Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці расследуецца крымінальная справа ў адносінах групы асоб, якія займаліся махлярствам у сферы аўтастрахавання.
Па справе праходзяць 36 чалавек. Удзельнікі злачыннай групы на працягу 2012—2016 гадоў на тэрыторыі Мінскай вобласці інсцэніравалі шматлікія дарожна-транспартныя здарэнні з мэтай атрымання выплат па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. Аўтамабілі, якія выкарыстоўвалі зламыснікі, былі ў асноўным прэміум-класа: BMW Х5, BMW 525, Vоlvо S60 і іншыя. У следства ёсць звесткі аб 18 фактах імітацыі страхавых выпадкаў, у выніку якіх саўдзельнікі завалодалі грашовымі сродкамі страхавых кампаній у памеры 160 тыс. рублёў.
Падчас вобыску ў іх забралі дакументы, сродкі сувязі, аўтамабілі і іншыя рэчавыя доказы. На маёмасць накладзены арышт. Дзеянні падазраваных кваліфікаваны як махлярства, здзейсненае групай асоб, у буйным памеры (ч. 2, 3 арт. 209 Крымінальнага кодэкса). Сямёра з іх узяты пад варту.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/mahlyarstva
[6] https://zviazda.by/be/tags/zatrymanne
[7] https://zviazda.by/be/tags/milicyya