З беларускага боку на сустрэчы было больш за 40 удзельнікаў усіх сфер айчыннай эканомікі — ад флагманаў прамысловасці да прадстаўнікоў сярэдняга і малога бізнесу. Малдаўскі лідэр прадставіў перспектыўныя кірункі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і адказаў на пытанні.
Перад дзвюма краінамі стаіць задача дасягнуць тавараабароту ў 400 млн долараў за два-тры гады пры цяперашнім тавараабароце ў 200 млн. Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы паведаміў, што пры гэтым наша краіна разлічвае нарасціць свой экспарт на 20—30%. Для рэалізацыі такой мэты ужо падрыхтавана дарожная карта, а праблемныя пытанні плануецца абмяркоўваць двойчы ў год на ўзроўні міжурадавай камісіі.
Старшыня беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч нагадаў, што ў Беларусі і Малдовы ёсць традыцыйныя сферы і галіны, па якіх мы супрацоўнічаем ужо два дзясяткі гадоў. "Пры гэтым сёння перад намі ляжаць перспектывы развіцця сумесных зборачных вытворчасцяў. Мы чакаем, што запрацуе зборачная вытворчасць аўтобусаў МАЗ. Гэтая тэхніка сёння вельмі патрэбна нашым партнёрам. Іх цікавіць і вытворчасць МТЗ", — сказаў Уладзімір Улаховіч. Кіраўніцтва Малдовы таксама зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва ў аграрным сектары і вытворчасці прадуктаў харчавання. "Тут мы можам даць нашым партнёрам магчымасць працаваць сумесна на вялікім рынку ЕАЭС. Мы зможам разам прасоўваць нашу прадукцыю і на рынкі ЕС", — рэзюмаваў старшыня БелГПП.
Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон пагадзіўся з тым, што Беларусь і Малдову ў будучыні чакаюць агульныя цікавыя праекты. "У красавіку сёлета Малдова падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве з ЕАЭС. Мы падалі заяву і хутчэй за ўсё ў кастрычніку атрымаем статус назіральніка. Гэта азначае, што ў найбліжэйшы час паміж нашымі краінамі акрамя тых дамоўленасцяў, якія ёсць у рамках СНД, будзе магчымасць супрацоўнічаць па лініі ЕАЭС. З пункту гледжання перспектыў для бізнесу адкрываюцца новыя магчымасці", — падкрэсліў малдаўскі лідар.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-dadon
[5] https://zviazda.by/be/tags/eaes
[6] https://zviazda.by/be/tags/biznes