Парушальніка, які займаўся незаконным рыбалоўствам, затрымалі на Светлагорскім вадасховішчы. Бралі яго ў тым ліку і байцы АМАПа, бо гэты персанаж меў багатую крымінальную біяграфію...
50-гадовы мужчына, грамадзянін Расіі, што пражываў на тэрыторыі Беларусі, у мінулым неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за розныя злачынствы — рабаванне, крадзеж, забойства. За што летась быў дэпартаваны і ўезд у нашу краіну яму быў забаронены на тры гады. Аднак грамадзянін тайком вярнуўся і асталяваўся на адным з астравоў Светлагорскага вадасховішча. Была інфармацыя, што ён лавіў рыбу сеткамі, апроч таго, абзавёўся абрэзам.
— На затрыманне выехалі 11 дзяржінспектараў са Светлагорска і тры супрацоўнікі гомельскага АМАПа. Раздзяліўшыся на групы, яны патрулявалі вадаём двое сутак. Падазраванага затрымалі, калі ён накіроўваўся ў бліжэйшую вёску са сваім незаконным уловам, здабытым пры дапамозе сетак і восцяў. Незаконныя прылады лоўлі потым знайшлі на востраве, як і зараджаны абрэз, — расказалі ў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. — Мужчыну пагражае адказнасць адразу па трох крымінальных артыкулах — за незаконнае рыбалоўства, незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і нелегальнае перасячэнне граніцы Беларусі.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/svetlagorski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[7] https://zviazda.by/be/tags/brakanerstva