Арцёму Стоцкаму ўсяго 26 гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён працаваў інжынерам-механікам у Наваполацку, паралельна вучыўся ў магістратуры. І, як і большасць маладых людзей, будаваў грандыёзныя планы на будучыню: марыў пра паспяховую кар'еру, уласны дом, дружную сям'ю... Але два гады таму здарылася няшчасце, у галаве Арцёма знайшлі вялікую пухліну. І хоць яна была дабраякасная, прагнозы ўрачы рабілі не надта радасныя. На шчасце, пухліну ўдалося выдаліць. Але хлопец страціў зрок. Спачатку было вельмі складана прыняць гэтае выпрабаванне не толькі яму, але і яго маці. «Я дні і ночы плакала ў падушку. Пытанне «чаму гэта здарылася менавіта з намі?» не давала спакою. Але аднаго дня сын падышоў да мяне і сказаў: «Мама, хопіць плакаць, так мы далёка не прасунемся».
«Месяцаў шэсць я змагаўся з гэтымі трубачкамі»
Пасля аперацыі Арцём пераехаў жыць да бацькоў у віцебскую двухпакаёўку. У кватэры хлопец арыентуецца вельмі добра. Калі б я не ведала, то адразу і не зразумела б, што ён нічога не бачыць. Больш за тое, міміка ў Арцёма цудоўна развітая, пры размове ён глядзіць у вочы, пастаянна усміхаецца, жартуе.
Ва ўсіх пакоях прыцягваюць увагу вырабы з папяровай лазы. Чаго тут толькі няма: і вытанчаныя цукерніцы, і кошыкі для цацак ды бялізны, шкатулкі для біжутэрыі, падносы, хлебніцы самых розных памераў і формаў... Усё зроблена надзвычай акуратна. На кожным вырабе вісіць паперка з нейкім натхняльным надпісам: «Не чакайце цуду, стварайце яго самі», «Свет належыць таму, хто яму рады...»
Звярнула ўвагу, што многія плеценыя рэчы з густам аздоблены рознакаляровымі стужкамі ды пацеркамі.
— Адчуваецца жаночая рука...
— Так, за дэкор у нас адказвае мама, — пацвярджае маю здагадку Арцём.
— У нашым тандэме сын — гэта рукі, а я — вочы, — усміхаецца Вольга Мікалаеўна. — Мая задача пафарбаваць трубачкі, якія Арцём скруціў, у розныя колеры. І раскласці іх па спецыяльна адведзеных месцах. Бачыце, зверху ляжаць карычневыя, з левага боку — блакітныя, а ўнізе — жоўтыя.
Арцём не хавае, што тое, чаго ён дасягнуў, у вялікай ступені заслуга маці і айчыма.
— Мама адразу ж пайшла з працы, каб дапамагчы мне аднавіцца пасля аперацыі. А Мікалай падтрымлівае нас маральна і матэрыяльна. Без яго мы дакладна не справіліся б.
— Пасля аперацыі правая частка цела ў Арцёма была паралізаваная. Каб распрацоўваць пальцы рук, купілі гітару і пачалі вучыцца на ёй іграць. Паралельна я шукала ў інтэрнэце, што б яшчэ можна было рабіць рукамі. Знайшла пляценне з лазы. Арцём загарэўся. Ужо вырашылі, што на лецішчы лазу пасадзім, як зусім выпадкова выскачыла спасылка на вырабы з папяровай лазы. Такія неймаверныя рэчы робяць людзі! Нават спачатку цяжка паверыць, што яны сплеценыя са звычайнай паперы. Мы таксама вырашылі паспрабаваць.
— Летась, вясной, паехалі на лецішча і пачалі вучыцца круціць трубачкі, — працягвае Арцём. — Гэта толькі на першы погляд падаецца, што ўсё проста. Памятаю, гадзіна прайшла, са ста трубачак толькі 20 было нармальных, а ўсе астатнія то танчэйшыя, то таўсцейшыя, то не так скручаны, то не так склеены.
— Сапраўды, пачынаць было няпроста. Першыя вырабы атрымліваліся не вельмі якаснымі. Але Арцём не здаваўся. Месяцаў шэсць змагаўся з гэтымі трубачкамі. Але, калі пачало атрымлівацца, ужо стала цікава.
— Маме вельмі ўдзячны за цярпенне. Каб я асвоіў нейкі новы спосаб пляцення, яна мала таго, што павінна была сама навучыцца плесці, дык яшчэ і тлумачыла мне ўсё на словах.
— Малайчына. Аптыміст, канешне, ён у нас. Не шукае лёгкіх шляхоў. Вось гэтыя незвычайныя формы (паказвае) ён сам прыдумаў. Я нават так і не ўмею рабіць.
«Бяда нас вельмі зблізіла»
Арцём, актыўны чалавек па натуры, не хацеў сядзець у чатырох сценах. Таму практычна адразу пасля таго, як зноў пачаў хадзіць, папрасіў адвесці яго ў цэнтр рэабілітацыі інвалідаў па зроку.
— Гэта першае месца, куды мы выйшлі ў людзі. Там яго зусім бясплатна навучылі арыентавацца ў прасторы пры дапамозе белага кійка і GPS-навігацыі, карыстацца праграмай з агучкай у інтэрнэце (Арцём стварыў ва УКантакце суполку [3], дзе выстаўляе здымкі сваіх вырабаў).
Потым, зусім выпадкова, лёс звёў з Вольгай Анатолеўнай Дазорцавай, якая працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама. Менавіта ад яе мы і даведаліся пра магчымасць атрымаць бязвыплатную субсідыю для развіцця сваёй справы. У снежні пачалі пісаць бізнес-план, потым абаранялі свае работы перад камісіяй. Столькі было радасці, калі атрымалі афіцыйны статус рамесніка і каля дзвюх тысяч рублёў. За гэтыя грошы мы цалкам абсталявалі працоўнае месца Арцёму, набылі неабходныя інструменты, матэрыялы...
— Гляджу я на вас і радуюся, паміж вамі пануе такое ўзаемаразуменне. Да таго, як Арцём страціў зрок, адносіны былі такімі ж блізкімі?
— Я яго гадавала адна з двух з паловай гадоў. Таму, калі вучыўся ў школе, быў мамчыным сынком.
— Калі падрос, мне, як, думаю, большасці маладых людзей, захацелася свабоды. Я нават паступаў у Полацкі ўніверсітэт, каб адарвацца ад дому, быць незалежным. Вось ты такі малады і запатрабаваны, а пасля аперацыі расплюшчваеш вочы і... нічога не бачыш. Хочаш падняцца, а не можаш... І табе дапамагаюць блізкія людзі. Пераацэнка адбываецца глабальная. Пачынаеш даражыць тым, што маеш. Вельмі зблізіла нас з мамай гэта бяда.
— Восьмага сакавіка сын пайшоў сабаку выгульваць. Вяртаецца неўзабаве з букетам кветак. Кажа: «Мама, са святам цябе». Я нават праслязілася ад шчасця. Гэта быў першы раз, калі Арцём пасля аперацыі адзін схадзіў у краму. Я радуюся кожнай перамозе сына. Але разам з тым і хвалююся вельмі. Далёка ад дома страшна аднаго адпускаць. А ён рвецца, кажа: «Я пайду асвойваць новы маршрут». Арцём выходзіць з кватэры, а я непрыкметна следам. Ён адчувае. Азіраецца, просіць, каб ішла дадому.
— А сабакам-павадыром не думалі абзавесціся?
— Ён каштуе дорага, дзесьці 20 тысяч долараў.
— Як я жартаваў, за гэтыя грошы можна каму-небудзь кватэру падарыць, і ён цябе вадзіць будзе, — дадае хлопец.
— Арцём, а са сваімі старымі сябрамі падтрымліваеш стасункі?
— Практычна ўсе хлопцы, з якімі ён сябраваў, з'яўляюцца тут. Выходзяць разам гуляць на вуліцу, — далучаецца да размовы Мікалай. — Наташа прыходзіць, дзяўчына, з якой яны сябруюць ужо даўно.
— Ці будзе сябраваць з намі чалавек, залежыць толькі ад нашых учынкаў. Калі будуць нейкія дрэнныя ўчынкі ў адносінах да яго, то і сяброўства не будзе. У цэнтры рэабілітацыі я пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі. Найбольш цесна сябруем з Дзімам Халадовічам, ён толькі на некалькі гадоў старэйшы за мяне. Хлопец практычна нічога не бачыць, але тым не менш вядзе актыўны лад жыцця: выкладае ў цэнтры рэабілітацыі, адзін вандруе па свеце. Ён вельмі стымулюе мяне сваім прыкладам.
«Той, хто хоча жыць, шукае магчымасці, а не адгаворкі»
— Што можаш параіць людзям, якія апынуліся ў такой сітуацыі, як ты?
— Мне вельмі падабаецца фраза «калі не можаш змяніць сітуацыю, змяні стаўленне да яе». Усё залежыць ад нашага жадання. Той, хто хоча, шукае магчымасці. Хто не хоча — адгаворкі. Тое ж самае і з хваробай. Некага цяжкасці могуць зламаць. А нехта дзякуючы ім становіцца мацнейшы. Вось Нік Вуйчыч, напрыклад, не мае ні рук і ні ног, але тым не менш жыве на поўную, у яго ёсць жонка, дзеці. Ён ездзіць па свеце са сваімі лекцыямі, натхняе іншых сваім прыкладам. Я з задавальненнем слухаю яго кнігі, шмат чаму вучуся, Нік дапамагае не сумнявацца ў сваіх сілах. Вось толькі адна сітуацыя. У якасці падарунка жанчынам на 8 Сакавіка прафсаюзная арганізацыя з мамінай былой працы вырашыла заказаць у мяне цукерніцы, ажно 14 штук. Калі мама мне пра гэта сказала, гатовых было толькі чатыры.
— Я пачала хвалявацца, што не паспеем справіцца, бо заставалася ўсяго некалькі дзён, думала нават адмовіць. Прыйшла дадому, а Арцём кажа: «Тэлефануй, скажы, што паспеем». Цэлыя суткі напралёт сядзеў, плёў, але паспеў. Гэта быў яго першы такі вялікі заказ і заробак.
— Самую ж галоўную плату атрымаў літаральна за дзве гадзіны да вашага прыходу. Прыйшла смска ад жанчыны, якая заказала хлебніцу і невялічкі кошык для цыбулі: «Дзякуй вам вялікі за вашу работу. Усё вельмі спадабалася. Поспехаў ва ўсіх вашых пачынаннях». Мне вельмі прыемна, што людзям падабаюцца мае вырабы. Хачу быць карысным іншым, дарыць радасць.
— Ты так заўсёды думаў, ці толькі цяпер сталі такія думкі з'яўляцца?
— Да хваробы былі іншыя думкі. Як бы зарабіць грошай пабольш. Эгаістам быў у гэтым плане. А цяпер усё памянялася. Там, пэўна, пакруцілі штосьці падчас аперацыі ў мозгу.
Арцём прызнаўся, што па-ранейшаму марыць пра дружную сям'ю, дзяцей. Але перш, чым рабіць каханай прапанову, хоча рэалізавацца, цвёрда стаць на ногі. Каб не сядзець ні ў кога на шыі, а самому забяспечваць сям'ю.
Пасля размовы мы разам пайшлі выгульваць сабаку Ніку. Па дарозе хлопец паказаў, як асвойвае навігатар. Пастаянна жартаваў, расказваў анекдоты.
Арцём з аптымізмам стараецца глядзець наперад. Цяпер актыўна рыхтуецца да «Славянскага базару». Гэта першы кірмаш у жыцці маладога рамесніка, таму крыху хвалюецца. «Я нават ужо прадумаў сабе вобраз. Капялюш сплёў, неўзабаве прымуся за лапці. Хочацца, каб людзі глядзелі на мяне ды мае вырабы і радаваліся. Ведаеш, пасля аперацыі я зразумеў, што трэба жыць «тут і цяпер». Па максімуму старацца рэалізоўваць сябе сёння. Мінулае ўжо было, будучыні яшчэ няма. Ніколі не ведаеш, які дзень стане для цябе апошнім. Калі сядзіш у чатырох сценах без справы, то дурныя думкі ў галаву лезуць. Таму ў любога чалавека павінна быць нейкая мэта.
Планы ў хлопца, вядома, змяніліся пасля аперацыі. Але яны не менш грандыёзныя.
— Калі я не мог хадзіць, мне параілі наняць масажыста, каб распрацаваць правую частку цела. Шчыра, я не думаў, што масаж мне дапаможа, але, як бачыце, цалкам аднавіўся. Хапіла двух курсаў. Жанчына, якая робіць мне масаж, неяк спыталася, ці не хачу я таксама асвоіць масажныя тэхнікі. Маўляў, невідушчыя спецыялісты цэняцца ў свеце, бо ў іх высокая адчувальнасць рук. Я загарэўся гэтай ідэяй. Масаж жа — гэта таксама дапамога людзям. Вось зараз кручу трубачкі і паралельна слухаю аўдыякнігу — паўтараю школьныя тэрміны па біялогіі. У таварыстве інвалідаў па зроку падказалі, што ў Гродне знаходзіцца вучылішча, дзе вучаць на масажыста. Там ёсць група, адзіная ў Беларусі, для людзей, у якіх праблемы са зрокам. Мне трэба будзе здаваць два экзамены: па біялогіі і мове. У жніўні паедзем з мамай на падрыхтоўчыя курсы.
На развітанне я запыталася ў Арцёма, ці верыць ён у цуды. «Мой сябар Дзіма сказаў, што ў Ізраілі робяць аперацыю па нарошчванні сятчаткі. Але гэта вельмі дорага каштуе. Тым не менш я не губляю надзеі. Калі слухаў аўдыякнігу пра архімандрыта, там вельмі шмат гісторый невытлумачальных, цудадзейных. Верыць ці не, кожны вырашае сам.
Я веру. Але пры гэтым не чакаю цуду склаўшы рукі, а «цуджу» сам».
Анекдот ад Арцёма
У адной сям'і нарадзіліся хлопчыкі-блізняты. Ах і Ох. Ах быў весялун, а Ох, наадварот, пастаянна быў усім незадаволены. І вось ім спаўняецца па пяць гадоў. Бацькі вырашылі выпрабаваць стойкасць іх характараў. Ноччу, напярэдадні дня нараджэння, яны паклалі пад ложак песіміста прыгожага драўлянага коніка, а аптымісту паставілі гаршчок, даверху напоўнены конскім гноем. Раніцай Ох зазірае пад ложак, дастае цацку і кажа: «Ох, конік... Ён жа драўляны, а я хацеў жывога...» Аптыміст дастае з-пад ложка гаршчок і радасна кажа: «Ах! А ў мяне жывы! Толькі выйшаў пагуляць!»
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Мінск-Віцебск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://vk.com/as.hand.made
[4] mailto:nаdzіеjа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta