Што было — было. І, магчыма, якраз у маі? Хлопец з дзеўкай на прыроду паехалі. Месца выбралі — проста цуд! Лес там, рэчачка, а за ёю — луг, прычым зялёны, мурожны... Дзяўчо, убачыўшы яго, не ўтрымалася: разулася і басанож — па кладачцы, па траве... «Адарвалася», карацей, нахадзілася, набегалася, кветак нарвала, — вярнулася назад.
Хлопец тым часам палатку паставіў, рэчы расклаў... Абняў каханую, пасадзіў поплеч. «Стамілася?» — пытаецца і на ножкі яе глядзіць. «Пальчыкі, — кажа, — смешныя: маленькія, крывенькія... Гэта з-за чаго?» — «Не паверыш, — з-за перакананняў». — «З-за якіх такіх?..» — не разумее хлопец. — «Дурных: як убіла ў галаву ў пятым класе, што нашу 35-ы памер, дык дагэтуль не скідаю».
Гераіня верхняга здымка (на яе можна яшчэ раз паглядзець), згадзіцеся, зусім не такая: іншы ўзрост у яе, іншыя «перакананні». Яна, мусіць, таксама нешта «ўбіла ў галаву». А вось што?
У рэдакцыйнай пошце, як заўсёды, многа меркаванняў, многа прапаноў! У прыватнасці, спадар Віктар Сабалеўскі з Узды лічыць, што ў жанчыны
Няма часу на яду,
На прысмакі — грошай,
Аж губляе на хаду
Новыя галёшы.
На работу у калгас
Бегае заўзята...
Для яе спыніўся час
У сямідзясятых.
Тут мала сказаць: «Бывае...». Варта, магчыма, спытаць: «Ці толькі для яе?»
«Небезвядомы Штэпсель, — прыгадвае спадар Мікалай Старых з Гомеля, — некалі скардзіўся на жонку: маўляў, з хаты не выцягнуць — то прыбірае, то гатуе... А Тарапунька яму шчыра зайздросціў, казаў, што дома сваю палову амаль не бачыць: яна ўсё на працы ды на працы».
Акурат такім стаханаўкам і прысвяціў свае радкі шаноўны Мікалай Валянцінавіч:
Неспакойная жанчына
Працавітая Яніна:
Вечна некуды ляціць,
Хоча шмат чаго зрабіць.
Але ж часу ёй няма
Каб... паслухаць салаўя,
З лю́бым выправіцца ў бор,
Дзе... «адпах» яе чабор.
Сумна, крыўдна за жанчыну, у якой, паводле спадара Івана Сіманёнка з Пастаў,
Неўпрыкмет жыццё прайшло
Ў мітусні і гонках.
Ды вярнулася ў сяло
Колісь чэмпіёнка...
Па начах баліць спіна
І сустаў каленны,
Але шлыхае яна
Крокам пераменным!
Лагічныя пытанні: куды — канкрэтна? І чаму ў такім адмысловым абутку?
Лагічныя і адказы — ад спадара Міколы Кісяля з Мінска:
Крочыць Маня-дабрадзейка
Ў чунях бульбачку саджаць:
Зручна — й ногі не пацеюць,
І адлегласць адмяраць...
Ды каб толькі!
Да суседкі баба Феня
Ідзе па бульбу на насенне:
Што не ўлезе ў кошык,
Прынясе ў галёшах.
Гэтую здагадку выказала спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў.
Нямала іх, здагадак-прапаноў, і ў сужэнцаў Івана ды Ніны Астроўскіх з Мінска:
Цётка Маня, як Сусанін,
Куды хочаш завядзе,
Бо яна ў сваім «убранні»
Можа бегаць па вадзе.
А таму —
Хтось улёгся на пасцель
Ды глядзіць навіны...
Цётка ж Маня — за кашэль
І ў журавіны!
А яшчэ яна можа шлыхаць (то-бок крочыць) дамоў. Прычым — зусім не з балота, а наадварот:
Бабка з нашага сяла
Дзень у Мінску прабыла,
У новых «лодачках» хадзіла,
На абцасах пафарсіла...
Толькі туфлі той бабулі
Панацёрлі мазалёў.
Дзякуй родзічам — абулі,
Каб змагла дайсці дамоў.
Атрымліваецца, туфлі на высокіх абцасах і сапраўды рэч — цудоўная: варта прыбрацца, і ўсё: ты — шыкоўная жанчына, варта скінуць — найшчаслівейшы чалавек.
Дзе можна гэта адчуць, прычым па поўнай? Нечаканая здагадка, з таго самага канверта, але ж, трэба разумець, ад спадара Івана Астроўскага?
Шмат газета надрукуе,
Пра Марусіны прыгоды...
Я ж лічу — яна шыбуе
На паказ вясковай моды.
Вы гадайце як заўгодна,
Але ж сёння — у чунях модна!
Трэба разумець, у маі, падчас пасяўных работ, у «адрыве» ад якіх спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны піша:
Сёння пенсія такая,
Што на боты не хапае...
Каб купіць іх, конча трэба
Насадзіць другога хлеба!
А ўжо потым, як лічыць спадар Віктар Сабалеўскі, можна і... заспяваць:
Сама бульбачку садзіла,
Сама буду убіраць...
Каб жа толькі урадзіла,
Каб было мне што прадаць...
Потым — справіць лабутэны
І успомніць маладосць...
А пакуль — хіба на чуні
У кабеты грошы ёсць.
Анекдот у тэму. Дзве жанчыны ранкам сустрэліся. «Я сабе новыя туфлі купіла, паўзарплаты аддала», — кажа адна. — «Авохці мне!» — дзівіцца другая, — што ж гэта за туфлі такія?» — «Ды звычайныя... Гэта зарплата ў мяне такая».
Аднак, на думку спадарыні Лаўрынчук з Брэста, не ў ёй, не ў зарплаце, шчасце, не ў грашах:
Муж у Карпаўны харошы,
Ёй аддаў свае галёшы.
Джэнтльмен, значыць, малайчынка! Ды дзеля такога...
Што дзеля яго — вось такога — могуць зрабіць жанчыны, ведае спадар Мікола Кісель:
Трэба? У поле пойдзе Тома, —
Поўным будзе кошык!
У валёнках — муж ля дома,
А яна — у галёшах.
Як той казаў, сем паноў, двое штаноў; хто раней устаў, той штаны ўзяў.
А вось з якой гэта прычыны? Цікавае пытанне! Спадарыня Валянціна Гудачкова адказвае на яго па-адэску — трыма новымі. Лічыце:
Дзед з бабуляй моцна п'юць?
Ці ўсё ўнукам аддаюць?
Мо ў панчоху сунуць грошы?..
На дваіх адны галёшы.
Але ж могуць быць і іншыя прычыны. Пра адну з іх піша спадар Ягор Жылук з Пухавіччыны: «Каля сямі гадоў (з маіх 22) чытаю сваю любімую «Звязду» і заўсёды шчыра смяюся з рубрыкі «Хто каго?». Натхнёны прыкладам сапраўдных заўзятараў, дасылаю свае радкі:
Тралі-валі, цілі-цілі:
У вясковай нашай краме
Тыдзень зніжак абвясцілі!
Цётка Воля без разбору
Накупляла сабе ўбораў
І фарсіць у агародах,
У галёшах-скараходах.
Бо людзі ж і сапраўды чакаюць распродажаў, — піша спадар Ягор, а калі дачакаюцца, дык купляюць часам усё — нават без прымеркі».
Гэта дрэнна? Ды як сказаць. Паводле сужэнцаў Астроўскіх — не:
Прыкупіла баба Зося,
Што па зніжках дасталося.
І няхай з яе смяюцца,
Яна мае ў што абуцца!
Паводле ж спадарыні Гудачковай — добрага ў гэтым мала:
У вёску — астачу
(Я ў гэта паверу):
У краме абутак
Аднога памеру.
А хто тыя «ночвы»
Цягаці нягож,
Таму застаецца
Хадзіць басанож.
Досыць нечаканы «маршрут» прапануе спадарыня Любоў Чыгрынава:
Як іду на талаку, —
Ледзьве ногі валаку...
А зайграе дзе гармонь,
Усхаплюся, як агонь!
З таго ж канверта цэлая гісторыя:
У суседкі ўнук жыў летам,
Быў пацехаю пры гэтым:
Мераў ногі, мераў рост —
Да бабулі, бач, дарос!
А праз год прывёз Алёша
Бабці новыя галёшы.
Падарыў — вачам не верыць:
«На сябе ж у краме мераў!»
Растуць дзеткі. Дай бог, на радасць.
«Паглядзела на здымак, — піша, прынамсі, спадарыня Гудачкова, — і ўспомніла, як мая цётачка Фядора (светлай памяці!) жаніла трэцяга сына. А меншаму, Юрку, тады гадоў з дзесяць было... Ён таксама на вяселле збіраўся. Новы касцюмчык надзеў, чаравікі... Ну і паехалі — з Турава да чыгункі аўтобусам, потым цягніком да Львова і зноў аўтобусам да мястэчка, дзе нявеста жыла. Суткі ў дарозе... Праўда, хлопчык нідзе не прысеў. І ніводзін камень не прапусціў — кожны трэ было падфутболіць... Факт, што на вяселле прыехалі, на чаравікі глянулі, а яны быццам са сметніцы, а не з крамы. Давялося новыя купляць.
А вырас той Юрка, — працягвае Валянціна Апанасаўна, — і аб'ездзіў увесь Савецкі Саюз, да палкоўніка даслужыўся, розных чаравікаў знасіў — незлічона! Цяпер — на пенсіі, на дачы жыве, у галёшах шчыруе. Вось і атрымліваецца, што яны таксама патрэбныя, бо:
Добра меці боцікі,
Добра меці туфлі —
З моднымі абцасамі,
З рознымі украсамі...
Для сялянскай жа работы
Сама тое — гнаятопы!
Але ж не толькі! «Хоць і не сезон яшчэ, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — але, глянуўшы на здымак, я адразу падумаў, што жанчына ідзе ў лес. Чаму ў такім абутку? Ды зразумела ж:
Мясціны, дзе баравікі,
Не раскрываюць грыбнікі...
Сляды Гануля маскіруе:
Такіх — ніхто «не расшыфруе»...
Больш за тое (на думку спадарыні Галіны Нічыпаровіч з Уздзеншчыны):
Хоць і грошай — кот наплакаў,
Жонцы чуні справіў Якаў.
Будзе лётаць па грыбочкі,
Як на лыжах,
Каб слядочкі,
Калі зблудзіць, —
адшукаць.
І не трэба горла драць.
Зручна — што ні кажы! А таму актуальная ідэя ад сужэнцаў Астроўскіх:
Навукоўцы, прэч дрымоту,
Без адкладу, у гэты год,
Патэнтуйце для работы
Цёткі Мані ўсюдыход!
Што ў ім дрэннага? На думку спадарынь Любові Чыгрынавай і Соф'і Кусянковай, так бы мовіць, віду не мае:
— Вось, прывёз на дачу зяць —
Будзе пудзілам стаяць,
Каб вароны ды дразды
Не тварылі больш бяды,
піша першая. А другая дадае:
Праўду кажа гэта фота:
Баба прэцца на работу...
Трэба соткі скарачаць,
Каб вось так не выглядаць.
Жаночая драма — і сапраўды: азірнуцца не паспела, як перасталі... азірацца.
Але ж, як той казаў, ці варта перажываць, што станік першага памеру, калі туфлі 43-га! Было б у іх куды (і з кім!) выйсці, бо хада, як казаў Гіпакрат, замяняе чалавеку ўсе лекі, і ні адно з іх (тых лекаў) не можа замяніць хады. Хіба што смех? А таму самы час падводзіць вынікі. Такім чынам, паводле шматлікіх меркаванняў чытачоў, найлепшыя радкі да мінулага конкурснага здымка (гл. «Звязда» за 1 красавіка г. г. На ім, нагадаем, быў мужчына, які ў «кампаніі» двух катоў вудзіў рыбу) атрымаліся ў мінчан сужэнцаў Астроўскіх, спадарынь Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, Любові Чыгрынавай з Мінска, у спадароў Івана Сіманёнка з Пастаў, Валерыя Гаўрыша з Чавусаў і Мікалая Старых з Гомеля.
З гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца ў Гомель.
Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску (а зрабіць гэта ніколі не позна), другі — уважліва паглядзець на новы (ніжні) здымак, прыдумаць да яго подпіс (можна — некалькі, але кароткіх (не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Лепшыя прапановы будуць надрукаваныя. Аўтара ж найлепшай — чакае прыз у выглядзе падпіскі. Поспехаў!
Валянціна ДОЎНАР
Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгага конкурснага адбору
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] mailto:dounar@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago