Заўважаю за сабой дзіўную асаблівасць: як захварэю, не магу чытаць штосьці новае, перачытваю толькі старыя любімыя кнігі. У бальніцу, калі давялося легчы на аперацыю, узяла толькі «Майстра і Маргарыту». Нічога іншага там проста не ішло... Здаецца, мой чытач ужо зразумеў, што асенняя прастуда не абышла мяне сёлета.
Хаваючыся ў цёплы авечы плед з сінімі кветкамі, які дастаецца з антрэсоляў звычайна разы два на год, зноў чытала Хемінгуэя «Свята, якое заўсёды з табою». Ён там апісвае сезон дажджоў у Парыжы. Памятаеце: «А потым надвор'е сапсавалася. Яно перамянілася ў адзін дзень...» Акурат як у нас цяпер. І ўжо каторы дзень неба палівае з перапынкамі, ды яшчэ пранізлівы вецер, карціну дапаўняюць амаль голыя дрэвы, асобныя з якіх скінулі лістоту сёлета вельмі рана. Ну, і самае галоўнае — холад у кватэры, холад на рабоце, нейкая ўнутраная няўтульнасць, як сказаў паэт: «У акне слата і ў душы». Ну і што тут рабіць?
А як сто гадоў таму Хемінгуэй ратаваўся ад хандры ў сезон дажджоў, ці яго лірычны герой, што адно і тое ж? Нагадаю, ён зайшоў у невялікае ўтульнае кафэ, заказаў каву, дастаў блакнот, стаў пісаць новае апавяданне і любавацца дзяўчынай, што сядзела насупраць: «Я ўбачыў цябе, прыгажуня, і цяпер ты належыш мне, каго б ты ні чакала, нават калі я ніколі цябе больш не ўбачу, — думаў я. — Ты належыш мне, і ўвесь Парыж належыць мне...» Так і нам, падумала я, седзячы ў Брэсце пад пледам, варта ўспамінаць што-небудзь цёплае, добрае ды чакаць цяпла. Уключаць жа яго калі-небудзь. Вунь у Магілёве, кажуць, у суботу ўжо ўключылі, а ў Гродне яшчэ раней.
Ледзь не ва ўсіх газетах калегі напісалі па калонцы пра нерэнтабельны альбо нават неразумны падыход да пытання ўключэння цяпла. Прыводзілі вельмі слушныя аргументы. І я хацела напісаць пра гэта, а потым падумала: хіба цяплей стане? Успомнілася, як больш за дзесяць гадоў таму на прамую лінію нашаму мэру званіла жанчына, скардзілася, што ў іх доме ацяпленне не ўключана. А ён у адказ: «Як не ўключылі! Я ж падпісаў распараджэнне». «Але ж распараджэннем не нагрэешся», — разгублена запярэчыла заяўніца. Што праўда, то праўда. І выратаванне тапельцаў — справа, як вядома з класікі, іх саміх.
Адным словам, чым болей ляжыш, тым больш мерзнеш, а рух — гэта жыццё, падумала я, устала з пасцелі і пайшла на кухню гатаваць. Хоць і была такая спакуса паваляцца, пакашляць, каб усе пашкадавалі, потым пабурчаць накшталт Фаіны Ранеўскай: «Маўляў, вакол столькі любові, а ў аптэку схадзіць няма каму». Але ў аптэку я схадзіла напярэдадні, у пятніцу, лекаў хапала. А ноччу прыехала дачка з Мінска. І ва ўсіх на суботу намячалася шмат спраў. Так што парадаваць смачным абедам сямейнікаў аказалася вельмі дарэчы. А пакуль варыла і смажыла, ужо неўпрыкмет расхадзілася, прапала звычайная для прастуды ламота, альбо я перастала яе заўважаць. Ды і ў кватэры стала намнога цяплей ад пліты. Увечары ж наступнага дня, найбольш, каб сагрэцца, з паловы дзявятай да паловы дзясятай я мыла падлогу ва ўсёй кватэры. За гэтым практыкаваннем, гаспадыні ведаюць, разаграваешся, не горш, чым у спартыўнай зале.
Яшчэ, калі холадна, я звычайна пяку яблычны пірог. Не столькі, каб паесці, колькі для паху і цяпла, якія разыходзяцца па ўсіх пакоях. Вось бачыце, колькі спосабаў перамагчы холад. Адцягнуць сваю ўвагу ад здрадніцка-дэпрэсіўнага настрою найлепш, калі на яго не застаецца часу. Ну што толку наракаць на холад у кватэры? У рэшце рэшт уключаць тое цяпло. І як добра тады стане. Ды і хіба можна ацаніць утульнасць і каштоўнасць уласнага дома, калі не адчуць на ўласнай скуры, як бывае мулка і нявесела, калі холадна. Не паспяваюць нашы службы, можа, яшчэ і ад таго, што не заўсёды ж так рана халады пачыналіся.
...Мне запомніўся дзень 26 кастрычніка 2004 года. Тады стаяла такая прыгожая, сапраўды залатая восень. Мы хадзілі па ўзлеску каля Булькоўскага возера, адной з самых маляўнічых мясцін у ваколіцах Брэста. Пра цяпло можна меркаваць па тым, што я была апранутая ў даволі лёгкі плашч. А дрэвы выглядалі так урачыста, так незвычайна прыгожа іх расквеціла стракатая лістота, што гэта больш напамінала вясну, а не восень, так, нібы вясна пасмяялася і знарок пераблытала фарбы. Бачыце, колькі гадоў прайшло, а той дзень належыць мне, як Хемінгуэю выпадковая дзяўчына з кавярні на плошчы Сен-Мішэль. Так што жадаю табе, дарагі чытач, цяпла ў доме і цёплых успамінаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:yackevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vosen
[5] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[6] https://zviazda.by/be/tags/pirog-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/dazhdzhy