Фінал рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года — 2017» пройдзе ў Мінску 27 кастрычніка, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК. За прызавое месца будуць змагацца пераможцы з рэгіёнаў. Сёлета гэта ў асноўным поўныя сям'і з трыма дзецьмі.
Фінал конкурсу пройдзе ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Удзельнікам трэба будзе прадставіць візітную картку сям'і «Радавод». А таксама — сацыяльна значны праект, у якім неабходна адлюстраваць сваё бачанне вырашэння актуальных праблем, звязаных з экалогіяй, выхаваннем дзяцей, падтрыманнем парадку на зямлі і інш.
«Мы распрацоўваем насычаную культурна-забаўляльную праграму для сем'яў, якія сталі найлепшымі ў сваіх рэгіёнах, каб удзел у конкурсе для іх стаў сапраўдным святам», — адзначыў Аляксандр Румак. Ён падкрэсліў, што рэспубліканскі конкурс праводзіцца трэці раз і накіраваны на павышэнне ролі і прэстыжу сям'і ў грамадстве, прасоўванне ідэй адказнага бацькоўства. «Сям'я — найважнейшы інстытут грамадства, апора дзяржавы. У ёй закладваецца падмурак маральнага выхавання чалавека, яго культурнага развіцця, фарміруюцца нормы паводзін, раскрываюцца ўнутраны свет і індывідуальныя якасці асобы».
Надзея ДРЫЛА
dryla@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:dryla@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya-goda