Учора ў ніжняй палаце беларускага парламента прымалі польскую дэлегацыю. Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, падчас візіту польска-беларускай парламенцкай групы на чале з яе старшынёй, дэпутатам Сейма Рэспублікі Польшча Адамам Андрушкевічам, заявіў аб тым, што да двух мільярдаў долараў мінулагодняга тавараабароту можна дадаць яшчэ адзін.
«У цэлым 2016-ы быў вельмі прадуктыўны, — адзначыў Баляслаў Пірштук. — Па выніках мінулага года, на мой погляд, мы няблага спрацавалі ў эканамічнай сферы. Наш узаемны тавараабарот наблізіўся да двух мільярдаў долараў. Гэта, вядома, добрая лічба. Але наш патэнцыял як з польскага, так і з беларускага боку значна вышэйшы».
Баляслаў Пірштук выказаў задавальненне стварэннем сумесных вытворчасцяў. На тэрыторыі Беларусі з удзелам польскага капіталу іх больш за 350, на польскай тэрыторыі беларускіх дзейнічае 18. «Гэта сведчыць пра нашы рэзервы. Але сальда пакуль не на нашу карысць», — сказаў парламентарый. На яго думку, беларускаму боку трэба больш актыўна працаваць, каб выраўняць гэты баланс, бо «гандлёва-эканамічныя адносіны добрыя, калі ёсць узаемная выгада».
У сваю чаргу Адам Андрушкевіч выказаў задавальненне тымі адносінамі, што склаліся паміж нашымі краінамі, і адзначыў тое, што яны хутка развіваюцца. Польскі парламентарый агучыў спадзяванне на візавыя паслабленні, нагадаў час, калі віз не было, калі супрацоўніцтва развівалася яшчэ больш актыўна. Бязвізавы 5-дзённы рэжым таксама станоўча адбіўся на адносінах нашых краін, падкрэсліў парламентарый.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:рustаvіt@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/balyaslau-pirshtuk
[5] https://zviazda.by/be/tags/adam-andrushkevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[7] https://zviazda.by/be/tags/tavaraabarot