«Смачна есці!» — кажа маці, і сняданак падаецца ў разы смачнейшым. «Смачнага сну!» — кажуць бацькі, і сняцца табе каляровыя і прыгожыя сны. А ёсць яшчэ такія рэдкія кнігі, перад якімі так і просяцца словы: «Смачнага чытання!» Менавіта такая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» — «Смачная кніга», аўтарка якой — паэтэса Аксана Спрынчан. Гэта прыгожая кніга вершаў, кожны з якіх звязаны са смачнай тэматыкай на любы густ — як пра стравы беларускай кухні, дранікі і верашчаку, так і вершыкі пра ласункі — шакаладкі, мармелад, марозіва… Усё тое, што любяць амаль усе дзеці, дый іх бацькі: «Смачна есці шакаладку разам з мамай, разам з таткам».
Чытаючы гэтую кнігу, дзеці даведаюцца яшчэ і пра тое, што любяць іх малыя сябры — хамякі і вожыкі, рысі і вавёркі, жабкі, бабры і выдры, нават тукан і тыгр. А яшчэ пра тое, што расце ў гародзе. У раздзеле «Агародная хованка» аўтар вельмі ўдала, скарыстаўшы гульнявую форму, знаёміць малых чытачоў з (в)ядомымі дарамі: «Хавае ў кветках бульба, каб не знайшла нас Люба. А там, дзе памідоры, ёсць хованка ад Доры...».
Малым дзеткам прыйдзецца даспадобы мілы вершык пра баговак: «Баговачкі, баговачкі, крылатыя каровачкі, збірайцеся ў чародку, нясіце нам пагодку…». А чытаючы верш пра гарбату з мялісай, пэўна, захочацца пайсці на кухню і заварыць той самай духмянай гарбаты.
Зрэшты, усе вершы ў кнізе знітаваныя са смакатою, і з вялікай верагоднасцю яны выклічуць у малых чытачоў жаданне папрасіць у бацькоў смачны суп-булён, галубцы ці дранікі. А можа, яны й самі возьмуцца дапамагчы бацькам у гэтым. Бо немагчыма ўтрымацца, калі «мама — беларуска, запякае смачна гуску. Колькі не насоліць сала — смакаты такой замала».
Сямейным стасункам надаецца асобная ўвага, і не толькі любові да маці. Пакуль маці гатуе, тата займаецца з дзецьмі: «У мяне дзівосны тата — ён заўжды стварае свята. Нават калі вучыць вершы, іх чытаю яму першы». Дзеці, у сем’ях якіх адчуваецца любоў і клопат, растуць добрымі і шчаслівымі, як вясёлыя анёлкі: «Наша любая дачушка нашаптала нам на вушка столькі слоў пяшчоты й ласкі, што ў душы квітнеюць краскі».
Прыемна, што кніга адметная не толькі зместам, але і афармленнем. Кожны верш, нават рыфмаваную гісторыю суправаджаюць прыгожыя ілюстрацыі. Гэтае хараство стварыла мастачка Вольга Максімовіч. А напрыканцы кнігі юных чытачоў і іх бацькоў чакаюць не толькі «смачныя вершы», але і «смачныя загадкі». Вядома ж, на кулінарную тэматыку.
Пасля прачытання кнігі насамрэч так і хочацца ўсёй сям’ёй пасядзець пры гарбатцы з торцікам. А чытачам, якім пашчаслівіць разгарнуць яе старонкі, толькі і застаецца пажадаць: «Смачнага чытання!»
Алег ГРУШЭЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aleg-grushecki
[2] https://zviazda.by/be/tags/aksana-sprynchan
[3] https://zviazda.by/be/tags/knigi