Мерапрыемства скіравана на папулярызацыю беларускай мовы і літаратуры. Удзельнікамі акцыі стануць 150 вучняў малодшых класаў з пяці школ. Месца правядзення — унутраны дворык універсітэта (вул. Бабруйская, 5а). Пачатак у 12.00.
На свята запрошаны тэлевядучы Юрый Жыгамонт і беларускія пісьменнікі Алена Масла, Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі і Наталля Бучынская.
Гасцей свята чакае шмат сюрпрызаў. Адным з яркіх момантаў стане тэатралізаванае дзейства скульптур, што “ажылі”, размешчаных на тэрыторыі ўнутранага дворыку БДУ. Тут школьнікі сустрэнуцца з выдатнымі асветнікамі і пісьменнікамі Беларусі Сымонам Будным і Васілём Цяпінскім, Міколай Гусоўскім і Францыскам Скарынам, Еўфрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім.
Кожны з герояў прапануе школьнікам прайсці квэст, які ўключае разгадку рэбуса, віктарыну, гульню “Кракадзіл” і іншыя інтэлектуальныя выпрабаванні. Акрамя таго, навучэнцы публічна прачытаюць любімыя радкі з літаратурных твораў на беларускай мове. Лепшага дэкламатара чакае прыз.
Пасля літаратурнага батла адбудзецца канцэрт пад адкрытым небам. Члены творчага саюза БДУ, таленавітыя вакалісты Дзмітрый Нікановіч і Мікіта Найдзёнаў спецыяльна да гэтай падзеі падрыхтавалі эстрадныя нумары.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне па справах культуры БДУ і кампанія Velсom.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/chytaem-pa-belarusku-z-velcom