Кабінет дырэктара сталічнай гімназіі №23 з беларускай мовай навучання напоўнены водарам півоняў. Дома трымаць жывыя кветкі Ірына ПАСЮКЕВІЧ не можа, бо іх тут жа... з'ядае кот. Таму не дзіўна, што яе кабінет нагадвае аранжарэю. Побач з высакароднымі архідэямі ды іншымі экзатычнымі кветкамі ў вазонах сціплы букет півоняў займае пачэснае месца. Бо прывезла яго Ірына Леанідаўна з бацькоўскага дому.
Пра куст бэзу, вобраз Ядвісі і сны
Вельмі люблю кветкі з дамашняга агарода. Яны маюць моцную энергетыку. Асабліва, калі мне іх дорыць мой бацька. На дзень нараджэння ён заўсёды радуе мяне бэзам. Год на год не прыходзіцца, бывае так, што бэз адцвітае. І тады тата так доўга сумуе, вышуквае, дзе ж можна знайсці хоць адзін куст з познім бэзам. І знаходзіць. А я заўсёды чакаю. Еду на дзень нараджэння ў родную вёску і чакаю, што тата падорыць мне менавіта бэз. Гэта такая прыемная прадказальнасць. І мне вельмі страшна ўявіць, што надыдзе час і гэтага не будзе.
Я скончыла звычайную вясковую беларускамоўную школу. Спачатку марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Пакуль не трапіла на ўрокі беларускай мовы і літаратуры да Алены Мікалаеўны... Настаўніца мне нагадвала Ядвісю з трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа. Яна стварала магічную атмасферу на сваіх занятках. Тады я зразумела, што таксама павінна быць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Мне вельмі хацелася быць падобнай
да Алены Мікалаеўны.
Яшчэ Чэхаў казаў, што столькі разоў ты чалавек, колькі моў ведаеш. Разам з тым я цвёрда пераканана, што кожны павінен абавязкова ведаць сваю родную мову, бо гэта нашы карані. Калі вучылася ў педагагічным універсітэце, была цяжарная. Мабыць, гэта адбілася на ўспрыняцці беларускай мовы маім сынам. Ён лёгка пераходзіць на яе. І мяне гэта вельмі цешыць. У штодзённым жыцці я размаўляю на дзвюх мовах. Усё залежыць ад сітуацыі. Са свякроўю, напрыклад, кантактую выключна па-беларуску, яна так лепш разумее.
На якой мове мне сняцца сны? Я сплю даволі моцна. Мне альбо нічога не сніцца, альбо бліжэй да нейкага мерапрыемства пачынаю блукаць па гімназіі (усміхаецца). Натура такая ў мяне: хвалявацца, увесь час думаць, аналізаваць, старацца прадбачыць нават тое, што немагчыма. Каб у сне размаўляла, не памятаю.
Пра «не нашкодзіць», бацькоўскі бум і беларускамоўныя перапынкі
Урок заўсёды быў для мяне асобным светам, таямніцай. Таму, калі тры гады назад узначаліла гімназію, узяла сабе некалькі вучэбных гадзін на тыдзень. Класы былі вельмі добрыя. Але пачынаць на новай пасадзе заўсёды даволі складана. І я, каб не нашкодзіць дзецям (заўсёды кіравалася гэтым прынцыпам), перадала іх іншай настаўніцы. Хоць мне было вельмі шкада. Зараз жа, калі стала крыху лягчэй, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў нас хапае. Таму мне не хапіла гадзін. Тым не менш я люблю ўсіх дзетак. З задавальненнем наведваю ўрокі іншых настаўнікаў. І ўсё часцей задумваюся, што гімназія наша будзе расці. І некалі, без шкоды для іншых настаўнікаў, я змагу паспяхова сумяшчаць кіраванне і выкладанне.
Цікавасць да беларускай мовы ўзрасла ў грамадстве, і гэта мяне вельмі радуе. Бацькі хочуць, каб іх дзеткі атрымалі адукацыю на роднай мове. Нават у тых сем'ях, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць на рускай мове. Раней такога буму не было. Сітуацыя змянілася летась, калі ахвотных пайсці ў першы клас аказалася больш, чым месцаў. Каб дзеці вучыліся ў беларускамоўным асяродку, бацькі нават ноччу дзяжурылі пад гімназіяй.
На жаль, наша гімназія невялічкая. Для першых класаў мы арандуем памяшканні ў дзіцячым садку. Таму больш за 50 вучняў не можам набраць. Фактычна на працэнтаў 80 мы задаволілі запыты бацькоў. У першую чаргу бралі тых дзетак, у якіх брат ці сястра ўжо вучацца ў нашай гімназіі. У другую чаргу — шматдзетныя сем'і. Ну, і абавязкова тых дзетак, якія пражываюць у Савецкім раёне і замацаваныя за нашай навучальнай установай. Летась іх прыйшло ажно 23, амаль цэлы клас. Сёлета мы прасілі бацькоў не браць штурмам гімназію з самага рання. Арганізавалі запіс па тэлефоне, каб можна было прыйсці на прыём і спакойна вырашыць пытанне. Фактычна мы ўжо набралі адзін клас па ўсенавучы (дзеткі, якія замацаваны за гімназіяй). З тых, хто ўжо запісаўся на прыём, таксама на цэлы клас хопіць.
Я рада, што ў нас няма недахопу ў першакласніках. Калі будзе больш дзетак, то будзе і адбор у пятыя класы. Апошнія два гады назіраецца тэндэнцыя, што і з іншых школ да нас прыходзяць паступаць вучні. Хочацца, каб быў конкурс, каб у нашы пятыя класы траплялі менавіта самыя лепшыя. Бо высокі ўзровень ведаў дзяцей — гэта высокі статус гімназіі.
Гэта трагедыя ў першую чаргу бацькоў, што іх дзіця не паступіла ў гімназію. Не здзейсніліся мары і чаканні дарослых. І яны не могуць знайсці трапныя словы, пабудаваць адносіны з дзеткамі, каб неяк перамагчы стрэс. Так трагедыя бацькоў аўтаматычна становіцца трагедыяй дзяцей. Я лічу, што не трэба баяцца выпрабаванняў у жыцці. І дзяцей трэба вучыць не адчайваецца, калі нешта не атрымліваецца. А шукаць выйсце і заўсёды ісці наперад. Бо калі нешта не атрымалася цяпер, атрымаецца потым, і, магчыма, яшчэ лепш.
На жаль, цяпер адчуваецца залежнасць бацькоў ад адзнак дзіцяці. Добра, калі для малога гэта ў задавальненне. Часта ж бацькі проста імкнуцца рэалізавацца за кошт дзіцяці, патрабуючы ад яго немагчымага. Але не ўсім дадзена ведаць усе прадметы на дзевяць-дзесяць. Галоўнае, каб дзіцяці было цікава вучыцца. А адзнака — гэта другаснае.
У кожнай установы павінна быць свая місія. Мы сваёй місіяй выбралі менавіта поўнае пагружэнне ў атмасферу беларускасці. Працуем над тым, каб нават на перапынках гучала родная мова, не кажучы ўжо пра ўрокі і мерапрыемствы. У інтэрнэце ёсць відэаролік, дзе дзеткі з гімназіі апісваюць, што яны бачаць на карцінах знакамітых беларускіх мастакоў. Класны кіраўнік гэтых дзетак была першай настаўніцай сёлетніх выпускнікоў. Падчас свайго развітальнага слова Любоў Мікалаеўна прапанавала трэцякласнікам выказаць свае пажаданні адзінаццацікласнікам. З усіх пажаданняў толькі адно было па-руску. Усе астатнія гучалі на роднай мове. Прычым яны былі вельмі глыбокія.
Пра кітайскую мову, простыя алоўкі і званочак для Іскрыка
Наша гімназія адметная не толькі тым, што тут усе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Сёлета мы ўпершыню ў краіне выпусцілі дзяцей, якія 11 гадоў таму пачалі вывучаць кітайскую мову.
Я не спрабавала вучыць кітайскую. Вядома, некаторыя словы ёсць ва ўжытку. Бо ў нас даволі часта бываюць у гасцях прадстаўнікі пасольства КНР. Можа быць, у далейшым сапраўды з'явіцца на гэта час.
Кітайская мова даволі складаная, шмат там залежыць ад інтанацыі. Калі ў дзіцяці няма музычнага слыху, то вельмі цяжка даецца яе вывучэнне. Разам з тым летась першы клас з кітайскай мовай мы сфарміравалі хутчэй, чым з англійскай. Адбіваецца развіццё беларуска-кітайскіх адносін у палітыцы, эканоміцы. Бацькі хочуць ісці ў нагу з часам. Сёння перакладчык з кітайскай мовы — даволі высокааплатная праца. Летась, я цікавілася, такія спецыялісты атрымлівалі паўтара мільёна (старымі грашыма) за гадзіну. Упершыню сёлета нашы дзве выпускніцы атрымалі ўрадавую стыпендыю і 4 гады будуць вучыцца ў Кітаі. Касандра збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, а Сафія — на юрыдычны.
(У кабінеце Ірыны Леанідаўны заўважаю калекцыю званочкаў. — Аўт.) Званочкі я пачала збіраць выпадкова. Калі была дырэктарам рускамоўнай школы, вучні 4-га класа на свой выпускны падарылі мне першы званочак. Потым на пенсію сыходзіла цудоўная настаўніца матэматыкі. Таксама падарыла мне званочак. Фактычна з гэтых двух званочкаў і пачалася ўся калекцыя. Многія з іх я дару дзецям. У прыватнасці, адзін аддала свайму будучаму першакласніку. Калі прыйшла працаваць у гэтую гімназію, да мяне на прыём завітала матуля са сваім пяцігадовым сынам Рыгорам-Валадзеем Іскрыкам. Хлопчык мне расказаў на чысцюткай роднай мове не толькі пра тое, чаму ён хоча вучыцца ў нас, але і як неўзабаве да самай столі вырасце мой фікус. Ён вельмі зацікавіўся маімі званочкамі. Яны хлопчыку так спадабаліся, што я не стрымалася і падарыла яму адзін.
Самы галоўны званочак нашай гімназіі, якім звоняць на першым і апошнім званку, захоўваецца ў майго намесніка па гаспадарчых справах. Другі — у мяне ў кабінеце. Вось ён (паказвае). Гэты званочак падарылі мне муж з сынам падчас чарговай сямейнай вандроўкі. Два гады таму ў гімназіі з'явілася новая традыцыя. У нас на першым і апошнім званку замест аднаго гучаць два званочкі. Гэта вельмі прыгожа, больш меладычна. Цудоўная ідэя належыць бухгалтару нашай гімназіі.
(На працоўным стале Ірыны Леанідаўны шмат аднолькавых завостраных алоўкаў. — Аўт.). Я люблю нейкія запісы рабіць простым алоўкам. Не таму што можна сцерці. Я звычайна нічога не сціраю, а закрэсліваю. Калі карыстацца гумкай, то на гэта трэба яшчэ затраціць час. А так закрэсліў — і хуценька працягнуў пісаць далей. Час — самае дарагое, што мы маем. Таму стараюся не шкадаваць пра зробленае. Гэта мая жыццёвая пазіцыя. Не азірацца. Рухацца толькі наперад.
Бліц-апытанка
— Любімае слова на роднай мове?
— Каханне
— Любімы беларускі пісьменнік?
— Іван Шамякін. Люблю глыбіню яго твораў.
— Чым вы найбольш ганарыцеся са зробленага ў гімназіі?
— Тым, што ў нас настаўнікі, дзеці і бацькі — аднадумцы. Гэта самае галоўнае. Ну, і безумоўна, вучнямі, іх дасягненнямі.
З гонарам адзначаю, што сёлета з 25 выпускнікоў 6 узнагароджаны залатым медалём. Дзве вучаніцы маюць прэмію Прэзідэнта. Сафія Яблонская нават цэлых дзве. Яна тры гады ўтрымлівала лідзіруючыя пазіцыі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове. Касандра Шахаб — пераможца рэспубліканскай канферэнцыі па беларускай літаратуры, па кітайскай мове.— Калі ў вас з'яўляецца вольны час, як вы яго бавіце?
— Я яго прысвячаю сваёй сям'і. Любім разам вандраваць на машыне. Летась праехаліся па тых мясцінах, дзе служыў муж.
— Прадмет, без якога не ўяўляеце свайго жыцця?
— Мне цяжка ўявіць сябе сёння без аўтамабіля. Жыву далёка за горадам, таму без яго як без рук.
— Які з пунктаў у кнізе парад для вашага сына вы б выдзелілі тлустым шрыфтам?
— Быць у гармоніі з самім сабой і навакольным светам.
— Як муж і сын ставяцца да таго, што вы дырэктар?
— З разуменнем. А разумеем мы адзін аднаго без слоў. І для мяне гэта вельмі важна. Аднойчы нешта не клеілася на працы, я нават сварылася. Сын патэлефанаваў, адчуў мой гэты ўзрушаны стан і сказаў: «Мама, я ўсё адно цябе люблю». Гэтага было дастаткова, каб дзень пайшоў інакш. Трэба часцей станавіцца чараўнікамі і казаць нашым блізкім, што мы іх любім.
— Калі б зараз з'явіўся чараўнік, што б вы папрасілі
ў яго для гімназіі?— Гэта павінна быць нешта нематэрыяльнае (задумваецца). У першую чаргу здароўя ўсім дзецям.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nаdzіеjа@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/shkola