Практыку работы складаных падлеткаў у студатрадах трэба падтрымліваць і развіваць. Пра гэта заявіў Васіль ЖАРКО, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, падчас пасяджэння Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Беларусі.
Падчас пасяджэння разглядаліся пытанні аб прафілактычнай рабоце з навучэнцамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама вопыт работы ў студэнцкіх атрадах з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў Камісіі. «Колькасць правапарушэнняў, здзейсненых непаўналетнімі, па выніках чатырох месяцаў у бягучым годзе знізілася на 15% у параўнанні з мінулым годам — з 711 да 599. Амаль палова з гэтых злачынстваў здзейснена навучэнцамі ліцэяў і каледжаў. У асноўным імі ўчыняюцца крадзяжы — 40%, хуліганствы — 19% і незаконны абарот наркотыкаў — 8,6%», — паведаміў віцэ-прэм'ер. Для выпраўлення сітуацыі, лічыць Васіль Жарко, трэба задзейнічаць усе рэзервы — сям'ю, педагогаў, разумна выбудаваць індывідуальную работу з навучэнцамі, неабходна ацаніць эфектыўнасць работы сацыяльна-педагагічных, псіхалагічных службаў устаноў адукацыі.
Аднак і ў гэтай сферы існуюць пэўныя хібы. Часам пад выглядам студэнцкіх атрадаў афармляюцца індывідуальнае працаўладкаванне навучэнцаў, часовая працоўная занятасць, арганізаваная за кошт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. «Па звестках Генеральнай пракуратуры, толькі ў мінулым годзе ў горадзе Мінску было выяўлена 40 фармальных студэнцкіх атрадаў колькасцю каля 1000 чалавек. Мінадукацыі неабходна забяспечыць больш жорсткі і дзейсны кантроль такіх пытанняў», — падсумаваў Васіль Жарко.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] mailto:pustavit@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/vasil-zharko
[6] https://zviazda.by/be/tags/studatrady
[7] https://zviazda.by/be/tags/skladanyya-padletki