Рэктар гэтай навучальнай установы Аляксандр ЖУК упэўнены: у сёлетнюю прыёмную кампанію іх чакае прыток добра падрыхтаваных і, галоўнае, матываваных абітурыентаў, якія ўжо паспрабавалі сябе ў прафесіі і зрабілі свядомы выбар на карысць педагогікі. «Таму наша задача — не падмануць іх чаканні. Гэта будуць першакурснікі, якія ўжо ўмеюць працаваць самастойна, знаёмыя з даследчыцкай і праектнай дзейнасцю, у якіх ёсць пэўны вопыт арганізатарскай работы з малодшымі школьнікамі, таму нам трэба быць гатовымі прапанаваць будучым першакурснікам — выпускнікам педагагічных класаў — нестандартныя, інавацыйныя і інтэрактыўныя формы работы, — заявіў ён на Савеце ўніверсітэта. — Трэба шырока ўключаць іх, пачынаючы ўжо з першага года вучобы, у работу нашых студэнцкіх навуковых лабараторый, у валанцёрскую, грамадскую дзейнасць і ў дзейнасць, звязаную з арганізацыйна-кіраўніцкімі пытаннямі. Гэта наш патэнцыял».
Падставы для аптымізму
Менш чым праз месяц адбудзецца першы масавы выпуск з профільных педагагічных класаў. Сёння па краіне іх налічваецца ўжо 319. Яны створаны ў 253 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць іх навучэнцаў перавышае 3,5 тысячы чалавек. Першы выпуск з 11-х класаў складзе каля 1,5 тысячы.
Рабіць аптымістычныя прагнозы кіраўніцтву БДПУ дазваляе статыстыка рэгістрацый на ЦТ: толькі ў першыя два дні з моманту адкрыцця рэгістрацыі на ЦТ у БДПУ звярнуліся 900 чалавек, якія пажадалі праходзіць экзамены менавіта ў яго сценах. Як сведчыць практыка папярэдніх гадоў, большасць з тых, хто здае ЦТ у педагагічным універсітэце, затым падаюць свае дакументы менавіта сюды.
— Педагогіка — прафесія не для кожнага, і я ўпэўнены, што настаўнік «пачынаецца» не з педуніверсітэта — «гадаваць» будучых педагогаў трэба яшчэ ў школе. Трэба шукаць дзяцей з педагагічнымі схільнасцямі, з жаданнем вучыць іншых, з лідарскімі задаткамі, з уменнем камунікаваць і выстройваць зносіны з іншымі. Матывацыя да прафесіі — гэта, напэўна, самае важнае, — лічыць Аляксандр Жук. — Менавіта з гэтай мэтай і ствараліся профільныя педагагічныя класы. За імі будучыня, гэта наш падмурак. І калі ў першы год іх дзейнасці некаторыя рэгіёны асцярожна паставіліся да нашай ідэі, то затым усе яе падтрымалі.
Выпрабаванне на прафпрыдатнасць
Як вядома, згодна з новымі Правіламі паступлення ў ВНУ, выпускнікам профільных педагагічных класаў цяпер дадзена права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці па выніках гутаркі.
— Ёсць меркаванне, што гэтай катэгорыі абітурыентаў прадастаўлены занадта вялікія льготы. Маўляў, у педагагічны ўніверсітэт пойдуць усе без разбору, у тым ліку і тыя, хто не можа добра здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Але такія разважанні і апасенні абсалютна пазбаўленыя падстаў, — упэўнены Аляксандр Жук. — Навучэнцы ў педагагічных класах і групах вывучаюць два-тры вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Як правіла, гэта тыя прадметы, настаўнікамі якіх яны плануюць стаць у будучыні. Акрамя таго, старшакласнікі павінны абавязкова засвоіць праграму факультатыву «Увядзенне ў педагагічную прафесію» аб'ёмам 140 вучэбных гадзін за два гады. Па выніках гутаркі змогуць паступаць толькі тыя з выпускнікоў педагагічных класаў, хто мае па ўсіх прадметах у атэстаце адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш як 8 балаў.
Рэктар БДПУ лічыць, што гэта дастаткова жорсткія патрабаванні, паколькі нават у найлепшых ліцэях і гімназіях толькі крыху больш за палову выпускнікоў маюць па профільных прадметах ацэнкі, вышэйшыя за 8 балаў. І, нарэшце, абітурыенты павінны падаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю, зацверджаную педсаветам. А яна выдаецца па выніках створанага адзінаццацікласнікам уласнага партфоліа. Гэта значыць, што школа нясе поўную адказнасць за яе аб'ектыўнасць.
— Мы цудоўна разумеем, што не ўсіх школьных выдатнікаў ці «харашыстаў» можна дапускаць у школу ў якасці педагогаў, — канстатуе Аляксандр Жук. — Менавіта таму і ўзнікла неабходнасць запаўнення партфоліа. Усё ж такі прывілея паступлення без экзаменаў у ВНУ павінна быць чымсьці падмацаваная. І звычайнай характарыстыкі-рэкамендацыі будзе ў гэтым выпадку недастаткова. Вельмі важнае значэнне мае паглыбленне школьніка ў педагагічную прафесію цягам двух апошніх гадоў. Наколькі ў яго гэта атрымалася, члены прыёмнай камісіі даведаюцца з партфоліа. Яно фіксуе ўсе дасягненні навучэнцаў: работу важатымі, памочнікамі класных кіраўнікоў у малодшых класах, валанцёрамі ў аздараўленчых лагерах, удзел у арганізацыі розных школьных мерапрыемстваў і гэтак далей.
Свае сярод сваіх
Дарэчы, у пералік спецыяльнасцяў, на якія выпускнікі педагагічных класаў змогуць паступаць без экзаменаў, увайшлі 38 спецыяльнасцяў не толькі педагагічнага, але і навукова-педагагічнага профілю. У яго складанні ўдзельнічалі ўсе суб'екты вучэбна-навуковага інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, створанага на базе БДПУ.
Аляксандр Жук канстатуе: «Мы разумеем, што частка нашых абітурыентаў можа пайсці на навукова-педагагічныя спецыяльнасці, у першую чаргу звязаныя з матэматыкай і фізікай. Яшчэ пэўная частка зробіць выбар на карысць рэгіянальных універсітэтаў, дзе таксама рыхтуюць кадры для сістэмы адукацыі. Але тым і цікавей... Менавіта ў канкурэнтнай барацьбе праяўляюцца вынікі паспяховай дзейнасці».
Безумоўна, у выйгрышы будзе той, хто ўшчыльную працуе з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Вучні педагагічных класаў — заўсёды чаканыя госці ў БДПУ. Яны пагружаюцца ва ўніверсітэцкае жыццё, становяцца, так бы мовіць, сваімі, прымаючы ўдзел у шматлікіх сумесных мерапрыемствах: гэта і рэспубліканская алімпіяда па педагогіцы, і педагагічныя дэбаты «Школы заўтрашняга дня», спартыўныя спаборніцтвы, навуковыя канферэнцыі, «зорныя паходы», у якіх сёлета ўпершыню разам са студэнтамі ўдзельнічалі і школьнікі.
Зусім нядаўна ў БДПУ адбыўся фінал рэспубліканскага конкурсу «Будучыя педагогі — пра школу будучыні». Ён праводзіўся ў трох намінацыях: «Навукова-даследчы праект» (навуковае паведамленне, артыкул, мадэль); «Мультымедыйны праект» (прэзентацыя, мультфільм, відэаролік, відэафільм, калаж, малюнак) і «Літаратурная творчасць» (вершы, эсэ, нарыс). Свае заяўкі на ўдзел у конкурсе падало каля 300 навучэнцаў педагагічных класаў з розных куткоў краіны. Да ўдзелу ў студэнцкай секцыі конкурсу далучыліся таксама і замежныя ўдзельнікі — студэнты-першакурснікі педагагічных спецыяльнасцяў з Беластоцкага ўніверсітэта (Рэспубліка Польшча), Будапешцкага ўніверсітэта (Венгрыя), Мардоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (г. Саранск, Расійская Федэрацыя) і Уральскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (г. Екацярынбург, Расійская Федэрацыя).
«У творчых работах хлопцаў і дзяўчат мы ўбачылі вобраз той школы, у якой яны хацелі б працаваць педагогамі і ў якую хацелі б прывесці сваіх дзяцей», — падкрэслівае Аляксандр Жук.
Не толькі жаночая прафесія
Дарэчы, у канцы мінулага навучальнага года БДПУ праводзіў рэспубліканскае апытанне навучэнцаў педагагічных класаў. Адказы на пытанне аб прафесійных намерах старшакласнікаў аказаліся аптымістычнымі: траціна апытаных паведамілі, што ўжо вызначыліся з выбарам педагагічнай прафесіі (34%). Але большая частка (56%) яшчэ былі ў роздуме. Праўда, і льгота для выпускнікоў педагагічных класаў была на той час толькі абяцаннем, і дзейнічалі ранейшыя Правілы прыёму. Да канца мая адзінаццацікласнікам зноў прапануюць адказаць на пытанні анкеты, каб даведацца, як змянілася сітуацыя за апошні год.
Цікава, што і прычыны выбару старшакласнікамі навучання ў педагагічных класах згадваліся самыя разнастайныя. Сярод іх дамінаваў матыў, звязаны з жаданнем вывучаць пэўныя прадметы на павышаным узроўні (36%). На другім месцы — матыў, звязаны з гатоўнасцю звязаць сваё жыццё з педагагічнай прафесіяй (24%). Далей ішлі магчымасць паступіць на педагагічную спецыяльнасць без экзаменаў (20%) і рэкамендацыя бацькоў (18%).
Аляксандр Жук канстатуе: тон СМІ ў адносінах да прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі апошнім часам прыкметна змяніўся.
— І ў грамадстве сталі часцей казаць пра высокую місію педагога, пра перавагі настаўніцкай прафесіі: яе стабільнасць і сацыяльную абароненасць, працяглы летні адпачынак, — падкрэслівае ён.
За апошнія два гады ў БДПУ якасна змяніўся склад абітурыентаў. Рэктар прывёў некалькі лічбаў: у 2013 годзе ва ўніверсітэт паступілі ўсяго 32 медалісты, у 2014 годзе — 100, 2015-м — 132, а ў 2016 годзе — ужо 170 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай.
Да таго ж вынікі апошняй прыёмнай кампаніі абвяргаюць стэрэатып пра тое, што прафесія педагога — пераважна жаночая. У БДПУ назіраецца значнае павелічэнне сярод студэнтаў юнакоў. Сярод першакурснікаў узору 2016 года амаль 30 працэнтаў хлопцаў. На гістарычным і фізіка-матэматычным факультэтах іх больш як 40 працэнтаў, а на факультэце фізічнага выхавання хлопцаў больш як 60 працэнтаў ад агульнай колькасці навабранцаў.
Будзь у курсе
Гутарка праводзіцца ў вуснай форме. Заданні (пытанні) для яе правядзення складае камісія ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію. Х—ХІ класы».
Абітурыент, які праходзіць гутарку, удзельнічае ў конкурсе, які па рашэнні прыёмнай камісіі ўстановы вышэйшай адукацыі можа праводзіцца па факультэце, групе факультэтаў, спецыяльнасці, групе спецыяльнасцяў. Рашэнне аб яе праходжанні або непраходжанні прымаецца большасцю галасоў членаў камісіі. Калі абітурыент не згодны з вынікам гутаркі, ён можа падаць апеляцыю на імя старшыні камісіі ў дзень яе правядзення. Апеляцыя падлягае разгляду ў дзень яе падачы.
Калі раптам складзецца конкурсная сітуацыя, у гэтым выпадку ў Парадку прыёму агавораны парадак, якім чынам адбываецца залічэнне. Ёсць пэўны пералік, хто залічваецца ў першую чаргу, хто — у другую і гэтак далей. Логіка ўступнай кампаніі выбудаваная наступным чынам: выпускнікі педагагічных класаў, якія маюць права паступаць без экзаменаў, праходзяць гутарку ў тэрміны падачы дакументаў. І калі іх спроба раптам акажацца няўдалай, яны яшчэ паспеюць падаць свае сертыфікаты ЦТ і паступаць на агульных падставах. Правядзенне гутаркі завяршаецца не пазней чым за два дні да завяршэння тэрміну падачы дакументаў у прыёмныя камісіі для ўдзелу ў конкурсе на бюджэтныя месцы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdpu
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zhuk
[7] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kampaniya
[8] https://zviazda.by/be/tags/pedagagichnyya-klasy
[9] https://zviazda.by/be/tags/partfolia
[10] https://zviazda.by/be/tags/buduchyya-pedagogi
[11] https://zviazda.by/be/tags/shkola-buduchyni