Дарагія сябры! Сардэчна віншую вас са 135-годдзем з дня нараджэння славутага пісьменніка, народнага паэта Беларусі, класіка нацыянальнай і сусветнай літаратуры Якуба Коласа.
Адзін з заснавальнікаў сучаснай мастацкай прозы, аўтар знакамітых паэтычных шэдэўраў, ён стаў сапраўдным народным песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі. Таленавіты майстар слова адлюстраваў у сваіх творах самыя высокія чалавечыя пачуцці, мудрасць і найлепшыя рысы характару беларусаў, шчырую любоў да роднай мовы. Жыццё і літаратурная дзейнасць нашага выдатнага земляка — прыклад самаадданага служэння народу і Айчыне. А яго творчая спадчына па праве лічыцца крыніцай духоўнасці і натхнення для многіх пісьменнікаў.
Упэўнены, урачыстыя мерапрыемствы будуць спрыяць захаванню, развіццю і папулярызацыі нацыянальнай культуры, умацаванню еднасці грамадства і ўслаўленню новых яркіх літаратурных талентаў.
Жадаю ўсім поспехаў, міру і дабрабыту!
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/yakub-kolas