Галоўны прыз — грант на развіццё свайго праекта ў памеры 11 500 рублёў — атрымаў у фінале рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» выкладчык Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Арцём Марозаў. Такім чынам афіцыйны партнёр конкурсу — унітарнае прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыс Беларусь» — заахвоціў ідэю пажарнага ручнога ўніверсальнага камбінаванага ствала «Вікінг».
У фінале конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які прайшоў адразу на дзвюх пляцоўках, — у Нацыянальнай акадэміі навук і тэхнапарку БНТУ — былі прадстаўлены больш як 120 праектаў маладых інаватараў і рацыяналізатараў. А ўвогуле ў 2016 годзе да арганізатараў паступіла больш за дзве тысячы заявак на ўдзел у конкурсе, адбыліся 340 раённых, 6 абласных і мінскі гарадскі этапы конкурсу!
У фінале перад экспертным журы стаяла няпростая задача — вызначыць 10 пераможцаў у асноўных намінацыях. Абарона праектаў праходзіла ў фармаце stаrt-uр цягам усяго дня.
У намінацыі «Энергетыка і энергаэфектыўнасць, атамная энергетыка» перамог праект прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі «Перспектыўная сістэма рэгулявання напружання на аснове штучнага інтэлекту для самалётаў канцэпцыі аll еlесtrіс аіrсrаft».
У намінацыі «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць» лепшым стаў праект «З'еш мяне». У намінацыі «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць» — праект «Новая эканомналегіраваная сталь для зубчастых колаў каробкі перадач аўтатрактарнай тэхнікі».
Маладыя навукоўцы з Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук з даследаваннем генетычных прычын невыношвання цяжарнасці сталі лепшымі ў намінацыі «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка». У гэтай жа намінацыі перамагла і «Пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту». А ў намінацыі «Сацыяльная сфера» перамог праект «Азбука маленькага беларуса».
«Залог паспяховага развіцця Беларусі — у рэалізацыі маладзёжных ідэй і інавацый, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ, які наведаў фінал конкурсу «100 ідэй». — І калі ў нас ёсць такая моладзь, мы можам глядзець у будучыню з аптымізмам».
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/100-idey-dlya-belarusi-0