Ужо не адно дзесяцігоддзе масквічка Ніна Дзябольская выконвае пачэсную місію знаёмства шырокага свету з беларускай літаратурай. Аднойчы і зусім нечакана распачатая справа мела пад сабой гістарычна-сямейнае абгрунтаванне, красамоўна дэманстравала інтэлектуальную пераемнасць розных пакаленняў інтэлігенцыі. Ніна Сяргееўна — пляменніца Дзіядора Дзябольскага (1892—1964), рускага філосафа, самага блізкага сябра беларускага паэта Максіма Багдановіча. Гэта яму адрасаваны славуты верш-пасланне «Д. Д. Дзябольскаму» (1911):
Быць можа, пуціна жыцця
Лягла пярсцёнкам, друг,
І я ў краіне забыцця
Не раз раджаўся, як дзіця,
Прайшоўшы поўны круг…
Ніна Дзябольская нарадзілася 25 чэрвеня 1937 года. Скончыла Інстытут замежных моў (Масква). Працавала па атрыманай спецыяльнасці — перакладчыкам і выкладчыкам; гадавала шасцярых дзяцей. Апошнімі дзесяцігоддзямі яскрава заявіла пра сябе як мастак, паэт, перакладчык.
Цесныя сувязі з Беларуссю запачаткаваліся ў Ніны Сяргееўны яшчэ падчас стварэння ў Мінску і Яраслаўлі музейных экспазіцый, калі асабліва запатрабаванымі былі яе кансультацыі па гісторыі свайго роду. А непасрэдныя кантакты бяруць адлік у 1999 годзе — з удзелам у чарговай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, арганізаванай Літаратурным музеем М. Багдановіча.
Тады ж прафесійны знаўца французскай задалася пытаннем, чаму «пясняр чыстае красы» дагэтуль не прагучаў на мове такога блізкага яму Поля Верлена. Цягам гадоў на пытанне быў дадзены свой разгорнуты творчы адказ: дзякуючы перакладам Н. Дзябольскай па-французску «загаварыў» не толькі М. Багдановіч, але і дзясяткі іншых беларускіх аўтараў, асвойваючы такім чынам новыя гарызонты агромністай літаратурнай планеты.
Мінск прывабіў не толькі ўпадабанай беларускай паэзіяй, але і мабільнымі выдавецкімі магчымасцямі. Тут выйшлі падрыхтаваныя Н. Дзябольскай двухмоўны беларуска-французскі зборнік «У краіне паэтаў / Au pays des poetes» (2011), зборнік паэтычных перакладаў з рускай, беларускай і польскай моў «Poètes russes, bélarusses et polonais» (2013), аўтарская паэтычная кніга «Стихотворения» (2013) і інш.
Спецыяльна да 125-годдзя з дня нараджэння аўтара «Вянка» выйшла двухмоўная, «вочы ў вочы», беларуска-французская кніга з сімвалічным адрасаваннем: «Памяці дзядзькі майго, Дзіядора Дзябольскага, сябра Максіма Багдановіча, прысвячаю гэты пераклад». У выданні «Багдановіч. Паэзія» (2016) прадстаўлены 30 класічных вершаў. Пры тыражы ў 35 паасобнікаў пра яго ўжо можна гаварыць як пра бібліяграфічную рэдкасць. Пры гэтым, вельмі хутка пасля свайго выхаду кніга займела адразу дзве прэзентацыі: віртуальную (на фэйсбуку) і матэрыяльную — ва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Каўнасе (Літва).
Сваім перакладчыцкім вопытам Ніна Дзябольская зычліва дзеліцца з чытачамі «Полымя».
Мікола ТРУС
Ніна ДЗЯБОЛЬСКАЯ
З вопыту перакладу вершаў Максіма Багдановіча на французскую мову
У лісце да Поля Валеры Марына Цвятаева сцвярджае: «…la traduction d’une langue vers une autre ce n’est que la transformation d’une forme matérielle en une autre forme matérielle, ce qui est beaucoup plus facile que la transformation de l’esprit en matière, que celle de l’âme en corps». Што значыць: «…пераклад з адной мовы на другую гэта ўсяго толькі ператварэнне адной матэрыяльнай формы ў іншую, што значна лягчэй, чым ператварэнне духу ў матэрыю, чым пераход душы ў цела».
З гэтай развагі можна зрабіць, як мне здаецца, толькі адну выснову: нічога немагчымага няма.
Пятнаццаць гадоў таму назад на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў мінскім Літаратурным музеі Максіма Багдановіча я даведалася пра тое, што беларускі паэт перакладаўся і перакладаецца на англійскую мову. Мяне зацікавіла магчымасць перакладу вершаў на французскую мову, бо ён, відавочна, меў цягу да французскай паэзіі.
Сам паэт пераклаў 22 вершы Поля Валеры, верш Эміля Верхарна «La revolte» («Паўстанне»). Санет малавядомага французскага паэта Алексіса-Фелікса Арвера М. Багдановіч пераклаў і на беларускую, і на рускую мову. У якасці эпіграфаў да сваіх твораў ён браў радкі з Буало, Віктора Гюго, Армана Сюлі-Прудома, Сэнт Бёва, Поля Верлена.
«Un sonnet sans défaut vaut seul un long poème». (“Беззаганны санет варты адзін цэлай паэмы”) — гэта эпіграф да санета «Памiж пяскоў Егiпецкай зямлi». Знакамітаму «Рамансу» (цудоўна перакладзенаму Юліяй Новік на французскую мову) папярэднічаюць радкі з Сюлі-Прудома:
Quand luira cette étoile, un jour,
La plus belle et la plus lointaine,
Dites-lui qu’elle eut mon amour,
O derniers de la race humaine.
Вось як яны гучаць па-беларуску:
Калі аднойчы засвеціцца гэтая зорка,
Найпрыгажэйшая і найдалейшая,
Скажыце ёй, што я кахаў яе,
О, апошнія з роду людскога.
І, нарэшце, на рускай мове:
Когда загорится эта звезда,
Самая далёкая и прекрасная,
Скажите ей, что любил всегда,
О, последние из человеческой расы (пераклад наш. — Н. Д.).
Думаю, што тэма ўплыву французскай паэзіі на беларускага паэта можа стаць вартай асобнага даследавання, як і яго пераклады з Верлена.
Для свайго першага вопыту перакладу я выбрала гэты верш:
Не кувай ты, шэрая зязюля,
Сумным гукам у бары;
Мо і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары.
Са здзіўленнем выявіла, што пры даслоўным перакладзе і рыфма прыходзіць сама сабой, і рытм захоўваецца:
Ne chante pas, mon coucou gris,
Dans les pins ne lance pas ton cri,
Même si tu dis que je vivrai à l’aise,
Il vaut mieux que tu te taises.
Але гэтак жа нязмушана лёг на французскую мову і больш складаны па рытме верш М. Багдановіча:
У небе — ля хмары грымотнай — празрыстая, лёгкая хмара
Шпарка плыла, і абездве чагось чырванелі ад жару.
Зліцца жадалі яны, зрабіліся б хмарай магутнай,
Але далёка іх вецер разнёс, наляцеўшы нячутна.
Вось амаль што даслоўны пераклад на французскую:
Dans le ciel — près d’une nuée d’orage — une nuée légère,
Rougissant de chaleur et de confusion elles vont de pair,
Voulant se réunir pour devenir une nuée puissante,
Mais un vent inattendu met en lambeaux ces malchanceuses passantes.
У другім радку дададзена: «чырванеючы ад спякоты і ад ніякавасці», а ў апошнім радку ўзмоцнена: «нечаканы вецер разнёс у жмуты нешчаслівых спадарожніц».
Пачатак маёй працы над перакладамі вершаў М. Багдановіча быў аблегчаны наяўнасцю многіх перакладаў на рускую мову, але я карысталася імі толькі для ўдакладнення сэнсу, як падрадкоўнікам, ніколі не перакладала з рускага тэксту, які б ён ні быў удалы. Пазней, калі паэт і перакладчык Сяргей Панізьнік пазнаёміў мяне з паэтам-перакладчыкам Іванам Бурсавым, беларусам, які жыве ў Маскве, я атрымала шчаслівую магчымасць удакладняць значэнне кожнага слова ці звароту. Глыбокі знаўца беларускай і рускай моў Іван Цярэнцьевіч здолеў растлумачыць тонкасці сваёй роднай мовы, уводзіў мяне ў гісторыю беларускага народа, яго пісьмовасці і літаратуры. У 2015 годзе ў Мінску выдадзена кніга перакладаў Івана Бурсава «Дыхание времени (Антология белорусской поэзии)».
Вельмі каштоўныя падказкі я атрымала ад беларускай паэткі Ніны Мацяш. У адным са сваіх двух лістоў да мяне яна падрабязна раскрыла сэнс верша «Скірпуся»: «Гераіня… недалёкая прасцячка з жарсным жаданнем выйсці замуж — так бы мовіць, “мы за цаной не пастаім”. Паэт высмейвае і гэтае жаданне, і мужчынскую нявернасць, узаемнае легкадумства, не выпінаючы іншых негатыўных рыс характару. Але і не даючы нагоды мімаволі паспачуваць качару, які шукае суцяшэнні на боку, стомленаму ад звадлівай жоначкі».
Цудоўныя пераклады паэтаў «Плеяды», зробленыя Нінай Мацяш, умацоўваюць мяне ў думцы, што паміж беларускай і французскай мовамі існуе нейкая ўнутраная сувязь. Ці не пра гэты пісаў М. Багдановіч у сваіх «Тэрцынах»?
Мы любім час далёкі ўспамянуць.
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.
Таму вярнуўся я к рандо, санетам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым светам, —
Так вершы ззяюць даўняю красой!
Максім Багдановіч часта звяртаўся да так званай цвёрдай формы вершаскладання (трыялет, рандо, санет), такой улюбёнай французскімі паэтамі. У самым вызначэнні санета ўказана: санет рыфмуецца найчасцей у французскай паслядоўнасці. Такі і санет, прысвечаны Пагодзіну. Пры яго перакладзе атрымалася з дакладнасцю захаваць гэтую паслядоўнасць толькі ў тэрцэтах:
Вось сімвол твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
C’est ton symbole, mon pays natal oublié.
L’esprit du peuple d’un coup réveillé,
Ne s’endormira pas infertile.
Pareil à une source qui avance sonore
Il quittera la terre stérile
Pour que l’espace devant lui éclore.
Здавалася б нескладаны для разумення і перакладу трыялет «Калісь глядзеў на сонца я» прымусіў глыбока задумацца пасля ліста Ніны Мацяш: «Сэнс трыялета: некалі недзе я сузіраў (глядзеў, бачыў) сонца, і яно мяне асляпіла. Але вечная тэма (ноч) ужо не палохае, не мае значэння для мяне, бо я бачыў сонца, і значэнне мае толькі гэта. Вось чаму мяне не хвалююць людскія кепікі (з маёй слепаты): у мяне было сонца, яно асляпіла мяне, у ім маё шчасце. Мне здаецца, важней захаваць ва ўсіх паўторах гэтае j’ai regardé, дзеянне ў прошлым і, магчыма, удакладніць гэтае quand, замяніць яго: autrefois. Тады ўсё стане на свае месцы ў аўтарскім, сэнсавым напружанні».
Я замяніла незакончанае трыванне дзеяслова на закончанае, замяніла нейтральнае «quand» на «un jour» , але апошняе слова можа быць ужыта і для будучых падзей. Застаецца варыянт: «jadis», магчыма, больш выразны; адмовілася ад прапанаванага Нінай Мацяш autrefois як занадта доўгага слова. Тлумачэнні такога чуйнага перакладчыка прымусілі і прымушаюць уважліва перачытваць і асэнсоўваць арыгіналы.
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
І пры перакладзе захавалася форма трыялета:
Jadis j’ai regardé le soleil,
Le soleil m’a ébloui.
Je m’en fiche de l’éternelle nuit,
Jadis j’ai regardé le soleil.
У паэзіі М. Багдановіча мяне вабяць перадусім апісанні прыроды, якія, як правіла, завяршаюцца філасофскімі радкамі:
І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень,
Той дзень, што мае нарадзіцца,
І знікшы дзень.
D’amour envers l’obscurité et la lumière
Mon cœur est plein,
Le jour qui doit naître m’est aussi cher
Que le jour éteint!
Або такімі радкамі, поўнымі роздумаў:
Час, калі трэба журыцца
Душою на свежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.
C’est l’heure de dire ses prières
Devant les tombeaux des jours
Passés en vain pour toujours.
Неяк, ужо даўно я перакладала з французскай даволі доўгі верш. Пераклад здаваўся мне ўдалым, але апошнія чатыры радкі не паддаваліся. Ад таго выпадку я часта пачынаю перакладаць вершы з канца, і толькі калі атрымліваецца, пераходжу да пачатку. Але верш «Змяіны цар» адразу ж прыцягнула мяне сваім выразным, вобразным пачаткам:
Цемень. Сосны. Елкі. Мох. Кара.
Смерць прыйшла ужо ка мне…
Разгарысь, вячэрняя зара,
У туманнай вышыне.
Пры перакладзе апошнія два словы перага радка давялося прыбраць:
Il fait sombre. Des pins. Des sapins.
Je vois la mort qui vient...
Brûle, o soleil couchant,
Dans les airs sans fin.
Бездзеяслоўныя сказы санета «У Вільні» зачаравалі сваёй выразнай прастатой. Можна толькі здзіўляцца, што санет напісаны больш за сто гадоў таму, настолькі яго мова і стыль сучасныя:
Ліхтарняў свет у сіняй вышыне…
Вітрынамі зіяючыя крамы,
Кавярні, мора вывесак, як плямы,
Анонсы і плакаты на сцяне. <…>
Зялёны семафор… пакгауз… склады…
Заводаў коміны пад цьмой нябёс…
О, горада чароўныя прынады!
Шматзначнасць французскіх слоў дазволіла звярнуцца да метафары:
Les devantures béantes des magasins,
Une mer d’enseignes, d’annoces, d’affiches
Et des placards aux murs sans fin,
Et des lanternes brillantes qui trichent1.
1 Даслоўна: Бліскучыя ліхтары, якія хаваюць недахопы.
Feu vert... dépôts... hangards à marchandises...
Des cheminées noires sous le noir du ciel...
D’une grande ville des charmes exquises!
Пошукі рыфмы ў канцы верша «Слуцкія ткачыхі» далі магчымасць знайсці яшчэ адну метафару:
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
Le contour de la forêt s’obscurcit...
Et la main oublieuse tisse
Au lieu d’un dessin perse
Un bleuet aux palpitants cils2.
2 Васілёк з трапяткімі вейкамі.
У французскай мове не так проста выказаць здагадку, сумнеў, таму я ў вершы «Цяжарная» проста паставіла пытальныя знакі замест «здаецца… мо…»
Роўнай важкаю хадою
Я іду адпачываць.
Ціша вее нада мною,
І, здаецца, штось чуваць.
Мо пачула бусла вуха,
Што над хатаю ляціць.
Мо дзіцёнка сэрца глуха,
Глуха так ва мне стучыць.
D’un pas égal, grave
Je vais au lit!
Mais le silence m’entrave :
Quelqu’un vit ici?
Mon oreille a entendu une cigogne voler
Au-dessus du toit?
Un cœur d’enfant, un cœur léger,
Bat sourdement en moi?
Гэты верш датуецца 1910 годам. Можна выказаць здагадку, што ў ім гаворыцца пра Аляксандру Дзмітрыеўну Дзябольскую-Залатарову, якая чакала нараджэння Веранікі. Я ніколі не бачыла ні маю цётку Аляксандру, ні маю кузіну Вераніку — яны загінулі ў блакаду. Ведаю пра іх толькі па ўспамінах бацькі. Але верш «Цяжарная» робіцца як бы маім уласным успамінам.
У байцы «Варона і чыж» пошук рыфмы прывёў да некаторага ўзмацнення дзеяння і ўдакладнення характарыстыкі вераб’я. У арыгінале чытаем:
«Ну, то ж бо то! Глядзі ж!» —
З ласкаваю гразьбой пракаркала варона
І паляцела стуль далей.
У перакладзе на французскую мову: варона ласкава паўшчувала гэтага небараку і знікла за гарызонтам:
«Tu vois bien! Fais attention!» —
A croassé le corbeau,
En grondant tendrement ce pion,
Et il a disparu à l’horizon!
Французскія словы карацей за рускія, і гэта стварае пэўныя цяжкасці пры перакладзе. Пры перастварэнні з беларускай, наадварот, французскі тэкст часам атрымліваецца значна даўжэйшы, як, прыкладам, атрымалася з вершам «На чужыне»: восем радкоў пры перакладзе ператварыліся ў дзесяць.
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу — мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».
A l’étranger
Des fleurs s’épanouissent autour de moi,
Je rôde parmi elles triste et solitaire.
Tout à coup de loin je vois
Un bleuet m’envoyer un signe salutaire.
«Bonjour, mon compatriote !»
A peine visible dans la plaine,
Mélancoliquement il me chuchote :
«Souvenons-nous, mon ami,
Dans ce pays fleurissant
De notre pauvre patrie lointaine.
Аднак, далёка не ўсе пераклады вершаў М. Багдановіча, над якімі я працавала, атрымаліся здавальняльнымі настолькі, каб я вырашылася іх надрукаваць. Напрыклад, пераклад верша, прысвечанага сябру паэта Дзіядору Дзябольскаму, застаўся няскончаным. Не ўдаецца перадаць з дакладнасцю яго рытм. Пераклад «Пагоні», зроблены па просьбе Аляксея Каўкі, пакідае жадаць лепшай перадачы гэтай напружанасці, гэтага гарачага звароту да Радзімы.
Мая праца дазваляла мне ўсё глыбей раскрываць і мелодыі, і сэнсы паэтычных твораў М. Багдановіча. Мой досвед гаворыць пра тое, што значна лягчэй перакладаць на французскую з беларускай, чым з рускай, паколькі ў беларускай мове адчуваецца не толькі славянская аснова, якая адкінула непатрэбныя складаныя формы, але і лацінская падкладка і, дазволю сабе сказаць, лацінская логіка мыслення.
Неаднаразова, асабліва напачатку сваёй працы, я паказвала свае пераклады носьбітам мовы, не выпадковым людзям, а спецыялістам.
Паэзія па-за часам і, як гэта ні дзіўна гучыць, па-за мовай, дакладней, апроч мовы. Зрэшты, і музыка існуе апроч яе фіксацыі, па-за нотамі, як і мовы без пісьмовасці. Марына Цвятаева называла «мовай анёлаў» (la langue des anges) нематэрыяльную мову душы, «сусветнага духу» (l’esprit universel), мову самой існасці паэзіі (l’essence meme de la poesie). Найбольш блізкай у яе асабістай іерархіі моў да «мовы анёлаў» была нямецкая, потым ішла руская, а французская займала ўжо трэцяе месца таму, што французская не здольная станавіцца (devenir), быць недакладнай (imprecis), няяснай (floue), таямнічай (mysterieux). Думаю, ведай Марына Цвятаева беларускую мову, яна паставіла б яе наперадзе рускай.
Кветкі з «Вянка» беларускага паэта Максіма Багдановіча не вянуць, яго васількі ўпрыгожваюць вянок еўрапейскіх паэтаў пачатку дваццатага стагоддзя. Не дзіва, што хочацца перакладаць і ў дваццаць першым стагоддзі яго цудоўныя паэтычныя творы.
Масква.
Лета 2016 года.
Пераклад з рускай.