Аматары айчыннай музыкі ўжо ведаюць імя пераможцы нацыянальнага адбору для міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2017». Тыдзень таму ўсе ўзрушана сачылі за развіццём падзей у прамым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а цяпер актыўна знаёмяцца з творчасцю юнай спявачкі, пакуль пераможная песня гучыць на нашых радыёстанцыях. Прадставіць Беларусь на музычным спаборніцтве 26 лістапада ў Тбілісі (Грузія) на сцэну выйдзе чатырнаццацігадовая Хелена Мерааі з песняй «Я самая».
Таленавітыя і прыгожыя
«Еўрабачанне», напэўна, самы папулярны замежны конкурс выканальніцкага майстэрства ў нашай краіне. Цікавасць да яго з кожным годам толькі ўзрастае. Беларусы пачынаюць хвалявацца за любімых выканаўцаў яшчэ да таго, як тыя трапяць у фінал: праходзяць з імі ўсе этапы нацыянальнага адбору, сочаць за стварэннем візітовак, падтрымліваюць у сацыяльных сетках, бяруць удзел у галасаванні для гледачоў. Здаецца, такая адказнасць — прадстаўляць на прэстыжным міжнародным конкурсе сваю краіну — можа падацца вялікай нават для дарослых спевакоў, але вось ужо 15-ы раз юныя таленты Беларусі смела імкнуцца скарыць міжнародную аўдыторыю. У іх папярэднікаў двойчы атрымалася вярнуцца дамоў з перамогай: планка, узнятая Ксеніяй Сітнік і Аляксеем Жыгалковічам, надзвычай высокая.
Гэтым разам у прамым эфіры юных выканаўцаў падтрымлівалі вядучыя конкурсу Вольга Рыжыкава і Тэа. Тыя, хто глядзеў нацыянальны адбор у студыі Белтэлерадыёкампаніі, адчувалі: напал падчас абвяшчэння вынікаў галасавання для дзіцячага «Еўрабачання» не меншы за напал дарослага конкурсу. Некаторыя ўдзельнікі ўжо не першы раз прыходзяць сюды па перамогу. Здаецца, больш за дзяцей хвалююцца іх бацькі: перад пачаткам эфіру маці канкурсантаў размаўляюць паміж сабой, падбадзёрваюць адна адну. Маленькія выканаўцы трымаюцца мужна. Яны аднолькава гатовыя да паражэння і перамогі, але, безумоўна, спадзяюцца на лепшае. На жаль, выйсці са студыі з узнагародай у руках можа толькі адзін удзельнік...
Судзіць спаборніцтвы для маленькіх цяжка. Усе дзеці — надзвычай таленавітыя, прыгожыя ды індывідуальныя. Усе яны ўжо бралі ўдзел у прэстыжных вакальных спаборніцтвах, добра пачуваюць сябе на сцэне і ведаюць, як трэба выступаць перад камерай. Галоўнае — усе дзеці, якія міла ўсміхаюцца з візітовак на тэлеэкранах, прыклалі зусім не дзіцячыя намаганні, каб трапіць на сцэну ў будынку Белтэлерадыёкампаніі. За кожным нумарам стаіць складаная праца, шэраг памылак і перамог, а таксама шчырая любоў да творчасці. Як жа нікога не пакрыўдзіць?
№1 — шчаслівы?
Атрымалася, што першай на сцэне з'явілася Хелена Мерааі з песняй «Я самая». Дзяўчына кажа, што была рада распачаць спаборніцтва: хто ведае, мабыць, нумар адзін сапраўды дапамог ёй стаць найлепшай? На конкурс песні Хелена прыйшла добра падрыхтаваная. Яна займаецца музыкай з 6 гадоў, іграе на фартэпіяна, нават спрабуе пісаць музыку самастойна. Досвед сцэнічных выступленняў чатырнаццацігадовай дзяўчыны ўражвае: яна паспела ўзяць удзел у трэцім сезоне расійскага шоу «Голас. Дзеці», дзе была ў камандзе Дзімы Білана, а таксама выйсці на сцэну дзіцячай «Новай хвалі — 2016» у складзе трыа «Эйва». Перад спаборніцтвам юная пераможца два гады наведвала заняткі па вакале з Вольгай Драздовай — педагогам, які мае багаты вопыт падрыхтоўкі выканаўцаў да «Еўрабачання». «Зорную» песню «Я самая» для Хелены Мерааі напісалі выпускнікі «Фабрыкі зорак — 7» Рыта Дакота (мінчанка Маргарыта Герасімовіч) і Улад Сакалоўскі. Кампазіцыя атрымалася моцная і запамінальная, але ж назваць яе дзіцячай нельга: песню з такім тэкстам лёгка можна ўявіць і на дарослым «Еўрабачанні». Кліп для маладой спявачкі здымалі ў Санкт-Пецярбургу. Напэўна, менавіта падчас здымак кліпа каманда вызначылася са сцэнічным вобразам Хелены: стыль і рухі дзяўчыны падчас жывога выступлення адпавядаюць тым, што гледачы пабачылі ў відэароліку. У выніку на сцэне перад камерамі паўстала дзёрзкая, пластычная, упэўненая ў сабе спявачка.
— Не магу сказаць, што я чакала перамогу. Але вельмі ў яе верыла! — падзялілася Хелена Мерааі пасля трыумфальнага выхаду. — Атмасфера конкурсу нерэальная. Выступленнем я задаволеная, бо на поўную атрымала аддачу ад залы. Перамогу абавязкова адзначу з бацькамі, сябрамі, з тымі, хто прыклаў свае намаганні для таго, каб мой нумар адбыўся: сённяшняя перамога — вынік не толькі маёй працы, але і клопату іншых людзей.
Не перамаглі, але запомніліся
Акрамя Хелены Мерааі пасля расійскага шоу «Голас. Дзеці» ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» ўзялі ўдзел мінчане Стафанія Сакалова і Яраслаў Саколікаў, магіляўчанка Анастасія Дзмітрачкова. Насця Дзмітрачкова — прадстаўніца каманды Пелагеі ў трэцім сезоне «Голас. Дзеці». У нацыянальным адборы яна выступіла дуэтам са сваёй аднакласніцай Арынай Пехцеравай з песняй «Музыка — Сусвет». Дарэчы, Арына таксама мае сцэнічны досвед: удзельнічала ва ўкраінскім праекце «Голас», прайшла ў паўфінал «Новай хвалі — 2017» разам з Анастасіяй Дзмітрачковай. Дзесяцігадовы Яраслаў Саколікаў выступаў у другім сезоне шоу ў камандзе Макса Фадзеева. Ён быў самым малодшым удзельнікам праекта, але ўсё ж такі здолеў выйсці ў фінал. У фінал нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне» Яраслаў прайшоў з песняй «Акіян», якую напісаў для хлопчыка мастацкі кіраўнік арт-гурта «Беларусы» Валерый Шмат (сёлета ён стаў аўтарам песні яшчэ і для канкурсанткі з Брэста Анастасіі Цімафеевіч). Нягледзячы на тое, што песня здавалася для маленькага выканаўцы занадта сур'ёзнай (хоць і раскрывала яго вакальныя здольнасці), ён выдатна справіўся са сваёй задачай, спеў душэўна і эмацыйна.
Адзінаццацігадовая Стафанія Сакалова запомнілася беларускім тэлегледачам не толькі па чацвёртым сезоне расійскага шоу «Голас. Дзеці» (маленькая мінчанка спявала ў камандзе Валерыя Меладзэ), але і па трэцім сезоне праекта «Я спяваю» на канале АНТ, і па ўдзеле ў дзіцячым конкурсе «Славянскага базару» «Віцебск-2015», дзе яна атрымала другую прэмію, і нават па спробе прабіцца на дзіцячае «Еўрабачанне» ў 2016 годзе. Сёлета ў нацыянальным адборы дзяўчына выступіла ажно два разы. Першы раз яна самастойна выканала добрую і шчырую песню «Мама» (дарэчы, аўтарам слоў з'яўляецца маці Стафаніі Алена Ганчарэнка, якая займаецца з дачкой вакалам), другі — выйшла на сцэну ў складзе квартэта Нацыянальнага цэнтра дзіцячай творчасці імя Уладзіміра Мулявіна. З песняй «Працягвай ісці» разам са Стафаніяй Сакаловай да гледачоў звярнуліся Максім Цупрыкаў, Ангеліна Ламака і Стафанія Круглая.
Узнялі настрой аўдыторыі Анастасія Цімафеевіч і Руслана Панчышына, якія выступілі ў фінале адна за адной. Жыццесцвярджальная песня Анастасіі Цімафеевіч арганічна змянілася запальнай і пазітыўнай кампазіцыяй Русланы Панчышынай «Танцуй са мной», якую дзяўчына запісала дзякуючы вядомаму кампазітару Брэндану Стоўну на студыі ў Берліне. Прыкметна, што Руслана прадстаўляе Беларусь на многіх музычных конкурсах: заняла шостае месца ў фінале дзіцячай «Новай хвалі», стала лаўрэатам І ступені конкурсу Rіga Symphony 2014 (Латвія), лаўрэатам І ступені конкурсу Orfeo іn Іtalіa 2014 (Італія), лаўрэатам І ступені конкурсу Vonderland 2015 (Грузія), лаўрэатам ІІІ ступені Berlіner Perle 2015 (Германія) і не плануе спыняцца на дасягнутым.
Сярод песень астатніх удзельнікаў вылучалася кампазіцыя Эліны Матарас: дзяўчына выйшла на сцэну са скрыпкай у руках і пачала выконваць сапраўдную рок-кампазіцыю ў суправаджэнні юнакоў з гітарамі і ўдарнай устаноўкай. Песня «Ты вырашаеш сама» надзвычай блізкая самой спявачцы: ці можа быць інакш, калі Эліна — аўтар яе слоў? Музыку для кампазіцыі напісаў вядомы беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў, які займаецца з Элінай вакалам.
Дванаццацігадовая Марыя Жыліна ў фінале нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» ўжо другі раз. Яна займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнкі, чые вучні — Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч і Андрэй Кунец — з поспехам бралі ўдзел у дзіцячым «Еўрабачанні» ў мінулыя гады. Марыя — адзіная канкурсантка, якая сёлета спрабавала паехаць у Грузію з беларускамоўнай кампазіцыяй. Апошняя ўдзельніца фіналу нацыянальнага адбору Анастасія Жабко вылучылася сярод іншых незвычайным касцюмам і англамоўнымі радкамі песні. Адзенне спявачкі і віцебскага шоу-балета «Сенсацыя», які суправаджаў яе выступленне, нагадвала гледачам пра касмічныя прасторы, што цалкам адпавядала словам яе песні «Ляцім да мар».
Міжнародны дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2017» у Грузіі сёлета пройдзе пад дэвізам «Shіne Brіght» («Ззяй ярка»). Калі браць за аснову гэтае выказванне, усе ўдзельнікі нацыянальнага адбору заслужылі права паехаць у Тбілісі: дзеці цудоўна выступалі, паказалі гледачам высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, насамрэч «запалілі» аўдыторыю сваімі энтузіязмам і энергіяй. Авацыі, якія канкурсанты атрымалі ад гледачоў, былі цалкам заслужаныя. Тым, хто не трапіў на асноўны конкурс, трэба прытрымлівацца дэвіза, які прагучаў у песні квартэта Нацыянальнага цэнтра дзіцячай творчасці імя Уладзіміра Мулявіна, — «Працягвай ісці»! А беларусам застаецца чакаць эфіру з Грузіі і надалей падтрымліваць пераможцу.
Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-charnyauskaya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/helena-meraai
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachae-eurabachanne