У мінулыя выхадныя ў Мазыры на акцыю пратэсту выйшлі мясцовыя рыбакі. Прычына такая: аматары рыбнай лоўлі не жадаюць, каб адрэзак ракі Прыпяць працягласцю ў 91 кіламетр і прылеглыя вадаёмы плошчай 302 гектары здавалі ў арэнду. Наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, у чым заключаюцца прычыны канфлікту.
Цана пытання
— Усё пачалося ў красавіку, калі ў раённай газеце з'явілася аб'ява аб магчымай арэндзе ўчастка Прыпяці, — успамінае адміністратар суполкі «Супраць арэнды Прыпяці» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» Генадзь САМУЙЛІК. — Чытачы адразу пачалі абурацца ў каментарыях: «Як так можна?», «Навошта гэта рабіць?» Сам я даведаўся, калі людзі пачалі тэлефанаваць.
Па словах Генадзя, рашэнне аб'ядноўвацца, каб змагацца супраць падобнай ініцыятывы, прыйшло адразу. Цяпер суполка ў сацыяльнай сетцы налічвае больш за 1700 чалавек, а петыцыю супраць арэнды падпісалі ўжо 5200 чалавек. Больш за тое, сёння любы можа набыць наклейку на аўтамабіль з надпісам «Супраць арэнды ракі Прыпяць». Мяркуючы па колькасці фотаздымкаў у інтэрнэце, ахвотнікаў нямала.
Чаму ж рыбалоўная супольнасць Мазырскага раёна выступае супраць магчымага арандатара? На думку мясцовага рыбака Дзмітрыя БАГАЧОВА, прамысловае рыбалоўства не мае эканамічнага абгрунтавання і шкодзіць экалагічнаму стану вадаёма. Акрамя таго, платнае аматарскае рыбалоўства, па словах суразмоўніка, атрымліваецца неапраўдана дарагім. У прыклад Дзмітрый прывёў такія кошты: «За самы танны варыянт — 18 рублёў у дзень з берага, 40 рублёў — з лодкі, інтэнсіўная лоўля — 70 рублёў».
— Вельмі высокі цэннік для рыбаловаў-аматараў і смецце на берагах. Нічога не зроблена — адбываецца толькі промыславы ўлоў, — лічыць Генадзь Самуйлік.
Аднак мы даведаліся пра цэны на адным з участкаў, напрыклад, у Петрыкаўскім раёне: кошт рыбалкі з берага да 5 кручкоў складае 10 рублёў, а на 1 кручок — бясплатна. Кошт рыбалкі з лодкі да 10 кручкоў — 17 рублёў 50 капеек, у такую ж суму ацэньваецца і інтэнсіўная лоўля. Абанемент для прыезджых трохі даражэйшы, чым абанемент для мясцовых рыбакоў.
«Мы прапанавалі выканкаму адкрыць разліковы рахунак, на які кожны рыбак будзе пераводзіць пэўную суму — напрыклад, адну базавую велічыню ў год, — расказаў Генадзь. — Думаю, што сабралася б шмат рыбакоў, якія гатовы заплаціць». На думку актывіста, грашовыя сродкі можна было б пусціць на прыборку смецця і акультурванне, а рака такім чынам атрымала б сумленнага арандатара — народ. Але ўлады не падтрымалі гэтую прапанову, спаслаўшыся на адсутнасць заканадаўчай базы. Дарэчы, актывісты прыходзілі на сустрэчы з уладамі, аднак, па іх словах, ніякага выніку яны не далі.
— Што будзе, калі гэтую частку ракі перададуць арандатару? Мы на гэтым не спынімся. Мы супраць прамысловай лоўлі і выступаем за адэкватны кошт, — падкрэслівае Генадзь. — Мы разумеем, што на рацэ нічога зроблена не будзе. Адразу пачнуць выбіваць рыбу.
— Гэта не будзе пройгрыш. Мы будзем змагацца да канца, — дадае Дзмітрый.
Для месцічаў — бясплатна
У Мазырскім раённым выканаўчым камітэце гэтым пытаннем займаецца кіраўнік справамі райвыканкама Вераніка БАЙКОВА. Яе мы і папрасілі пракаментаваць прэтэнзіі рыбакоў.
— Па-першае, гэта агульнарэспубліканская практыка, і мы не адзіны раён, які вырашыў здаць частку ракі ў арэнду, — адзначыла спецыяліст. — Акрамя таго, рашэнне аб здачы ў арэнду прымалася Гомельскім аблвыканкамам. У паўнамоцтвы нашага ведамства ўваходзіць толькі правядзенне таргоў, а дагавор заключаецца ў Гомелі.
Асобна кіраўнік справамі выканкама абвясціла: для жыхароў Мазырскага раёна і горада Мазыра аматарскае рыбалоўства будзе бясплатным. «Больш за тое, адрэзак ракі, які ў межах Мазыра — а гэта каля 13 кіламетраў, — увогуле не будзе здавацца ў арэнду. Рыбакі як сядзелі на беразе, так і будуць сядзець, — сказала яна. — Людзі таксама выказваюць боязь, што ім забароняць наведваць месцы для адпачынку. Падкрэсліваю: ні арандатар, ні хто-небудзь іншы не мае права абмяжоўваць доступ людзей для адпачынку, гаворка ідзе аб здачы ў арэнду толькі рыбалоўных угоддзяў».
Арандатар будзе займацца не толькі прамысловым уловам, але і доглядам самой ракі і берагавых участкаў, забеспячэннем аховы рыбных запасаў ад браканьераў і многім іншым, запэўніваюць у райвыканкаме. «Пры сустрэчах з людзьмі мы тлумачылі: калі вы не давяраеце, то можаце арганізаваць актыў і ўдзельнічаць, дапамагаць», — дадала Вераніка Байкова.
Заяўку на ўдзел у аўкцыёне аб арэндзе трэба было падаць да 16 мая ўключна. У выніку ўсе ўмовы пры падачы дакументаў выканала толькі адна арганізацыя — мазырскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Аўкцыён адбыўся ўчора, 22 мая. Вераніка Байкова падкрэсліла, што калі арандатар будзе парушаць умовы пагаднення, то за гэтым можа адбыцца скасаванне дагавора.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lukashevich@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/rybaki
[5] https://zviazda.by/be/tags/prypyac
[6] https://zviazda.by/be/tags/arenda
[7] https://zviazda.by/be/tags/kanflikt