Наша краіна можа іграць актыўную ролю ў абнаўленні двухбаковага дыялогу паміж Усходам і Захадам. Актываваць кантакты дапаможа маштабны дыялог, выбудаваны па прынцыпе «Хельсінкі-2», ідэю якога прапанаваў Прэзідэнт Беларусі на адкрыцці 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Пра гэта на сустрэчы нагадаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляслаў ПІРШТУК.
— Наша краіна безумоўна зацікаўлена ў развіцці адносін з Еўрасаюзам. Мы заўсёды з'яўляліся надзейным партнёрам з пункту гледжання не толькі падтрымання сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэгіёне, але і іншых вельмі важных пытанняў еўрапейскага значэння, — падкрэсліў Баляслаў Пірштук. — Я маю на ўвазе, перш за ўсё, ваенна-палітычную, энергетычную, экалагічную стабільнасць, барацьбу са злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй і цэлы шэраг падобных праблем.
Старшыня дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю Багдан ЗДРАЕЎСКІ адказаў, што самае галоўнае — гэта наладзіць дыялог. Як адзначыў спадар Здраеўскі, з іх боку асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням развіцця Усходняга партнёрства, а таксама адносін у рамках Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства «Еўранэст». Для дасягнення больш канструктыўнага дыялогу неабходна развіваць адносіны паміж Беларуссю і еўрапейскімі інстытутамі. Так, напрыклад, было прынята рашэнне аб дадатковай падтрымцы ў развіцці Балонскага працэсу.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] mailto:аnіsоvісh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/euraparlament
[6] https://zviazda.by/be/tags/balyaslau-pirshtuk