Матацыклісты і веласіпедысты, пакінутыя без нагляду дзеці і вадзіцелі, якія вяртаюцца з пікнікоў на прыродзе... Нягледзячы на тое, што ў цёплую пару года ўмовы надвор'я значна больш спрыяльныя для вандровак, простай сітуацыю на дарозе назваць нельга.
Як расказаў старшы інспектар упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС, маёр міліцыі Аляксандр БРУЙ, за 5 месяцаў гэтага года на дарогах краіны адбылося 1042 ДТЗ, 175 чалавек загінулі, 1141 атрымаў траўмы. 43 аварыі здарыліся па віне матацыклістаў, 37 — з удзелам веласіпедыстаў. У першым выпадку галоўныя прычыны — перавышэнне хуткасці і язда ў нецвярозым стане, у другім — выкарыстанне навушнікаў, рух па праезнай частцы, ігнараванне спешвання на рэгулюемых і нерэгулюемых пешаходных пераходах. Аляксандр Бруй падкрэсліў, што ведаць правілы дарожнага руху павінны не толькі кіроўцы механічных транспартных сродкаў, але і ўсе астатнія ўдзельнікі руху. Што датычыцца пешаходаў, то ім варта памятаць, што святлоадбівальныя элементы патрэбныя не толькі ў апраметнай цемры, засцерагчы сябе ніколі не будзе лішнім.
Катэгорыя, вартая асаблівай увагі, — дзеці. Сёлета ўжо адбылося 85 ДТЗ з іх удзелам, чацвёра загінулі.
— Аўтакрэсла або бустар неабходна выкарыстоўваць заўсёды, нават калі вы пад'язджаеце ўсяго два кіламетры да найбліжэйшага возера. Калі раней большасць здарэнняў з удзелам дзяцей адбываліся па іх віне, то цяпер у 70% выпадкаў прычына ў дарослых. Часцей за ўсё гэта звязана з няправільнай перавозкай дзяцей. Яшчэ адзін важны момант датычыцца непаўналетніх, якія хочуць адчуць сябе дарослымі і бяруць ключы ад бацькоўскай машыны. Нявопытнасць прыводзіць да страшных наступстваў, таму бацькам неабходна строга сачыць за падлеткамі, — адзначыў старшы інспектар.
Усё лета будзе ўзмоцнены кантроль на дарогах у святочныя і перадсвяточныя дні, будуць арганізоўвацца рэйдавыя групы да месцаў масавага адпачынку, праводзіцца тэматычныя акцыі. У сярэдзіне лета пройдзе аперацыя «Хуткасць». Супрацоўнікі ДАІ заклікаюць грамадзян быць асцярожнымі і паведамляць пра заўважаныя імі парушэнні на дарозе.
Дар'я КАСКО
kasko@zvіazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kasko@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pdr
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[6] https://zviazda.by/be/tags/udai-mus