Журы рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія" 2016 года вызначыла пераможцаў у сямі намінацыях, паведаміла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, член журы конкурсу Алена Стэльмах.
Творы 40 аўтараў прэтэндавалі на ўзнагароды конкурсу - менавіта столькі заявак паступіла на адрас аргкамітэта. Найбольш папулярнымі сталі дзве намінацыі - "Паэзія" і "Дзіцячая літаратура". На кожную з іх было пададзена 10 заявак.
Першапачаткова экспертны савет склаў шорт-ліст, а потым рашэнне прыняло журы. Пад увагу прымалася колькасць і змест прадстаўленых аўтарам артыкулаў, рэцэнзій, водзываў у СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах, а таксама колькасць пісьмовых водзываў чытачоў, пераклады твора на іншыя мовы народаў свету.
Імёны ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2016 года будуць названы 3 верасня на Дні беларускага пісьменства ў Полацку. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца на галоўнай сцэне свята і будзе паказана ў тэлеэфіры.
Дыплом, сімвал прэміі і грашовая прэмія будуць уручацца ў сямі намінацыях: "Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі", "Лепшы твор прозы", "Лепшы твор драматургіі", "Лепшы твор публіцыстыкі", "Лепшы дэбют", "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва", "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства".
Конкурс праводзіцца ў падтрымку развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці айчынных пісьменнікаў, стымулявання стварэння імі новых высокамастацкіх твораў для дарослых, дзяцей і юнацтва, папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве. Прэмія заснавана ў 2015 годзе.
Заснавальнікі конкурсу - Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі".
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-litaraturnaya-premiya