж, куды глыбей.
У нашай краіне адметнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што тут суіснуюць дзве мовы. Таму многія словы, бывае, успрымаюцца шматзначна. Праект гэта і падкрэслівае. Вось, напрыклад, выраз «кубачак гарбаты», які проста прагне візуалізацыі (Воля намалявала гарбаты кубачак. — Аўт.). Мне падалося: ну як так, чаму ніхто да гэтага не маляваў такую яркую іранічную адметнасць?
Пасля таго як мы апублікавалі праект «Як чуецца, так і малюецца», было вельмі шмат водгукаў на яго. Людзі самі пачалі падказваць ідэі. У выніку з'явілася другая частка ілюстрацый. Гэта зноў жа да пытання натхнення. Калі ты ў нейкі праект заглыблены, шмат пра яго думаеш, то падказкі з'яўляюцца адусюль, яны самі знаходзяць цябе.
Гэты праект стаў вядомым па-за межамі Беларусі. Ёсць, дарэчы, пераклад і на англійскую мову. Многія людзі, калі куды-небудзь едуць, выкарыстоўваюць гэтыя паштоўкі як сувенір з нашай краіны.
— Вы стварылі серыю паштовак пра Мінск, а якое месца ў горадзе любіце больш за ўсё?
— На цяперашні момант яно, гэтае месца, тут, у нашым квартале. Не праходзіць і дня, каб я і Юра не цешыліся гэтаму астраўку ў горадзе, дзе захаваліся старыя дамы з гісторыяй. У Мінску шмат куточкаў, пра якія мы нічога не ведаем. Напрыклад, да гэтага мы жылі недалёка адсюль, але і падумаць не маглі, што паміж дзвюма вялікімі вуліцамі ёсць гэтая маленькая (вул. Караткевіча. — Аўт.) з такімі прыгожымі дамамі. Я вельмі рада, што цяпер не трэба нікуды ехаць, каб знайсці эстэтычнае натхненне. Яно заўсёды тут, з намі.
Пра тое, як працаваць дома
— Што заўсёды ёсць на вашым рабочым стале?
— Цяпер, пакуль Леў маленькі, я і Юра працуем дома разам. Так каардынуем нашу працу, каб сумесна весці нейкія праекты.
На маім стале, як бачыце, мінімалізм. Думаю, гэта блізка ўсім маладым бацькам. Раней там заўжды былі розныя керамічныя вырабы, алоўкі, ручкі, шмат нататнікаў, таму што, калі з'яўляюцца ідэі падчас працы, іх трэба хутка занатаваць. Цяпер жа на маім стале графічны планшэт, камп'ютар, папера, ручкі (але апошняе знаходзіцца там нядоўга, таму што можа спадабацца Льву, які любіць маляваць). Дарэчы, пасля нараджэння сына мае эскізы выглядаюць вельмі пацешна, бо на іх шмат дзіцячых дамалёвак.
— Ці цяжка і працаваць, і глядзець дзіця?
— Насамрэч гэта вельмі цікава. Як толькі ты прызвычайваешся да нейкага рытму, выбудоўваеш нейкі графік, вельмі многае зноў прыходзіцца мяняць, таму што дзіця расце, трэба пад яго падладжвацца. Калі я чакала Льва, хвалявалася, як гэта будзе. Мне хацелася перарабіць усе праекты загадзя, таму што падавалася, што ўся праца спыніцца. Мне хацелася напрацавацца ўдосталь. Але калі нарадзіўся сын, усё перавярнулася ў плане стэрэатыпаў. Калі Льву быў месяц, я ўжо ўзялася за першы буйны праект, і ён працаваў літаральна разам са мной, на руках. На адной руцэ спіць сын — другой я малюю. Цяпер жа мой графік такі, што я прачынаюся вельмі рана, а шостай раніцы, і працую ў «першую змену», пакуль Леў з татам яшчэ спяць.
Калі праца сапраўды любімая, калі робіш яе аддана, то з'яўляецца стымул уставаць раней.
Моцна змянілася пасля нараджэння сына і ўспрыманне часу. Цяпер рэчы робяцца нашмат хутчэй. Няма часу на нейкія сумненні, вельмі хутка сядаеш і працуеш. Яшчэ, як гэта ні дзіўна, робіцца значна больш рэчаў.
Зараз я вельмі шмат працую з анімацыяй, малюю мультфільмы. І Леў, паколькі ён яшчэ маленькі, не разумее, што гэта мая работа. Ён думае, што пакуль ён там чымсьці заняты, мама глядзіць без яго мульцікі.
Думаю, што ні я, ні Юра не былі б гатовыя цяпер працаваць у офісе. Пакуль Леў маленькі, асабліва хочацца быць разам з ім, назіраць, як ён змяняецца, расце. Гэта вельмі вялікая ўдача, што мы змаглі так пабудаваць свой графік, што можам і займацца любімай працай, і глядзець дзіця, і расці прафесійна.
— Ці бераце сына на нейкія мерапрыемствы, звязаныя з работай?
— Так, безумоўна. Леў — частка мяне, нашай сям'і і нават працы. Паколькі нашыя бацькі жывуць далёка, прыехаць і дапамагчы могуць не часта. Таму Леў заўсёды побач, калі я ладжу прэзентацыі, майстар-класы. Аднойчы нават, калі я выступала перад залай з мікрафонам, Леў быў літаральна на мне ў адмысловай пераносцы.
Пра адпачынак і ляноту
— Як любіце адпачываць ад працы?
— Мы вельмі любім вандраваць. Часта нават пад канец дня сядаем і куды-небудзь едзем. Зараз марым з'ездзіць куды-небудзь далей, чым проста за горад, бо Леў ужо падрос.
— Ці бывае такое: трэба нешта рабіць, а вельмі лянуешся?
— У мяне такое бывае вельмі рэдка. Я якраз такі чалавек, якому, каб адчуваць сябе добра, трэба захоўваць працоўны рытм. Таму мой самы нелюбімы час — прамежкі паміж буйнымі праектамі. Нават нашы вандроўкі цягнуцца не больш за чатыры дні, бо на пяты дзень і ў мяне, і ў Юры рукі свярбяць вярнуцца да працы. Напэўна, у мяне гэта ад маці. Яна працуе з зямлёй і ніколі не сядзіць без справы.
Ганна БАГІНО
Фота Юрыя СІДУНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ganna-bagino
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://www.behance.net/tarka
[4] mailto:bahіno@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/ilyustratar
[6] https://zviazda.by/be/tags/volya-kuzmich
[7] https://zviazda.by/be/tags/pashtouki
[8] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta