...Часам гляджу на людзей пажылога ўзросту, слухаю іх успаміны і думаю: колькі ж ім прыйшлося перажыць! І як было такое вытрымаць?!
Ніна Максімаўна Малькевіч з нашай вёскі, можна сказаць, чалавек звычайны... І незвычайны.
«Бацьку свайго я не памятаю,— расказвае жанчына. — Ён рана памёр з хваробы жывата. Маці пакінуў на хутары з трыма дзецьмі, а ў хуткім часе нарадзілася я, чацвёртая. Цудам выжылі, дзякуючы польскім салдатам. Маці хадзіла ў Грабаў мыць іх бялізну. А там ужо ведалі, што яна — удава, што чацвёра малых, дык назбіраюць кавалачкаў хлеба і аддадуць. А мы, дзеці, толькі гэтага і чакалі: ніколі спаць не клаліся, пакуль маці не прыйдзе. Бывала, позняй ноччу прыбяжыць, часам з ваўкамі сустрэнецца — калені ў кроў пазбівае, а мы тады дзьмухаем, фукаем на тыя раны, каб ёй не балела, каб хутчэй зажылі.
Акрамя гэтай работы — мыцця бялізны, — маці апрацоўвала добры кавалак поля: дзед адмераў пасля смерці бацькі. Садзілі мы бульбу, жыта, проса, сачавіцу. Зямлю аралі валом. І на ім жа ад немцаў уцяклі ў лес.
На пачатку вайны мне трэба было ісці ў школу, а як? І куды? Пасля аблавы, якую немцы ўчынілі на Стрэчанне, не спаленай засталася толькі адна хата — Домны Ефімовіч. У ёй пасля вызвалення Беларусі і сталі вучыць дзяцей. А тады...
Вяртацца на папялішча сэнсу не было. У лесе з жэрдак і сасновых галін дарослыя нарабілі буданоў (курані называліся). Пасярод іх палілі вогнішчы, а калі яны затухалі, на гэтыя месцы клалі яловыя лапкі і самі клаліся спаць.
Пазней ужо сталі капаць зямлянкі, нават з печкамі.
А яшчэ пазней, калі немцаў прагналі, ужо і да хат дайшло. Людзі адно аднаму дапамагалі, будаваліся на хутарах. І зноў жа — толькі жытло, якое агоралі, як выйшаў загад «пачынаць спачатку» — перабірацца ў вёскі.
Вось так і жылі.
У 12 гадоў, пасля вайны, я пайшла ў школу. І, магчыма, скончыла б, але ў цёткі, мамінай сястры, муж захварэў на сухоты, не было каму даглядаць дзяцей. Мяне запрасілі ў нянькі. Тры гады адпрацавала, а пазней якое ўжо навучанне? Пайшла працаваць у калгас. За працадзень тады грошай не давалі, хіба 100 грамаў зерня.
Вырошчвалі, помню, лён і гатовы звозілі ў склад на прасушку.
Потым мы, бабы, дзеўкі, у чатыры гадзіны раніцы беглі туды, каб выбраць найсушэйшы. Мяць яго было лягчэй, і мы вельмі стараліся, бо за гэта ўжо плацілі грошы, а кожная хацела зарабіць».
Успамінае Ніна Максімаўна і асабістае: «Муж мой, нябожчык Якаў, заляцаўся да мяне цэлы год. Потым заявіў, што зарабіў грошай і сабе на касцюм, і мне на сукенку. Можна, значыць, спраўляць вяселле.
Маці такому зяцю вельмі рада была, казала: «Ён стараецца, грошы зарабляе».
І скнарам мой Яша не быў: пасля вяселля яшчэ адну сукенку купіў — у гарошак.
...У сваю хату мы з ім пераехалі праз сем гадоў, бо тады шмат хто будаваўся, і на сям'ю выдзялялася па два кубы лесу на год.
А дзяцей нам дапамагала гадаваць сястра. Яна швачкай была. Шыла дома, на заказ, і побач гулялі малыя: і свае, і нашы пяцёра.
Муж мой працаваў у леспрамгасе, «на піле». Там і падарваў сваё здароўе. У той час вельмі сур'ёзна ставіліся да працы. У калгасе, напрыклад, кожную раніцу даводзілася бегчы на нарад, бо варта спазніцца — і ўсё, застаўся без работы.
...Усяго хапіла за жыццё, — прызнаецца Ніна Максімаўна. — А цяпер і добра ўжо, ды здароўя няма. Адно шчасце: дзеці не забываюць, унукі праведваюць».
І, напэўна ж, ім (нам) трэба ведаць, праз што давялося прайсці папярэднікам. Хоць бы для таго, каб самім не здавацца — адольваць цяжкасці, без якіх, відаць, не бывае жыццёвых шляхоў.
В. М. ЕМЕЛЬЯНОВІЧ, в. Мілевічы, Жыткавіцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhytkavicki-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya