Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч сёння растлумачыў, якім чынам будзе дзейнічаць у Беларусі рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі.
Па словах кіраўніка ведамства, каардынаваць працу сістэмы маніторынгу будзе МУС. Яна аб'яднае камеры і спецыяльныя дэтэктары па ўсёй краіне, тым самым дазволіць павялічыць магчымасці адпаведных структур па забеспячэнні грамадскай бяспекі і аператыўным рэагаванні на рознага роду негатыўныя з'явы. "Мы будзем атрымліваць сігнал аб нейкім здарэнні ў цэнтр і перадаваць яго непасрэдна выканаўцу - напрыклад, у райаддзел МУС, МНС або ў хуткую дапамогу", - заўважыў Ігар Шуневіч.
У ідэале сістэма маніторынгу выглядае наступным чынам: у цэнтральным апараце сканцэнтраваны ўсе дзяжурныя службы органаў, якія забяспечваюць грамадскую бяспеку і жыццядзейнасць людзей. Напрыклад, там знаходзяцца дзяжурныя службы МУС, МНС, Камітэта дзяржбяспекі, хуткай дапамогі. Пры гэтым існуе глабальная сістэма відэаманіторынгу грамадскай бяспекі па ўсёй краіне. Дадзеныя з відэакамер сцякаюцца ў цэнтр, аператары рэгіструюць розныя правапарушэнні, надзвычайныя здарэння і перадаюць у службы на месцах інфармацыю для рэагавання. "Такая сістэма прымяняецца ў многіх краінах, мы ўжо ездзілі і глядзелі, як яна працуе. Безумоўна, гэта эканомія сіл і сродкаў, - заўважыў Ігар Шуневіч. - Але эфектыўнасць, хуткасць рэагавання павялічваецца ў разы".
На пытанне аб тым, калі ў Беларусі можа быць уведзена ў дзеянне рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, міністр адказаць не змог, аднак удакладніў, што на яе распрацоўку і рэалізацыю спатрэбіцца ад двух да трох дет. "Сёння лакальныя сеткі ўжо працуюць, мы не на голым месцы гэтую сістэму будуем. Ужо больш за 7 тыс. аб'ектаў відэакамерамі аснашчаны, нам трэба іх у адну сетку зацыкліць і абсталяваць новымі відэакамерамі тыя аб'екты, якія трэба", - дадаў Ігар Шуневіч.
Пры гэтым, паводле яго слоў, адпадзе неабходнасць у дадатковых супрацоўніках, так як працэс будзе аўтаматызаваны.
Як паведамлялася, перспектывы стварэння ў Беларусі рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі абмяркоўваліся 27 сакавіка ў Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы прыняў прапанову аб тым, што такая сістэма неабходная ў любой цывілізаванай дзяржаве, і даручыў дадаткова прапрацаваць шэраг аспектаў, звязаных з практычнай рэалізацыяй праекта, у тым ліку з выбарам аператара.
БЕЛТА [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[3] http://www.belta.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-shunevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/respublikanskaya-sistema-manitoryngu-gramadskay-byaspeki
[6] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka