Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» тэлевіктарына «Размаўляем па-беларуску». Для таго каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgоmеl.bу [5] або 3bеlаrus.bу [6] і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну, а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды».
Ці ведалі вы, што:
Гармідар — бязладдзе, блытаніна, вэрхал.
Адо́нак — подсціл з галля, жэрдак, на які кладуць стог. «Працавалі дружна: жанчыны зграбалі сена
ў валкі, мужчыны складалі ў копы і падносілі іх на насілках да адонкаў», — чытаем у Рамана Сабаленкі.
Каліта́ (устарэлае) — сумка для грошай; вялікі кашалёк. Дарэчы, слова «каліта» ўзята са старажытнарускай мовы, у якой з'явілася з цюркскіх гаворак.
Вало́га (устарэлае) — густы кісель з малака, разведзенага вадой. У пост, або калі не было малака, валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога.
Ра́жка — пасудзіна для кармлення жывёлы. Падобна да цэбра, але меншых памераў, прыкладна на 15—20 літраў.
Са́ндрык — карніз над аконным або дзвярным праёмам будынка.
Шы́льда — дошка з надпісам назвы ўстановы; вывеска.
Хоць плач — цяжкае, бязвыхаднае становішча; выказванне адчаю, бяссілля. Беларускія адпаведнікі: хоць рэпку спявай, хоць гвалт крычы. Рускі: хоть волком вой.
Ператварыцца ў слых — прыслухоўвацца да чаго-небудзь, уважліва слухаць што-небудзь. Беларусы яшчэ скажуць: вастрыць вушы, настаўляць вушы. Рускія: насторожить уши.
Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [7]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] http://www.tvrgomel.by/
[6] http://www.3belarus.by/
[7] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[8] https://zviazda.by/be/tags/razmaulyaem-pa-belarusku-0