Тэмай інтэлектуальнага спаборніцтва стане міжнародны бізнес. Заяўкі на ўдзел у алімпіядзе прымаюцца з 9 па 22 кастрычніка. Завочны тур пройдзе з 23 кастрычніка па 6 лістапада, адборачны вочны (для студэнтаў) — 29 лістапада.
У гэтым годзе алімпіяда пройдзе ў дзвюх лігах: студэнцкай і школьнай. Да ўдзелу запрашаюцца адзінаццацікласнікі беларускіх школ, а таксама студэнты 2-5 курсаў, магістранты, якія навучаюцца па эканамічных спецыяльнасцях ва ўніверсітэтах розных краін. Выступленні будуць ацэньвацца ў камандным і індывідуальным заліках, але старшакласнікі выступаюць толькі ў камандным заліку.
Праграма алімпіяды для студэнцкай лігі ўключае тры тура: адборачны завочны, вочны і фінальны. На старце ў індывідуальным заліку трэба будзе напісаць эсэ на прапанаваную тэму, а для каманды падрыхтуюць кейс у галіне сусветнай эканомікі. Вочны адборачны тур уключае тэставыя заданні і задачы па сусветнай эканоміцы. Студэнтам трэба будзе прадэманстраваць свае веды таксама ў галіне міжнародных эканамічных адносін, менеджменту і маркетынгу, эканомікі замежных краін, эканамічнай тэорыі, мікраэканомікі, макраэканомікі, веданне фінансавых рынкаў і г.д.
Фінал пройдзе ў фармаце публічнага выступлення. Студэнты выступяць з прапановамі па вырашэнні канкрэтнай эканамічнай задачы альбо дадуць ацэнку прыняццю пэўных рашэнняў. Тут канкурсантам трэба будзе зрабіць акцэнт на магчымасць рэалізацыі ідэй, іх арыгінальнасць, лагічнасць і паслядоўнасць, а таксама прадэманстраваць аратарскае майстэрства.
Асобна пройдзе конкурс на веданне англійскай эканамічнай мовы, які прадугледжвае праверку разумення эканамічных тэкстаў і публічныя выступленні перад журы.
Школьная ліга складаецца з двух этапаў: адборачнага завочнага і фінала. У першым туры неабходна вырашыць крэатыўную бізнес-задачу, звязаную з міжнароднай эканамічнай дзейнасцю беларускіх кампаній. Найлепшыя прапановы будуць прадстаўлены ў фінале перад журы.
Таксама ў рамках алімпіяды запланаваны сустрэчы і майстар-класы з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый, дзейнасць якіх звязана з сусветнай эканомікай.
Фінальныя спаборніцтвы ў абедзвюх лігах адбудуцца 30 лістапада.
Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны дыпломамі I, II, III і ступені, а таксама каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, лепшыя студэнты змогуць прайсці стажыроўку ў вядучых эканамічных арганізацыях Беларусі, а школьнікі — стаць “студэнтамі на тыдзень” на факультэце міжнародных адносін..
Арганізатарам алімпіяды выступіў факультэт міжнародных адносін БДУ пры падтрымцы міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, Місіі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь, Банка развіцця нашай краіны, Беларускага інавацыйнага фонду і Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[6] https://zviazda.by/be/tags/adkrytaya-alimpiyada-pa-susvetnay-ekanomicy
[7] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[8] https://zviazda.by/be/tags/biznes