Мужчыны жартуюць, што спачатку жанчыны выпіваюць з іх усю кроў, а пасля цягнуць да ўрача. Што характэрна, медыкі пацвярджаюць: многія мужчыны на прыём да ўрача трапляюць менавіта з падачы жонак. Прынцып такога клопату быў узяты на ўзбраенне ў адной еўрапейскай краіне, дзе сярод жанчын пачалі праводзіць агітацыйную работу па прыцягненні мужчын да абследавання на прастатспецыфічны антыген (ПСА). Выяўленне раку прастаты на ранніх стадыях істотна вырасла — чаго і варта было чакаць.
Вучоныя сцвярджаюць, што ў беларускіх мужчын верагоднасць дажыць да 75 гадоў не перавышае 25 працэнтаў, у жанчын — удвая вышэйшая. Статыстыка сведчыць, што мужчыны жывуць гадоў на 7—10 менш за жанчын. Такім сумным разрывам ужо даўно не могуць «пахваліцца» многія, многія краіны. У развітым свеце размова ідзе пра адзін — максімум тры гады розніцы. Можа, замежніцы лепш умеюць угаворваць сваіх непахісных своечасова хадзіць да ўрача? Напэўна. Але ж на медыцыну спадзявайся, а сам...
Слабае звяно
Прырода распарадзілася так, што самцы... не надта жыццеўстойлівыя. Хоць спачатку на 100 жаночых эмбрыёнаў прыпадае ажно 160 мужчынскіх. На этапе з'яўлення на свет на 100 дзяўчынак — ужо 106 хлопчыкаў. Ну і чым далей, тым усё больш відавочны гэты колькасны разрыў.
Паводле слоў дацэнта кафедры ўралогіі і нефралогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдата медыцынскіх навук Мікалая ДОСТЫ, мужчыны значна больш падвяргаюцца самым розным шкодным уздзеянням. Яны працуюць на шкоднай вытворчасці, менш стрэсаўстойлівыя, акрамя таго, сярод іх больш распаўсюджаны шкодныя звычкі. Першымі на праблему звярнулі ўвагу ў ЗША — гадоў дваццаць назад, калі было вырашана стварыць Сусветную асацыяцыю мужчынскага здароўя. Не так даўно нарадзілася такая асацыяцыя і ў Расіі. У свеце існуе «ажно» два інстытуты мужчынскага здароўя — у ЗША і Аўстрыі. У нас гэту тэму на нацыянальным узроўні паднялі летась. Зайшла размова пра стварэнне кабінета мужчынскага здароўя. Праўда, яго асноўнай мэтай павінна стаць абследаванне мужчын рэпрадуктыўнага ўзросту, каб у першую чаргу дапамагчы бясплодным.
Але ж тэма мужчынскага здароўя наўрад ці абмяжоўваецца толькі здольнасцю да зачацця. Бясплоднасць — гэта толькі адна з велізарнай колькасці праблем са здароўем у сучаснага мужчыны. Нездароўе моцнага полу абумоўлена ў першую чаргу сардэчна-сасудзістымі, анкалагічнымі, эндакрыннымі, уралагічнымі ды іншымі паталогямі. Да пары да часу абсалютная большасць пра ўвесь свой букет захворванняў нават не здагадваецца. Моцны пол, аказваецца, вельмі інертны. Па некаторых замежных даных, толькі 37 працэнтаў звяртаюцца па ўрачэбную дапамогу пры з'яўленні нейкіх расстройстваў. Толькі 10 працэнтаў з гэтай колькасці прымаюць прызначанае лячэнне. Што ўжо гаварыць аб аглядах прафілактычных...
Ведаў — нуль
Агульная дасведчанасць нашых мужчын аб сваім здароўі і здароўі наогул — дзесьці на ўзроўні трэцяга класа. Паводле апытанняў, палова не ведае, дзе знаходзіцца прастата і для чаго яна наогул патрэбна. Усяго 25 працэнтаў ведае, хто такі андролаг. Дарэчы, гэта ў першую чаргу, уролаг, які спецыялізаваўся па сексалогіі, рэпрадуктыўнай эндакрыналогіі, экстракарпаральным апладненні і некаторых іншых пытаннях. Такія спецыялісты ў Беларусі ёсць, іх няшмат, але ў большасці выпадкаў дастаткова і ўролага, які займаецца захворваннямі органаў мочапалавой сістэмы ў мужчын (і мачавой — у жанчын). Уролагі ў нашай краіне сёння больш даступныя. І тым не менш многія мужчыны вельмі позна знаходзяць да іх дарогу — бадай, толькі калі моцна прыцісне. А трэба было б рэгулярна наведвацца пачынаючы з 18—29 гадоў, калі можна выявіць першыя прыкметы будучых непрыемнасцяў. Спецыялісты бачаць у гэтым вялікую праблему.
Вось з жанчынамі сітуацыя іншая. Па меры таго, як падрастае дзяўчынка, яна пераходзіць ад педыятра да гінеколага. Цяжарнасць, роды, хваробы дзіцяці — пастаянна даводзіцца сустракацца з белымі халатамі. Сярэднестатыстычная жанчына звяртаецца па ўрачэбную дапамогу ў 100 разоў часцей за мужчыну!
Не лепшая спадчына
Нейкага канкрэтнага крытэрыя мужчынскага здароўя не існуе, бо як абазначыць адной лічбай стан камфорту — фізічнага, псіхічнага, сацыяльнага? Відавочна, што галоўнай прычынай смяротнасці з'яўляюцца не эрэктыльныя дысфункцыі. Але ж уралагічныя праблемы часта абумоўлены наяўнасцю... эндакрынных парушэнняў. На жаль, нават не ўсе ўрачы разумеюць гэтую сувязь, калі пачынаюць лячыць прастату да абследавання ў эндакрынолага. З узростам у мужчын трэба падазраваць і выяўляць так званы метабалічны сіндром, захворванні шчытападобнай залозы. Што да таго ж метабалічнага сіндрому, то пазбегнуць парушэння абмену рэчываў і артэрыяльнай гіпертэнзіі можна толькі з дапамогай адпаведнага ладу жыцця. Вага, акружнасць таліі, артэрыяльны ціск, халестэрын і ўзровень глюкозы павінны быць у норме. А яшчэ добра мець... ідэальную генетыку.
— Вельмі многае, як высвятляецца, закладваецца ў генетычны матэрыял будучага дзіцяці падчас цяжарнасці і перадаецца наступным пакаленням. На здароўе будучага мужчыны ўплывае стан здароўя яго мамы, а яшчэ вельмі шмат фактараў навакольнага асяроддзя, якія ўздзейнічалі на яе падчас цяжарнасці. Пестыцыды, гербіцыды, пластык, дамашняя хімія — чым менш, тым лепш, — заўважае загадчыца кафедры эндакрыналогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Ларыса ДАНІЛАВА. — Важны момант — харчаванне ў розныя трыместры цяжарнасці. Галандцы даследавалі здароўе дзяцей, чые маці галадалі падчас Другой сусветнай вайны. Аказалася, галаданне ў першыя трыместры закладвае паломкі, якія потым абарочваюцца лішняй вагой, атлусценнем і цукровым дыябетам 2 тыпу. Нам пакуль цяжка нават усвядоміць, наколькі арганізм чалавека і навакольны свет узаемазвязаны — усё нашмат больш складана, чым здавалася...
Што да харчавання, то эндакрынолагі ўсім нам указваюць на рэзкае павелічэнне рызыкі цукровага дыябету 2 тыпу пры ўжыванні прадуктаў, багатых на транс-тлушчы (мяккія маргарыны, спрэды, кулінарныя тлушчы і інш.). А паводле аднаго брытанскага даследавання, у Беларусі канцэнтрацыя транс-тлушчаў у прадуктах харчавання вельмі высокая. Якім чынам было праведзена само даследаванне, сказаць цяжка, аднак паразважаць ёсць над чым.
Літраў пяць?
Якасць здароўя кожнага наступнага пакалення мужчын — гэта паводзіны ў маладыя гады яго папярэднікаў. Менавіта ў маладосці закладваюцца ў генетычны матэрыял набытыя паломкі і парушэнні, якія будуць перадавацца наступным пакаленням. Але хто пра гэта думае?.. Ці ведаюць мужчыны, што для рэпрадуктыўнага здароўя мець высокі ўзровень тэстастэрону няблага, аднак такія мужчыны заўсёды схільныя да агрэсіўных і рызыкоўных паводзінаў, што прыводзіць і да ранняй смяротнасці. Такіх проста цягне пакаштаваць усё, што не варта. Напрыклад, алкаголь.
— У нас смяротнасць мужчын у рэпрадуктыўным узросце звязана з ужываннем і злоўжываннем алкаголем, — кажа намеснік дырэктара па медыцынскай часці Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей ОСІПЧЫК. — Да нас на абследаванне накіроўваюць прызыўнікоў. У аднаго з іх я спытаў пра занятак у вольны час. Хлопец сказаў, што яны сядзяць з сябрамі, п'юць піва, і асабіста ён здольны выпіць за вечар... літраў пяць... Не думаю, што ў нас можна гаварыць аб недаступнасці меддапамогі. Звычайна мае месца нізкая дасведчанасць аб нейкіх важных рэчах. Неабходна фарміраваць адэкватныя паводзіны ў маладых мужчын.
Гармон у дэфіцыце
Колькасць мужчынскага палавога гармону тэстастэрону зніжаецца пасля 35 гадоў на 1,5 працэнта штогод. Гэта спрыяе развіццю ўралагічнай паталогіі ў мужчын пасля 40. Пік захваральнасці прыпадае на 52—56 гадоў. Дарэчы, за апошняе дзесяцігоддзе ўралагічная захваральнасць у структуры агульнай вырасла прыкладна ўдвая — і не за кошт інфекцый, а за кошт захворванняў прастаты і мочакаменнай хваробы.
Калі ўзяць мужчын 35, 45 і 55 гадоў, то з кожным дзесяцігоддзем будзе адзначацца ўсё больш выпадкаў спалучэння зніжэння ўзроўню тэстастэрону, вісцэральнага атлусцення (калі мяняюцца суадносіны тлушчавай і мышачнай тканкі, прычым гэта можа быць не такім ужо відавочным чыста знешне — навакольныя не скажуць, што ў гэтага мужчыны ёсць атлусценне) і метабалічнага сіндрому.
Усё гэта і ёсць праявы ўзроставага андрагеннага дэфіцыту, які цягне за сабой дабраякасную гіперплазію прастаты, рак прастаты, сімптомы парушанага мочаспускання, мочакаменную хваробу, рак ныркі, хранічныя захворванні нырак, рак мачавога пузыра, сексуальную дысфункцыю, мужчынскую бясплоднасць. Адным словам, 90 працэнтаў уралагічных праблем.
Ёсць варыянты
Дваццаць гадоў таму захваральнасць на рак прастаты была ў нас адной з самых нізкіх у Еўропе, а смяротнасць адна з самых высокіх, яна прырастала штогод на 10 працэнтаў. У 2000 годзе ад раку прастаты памерла 1 тысяча мужчын, і далей плюс 100 кожны год. У 2007 годзе ў нас, нарэшце, пачалі займацца скрынінгам прастаты, хоць для ўрачоў гэта відавочная дадатковая нагрузка. Хоць бы таму, што давялося поўнасцю памяняць сістэму падыходу да дыягностыкі. А для Міністэрства аховы здароўя — гэта яшчэ і дадатковыя расходы. Пацыентам жа скрынінг наогул не патрэбны. Паспрабуйце пераканаць мужчыну, які «нічога не адчувае», у неабходнасці здачы аналізаў.
Урэшце дзякуючы жорсткім адміністрацыйным мерам удалося ў некалькіх раёнах укараніць гэту практыку. І толькі калі быў атрыманы пэўны вынік, практыку пашырылі на ўсю краіну. Паказчыкі захваральнасці выраслі ў 7 разоў, але на працягу апошніх 5 гадоў Беларусь мае зніжэнне смяротнасці ад раку прастаты на 2 працэнты ў год. Скрынінгам ахоплена 250 тысяч мужчын. Калі ўдасца ахапіць 800 тысяч, смяротнасць знізіцца яшчэ больш.
Здароўе мае на ўвазе не столькі адсутнасць захворванняў, колькі дабрабыт ва ўсіх сэнсах, якасць жыцця. Пра гэта клапоцяцца і анколагі.
— Перад такімі аперацыямі, як прастатэктамія (якія выклікаюць імпатэнцыю), я пытаюся ў пацыентаў, што яны выбіраюць: працяглае жыццё з імпатэнцыяй і частковым нетрыманнем мачы або менш працяглае і з нармальнай патэнцыяй? На маёй памяці толькі адзін чалавек (і тое гэта быў жыхар Арменіі) выбраў другі варыянт, — заўважае намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей КРАСНЫ. — Але калі ты памёр, то ўжо не мае значэння, з якой патэнцыяй...
Якасць жыцця — гэта яшчэ і пра ранняе выяўленне любых захворванняў. А для гэтага ў нашых мужчын павінна з'явіцца патрэба ў своечасовых абследаваннях, адпаведным ладзе жыцця, бо ніякая суперсучасная медыцына не ратуе таго, хто сам сябе не ратуе.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue