Дзеянні разгорнуцца на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў вёсцы Вязынка ў Маладзечанскім раёне 20 мая. Пачатак у 12.00.
У гэтым годзе акцыя прымеркаваная да 135-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Яе ўдзельнікамі стануць кіраўнікі, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта. У якасці гасцей запрошаны дэканы гуманітарных факультэтаў БДУ, а таксама курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
У праграму ўключаны экскурсія ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і ўскладанне кветак да помніка вялікаму паэту. Затым ўсе збяруцца на сімвалічнай гары Парнас.Тут стартуе спартыўна-забаўляльнае свята. Дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда сустрэнецца на футбольным полі са студэнтамі БДУ. Усіх удзельнікаў чакаюць таксама спартыўнае арыентаванне, анімацыйнае прадстаўленне, выкананне вершаў і песень у вогнішча і многае іншае.
Традыцыя правядзення злётаў на радзіме Янкі Купалы была заснаваная студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ. Упершыню акцыя прайшла ў 1976 годзе. Удзельнік першай “Вязынкі”, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Уладзімір Кароткі ўспамінае: "Выезд ў Вязынку арганізоўваўся вельмі ўрачыста. Ад факультэта да чыгуначнага вакзала праводзілася шэсце са сцягамі і транспарантамі, у электрычцы філолагі займалі некалькі вагонаў. Дарога да купалаўскай радзімы напаўняліся звонкімі студэнцкіімі галасамі: песні, жарты, вясёлы смех. Праграма ў Вязынцы спалучала афіцыйную частку, калі ўскладаліся кветкі да помніка Песняру, чыталіся вершы самога Янкі Купалы, і конкурсную: інсцэніроўку песень, чытанне вершаў, пастаноўку сцэнак, прадстаўленне насценгазет будаўнічых атрадаў, разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы “.
Акцыя адрадзілася ў пачатку XXI стагоддзя і паступова набыла статус агульнауніверсітэцкай.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/student
[3] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[4] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyazynka-2017