Чатырнаццаты раз горад Мар'іна Горка прымаў удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».
Мерапрыемства, якое ўпершыню стартавала ў Пухавіцкім раёне ў 2001 годзе і атрымала тут пастаянную прапіску, лічыцца галоўным форумам аматарскай творчасці Мінскай вобласці і ахоплівае ўсю жанравую палітру народнага мастацтва. У межах фестывалю адбылася творчая імпрэза «Песняры беларускага слова», прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, урачыстасці з нагоды святкавання Дня работнікаў культуры, канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, конкурс «На хвалях творчасці».
У конкурснай праграме ўзялі ўдзел 23 аматарскія калектывы народнай творчасці з усіх рэгіёнаў Міншчыны, для якіх фестываль з'яўляецца своеасаблівым экзаменам, вынікам творчай дзейнасці. Кожны з іх прадэманстраваў свае талент і прафесіяналізм. Выступленні ацэньвала журы на чале з кампазітарам Ігарам Лучанком. У складзе яго і такія аўтарытэтныя асобы, як мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі.
Гран-пры фестывалю — мікрааўтобус — дастаўся Смалявіцкаму раёну, які прадстаўлялі народны ансамбль «Пліса» Акцябрскага сельскага дома культуры, узорны духавы аркестр і народны вакальны ансамбль «Ад шчырага сэрца» дзіцячай школы мастацтваў.
Не засталіся без узнагарод і іншыя пераможцы і ўдзельнікі конкурсу. Ім уручаны камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры, камп'ютары, мікрафоны.
Дадам, «Напеў зямлі маёй» — галоўная культурная падзея ў жыцці вобласці. Гэтаму форуму народных талентаў удзяляецца асаблівая ўвага з боку Мінаблвыканкама.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[5] https://zviazda.by/be/tags/narodnaya-tvorchasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/marina-gorka
[7] https://zviazda.by/be/tags/napeu-zyamli-mayoy