Сертыфікаты на атрыманне маладняку перададзены першым сямі сем'ям у Ганчароўскім сельсавеце Ляхавіцкага раёна. Гэта стала магчыма дзякуючы ініцыятыве, якую рэалізуе Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Сума фінансавання складае 25 060 еўра.
За гэтыя грошы ў пачатку года купілі 20 высокаўдойных кароў. Яшчэ тры набыла фермерская гаспадарка «ЛагуЦін», якая з'яўляецца адным з партнёраў ініцыятывы. Каровы знаходзяцца ў гаспадарцы, а прыплод ад іх раздаецца сялянам бясплатна — каб яны маглі развіваць уласную гаспадарку, атрымліваць малако для сваёй сям'і, а лішкі прадаваць.
Паводле ўмоў дагавора, гаспадар дарошчвае цяля самастойна, а першую цялушачку ад маладой каровы перадае наступнаму гаспадару. Такім чынам добрая справа працягваецца. Таму ініцыятыва і атрымала назву «Доўгая карова».
І вось конкурс падворкаў прайшоў у Ганчароўскім сельсавеце. Сем сем'яў, якія зарэкамендавалі сябе добрымі гаспадарамі, атрымалі права на маладняк. Так што першая партыя пародзістых цялят перайшла на новае месца жыхарства.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyahavicki-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/gaspadarka
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne