24-я міжнародная студэнцкая матэматычная алімпіяда завяршылася ў Балгарыі. Зборную БДУ прадстаўлялі чатыры студэнты. “Серабро” прынеслі свайму ўніверсітэту трэцякурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Святаслаў Бардачоў і першакурснікі таго ж факультэта Лізавета Манжуліна і Барыс Серанкоў. А чацвёртакурснік механіка-матэматычнага факультэта БДУ Аляксандр Ражкоў атрымаў па выніках спаборніцтваў пахвальны водгук.
Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел звыш за тры сотні студэнтаў больш чым з 40 краін. У гэтым годзе ўдзельнікам прапаноўвалася вырашыць дзесяць задач, якія ахопліваюць наступныя раздзелы: матэматычны аналіз, лінейную і абстрактную алгебру, функцыянальны аналіз, аналітычную геаметрыю, камбінаторыку і тэорыю чыслаў. Рабочая мова спаборніцтваў — англійская.
Кіраўніком зборнай БДУ выступіла дацэнт кафедры нелінейнага аналізу і аналітычнай эканомікі механіка-матэматычнага факультэта Ганна Бузулуцкая.
Варта дадаць, што студэнты БДУ ўдзельнічаюць у Міжнароднай студэнцкай алімпіядзе па матэматыцы з 2001 года. За гэты час яны заваявалі каля 80 медалёў рознай вартасці.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya