Учора чатыры вобласці нашай краіны — Віцебская, Гомельская, Магілёўская і Мінская адзначылі 80-гадовы юбілей. Калі такога самавітага ўзросту дасягае чалавек, на свяце найперш згадваюцца поспехі і добрыя справы юбіляра. Уласна, па гэтаму ж шляху рашылі пайсці і мы, бо аб кожным з рэгіёнаў сапраўды ёсць што сказаць.
Віцебшчына: прыцягальная сіла
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ адзначае:
— Віцебшчына, паўночны рэгіён Беларусі, мае асаблівую прыцягальную сілу. Хто аднойчы сюды трапляе, хоча зноў абавязкова вярнуцца. Гасцей у нас прымаюць з асаблівай чалавечай цеплынёй.
Непаўторныя прыродныя комплексы, помнікі архітэктуры, багатыя народныя традыцыі нікога не пакінуць абыякавымі. Жыхары вобласці ганарацца тым, што Полацкае княства ў ІХ стагоддзі стала калыскай беларускай дзяржаўнасці. Полацк яшчэ і радзіма першадрукара Францыска Скарыны. Летась, нагадаю, адсвяткавалі 500-ю гадавіну беларускага кнігадрукавання. Шмат паломнікаў прыязджаюць, каб пакланіцца прападобнай Ефрасінні Полацкай...
Сёння Віцебская вобласць па вытворчасці электраэнергіі — самая магутная ў краіне, шмат зроблена па мадэрнізацыі Лукомскай ДРЭС. Мы рэалізуем маштабныя інвестыцыйныя праекты, сярод якіх — увод каскада гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне. Прыродны газ прыйшоў ва ўсе гарады і пасёлкі рэгіёна, дзякуючы газіфікацыі вясковае жыллё набліжаецца да гарадскога.
Паступова крочыць у будучыню аграпрамысловы комплекс, павялічваецца аб'ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, створаны буйныя аграхолдынгі, якія вызначаюць шляхі да харчовай бяспекі і стабільнасці.
Па выніках мінулага года на Віцебшчыне адбыўся ўстойлівы рост ва ўсіх сферах эканомікі. Прамысловасць працуе з ростам чыстага прыбытку і рэнтабельнасці продажаў. Хуткімі тэмпамі павялічваюцца пастаўкі тавараў на экспарт. Прадукцыя з віцебскай маркай пастаўляецца ў 90 краін свету. Ствараюцца новыя прадпрыемствы і вытворчасці.
Гэтыя і іншыя факты — добрая падстава для годнага святкавання 80-гадовага юбілею вобласці.
Гомельшчына: індустрыяльны лідар краіны
Сёння Гомельская вобласць — самая буйная ў Беларусі па плошчы, якая складае 40,36 тысячы квадратных кіламетраў, — пятая частка тэрыторыі нашай краіны. Па памерах Гомельская вобласць большая за Албанію, Бельгію, Люксембург, Кіпр, Сальвадор. Жыве на Гомельшчыне зараз 1 мільён 418 тысяч чалавек — гэта амаль 15 % агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі. У эканоміцы занята каля 590 тысяч чалавек.
Сёння Гомельская вобласць з'яўляецца індустрыяльным лідарам у краіне. У вобласці працуе больш за 250 буйных і сярэдніх, а таксама больш за тысячу малых прадпрыемстваў, якія складаюць пятую частку прамысловай вытворчасці Беларусі. Ужо ў ХХІ стагоддзі аб'ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 2,2 раза, прадукцыі сельскай гаспадаркі — у 2 разы, таваразварот гандлю — у 5,1 раза, інвестыцый у асноўны капітал — у 3,2 раза.
На тэрыторыі вобласці размешчаны шэраг прамысловых гігантаў, якія шырока вядомыя ва ўсім свеце: ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», ВА «Беларуснафта», ААТ «Беларускі металургічны завод», холдынг «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі хімічны завод». У Гомельскую вобласць за перыяд з 2011 года прыцягнута замежных інвестыцый на суму больш за $6 млрд з больш чым 40 краін свету.
Зусім хутка плануецца ўвесці завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон у год у ААТ «Светлагорскі ЦКК». ААТ «Гомельшкло» завяршае праект па выпуску энергазахавальнага шкла. Завяршаецца рэалізацыя вытворчасці новых відаў кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы».
Між тым каля 60 % усяго аб'ёму прадукцыі прадпрыемстваў Гомельшчыны пастаўляецца на экспарт.
80-годдзе стварэння Гомельскай вобласці — гэта свята для ўсіх, хто ў розныя гады ўклаў працу, веды, талент і энергію ў прымнажэнне багаццяў роднай зямлі, адзначае старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дворнік:
— За гэтыя дзесяцігоддзі змянілася шмат пакаленняў, перабудоўвалася дзяржаўная сістэма, змяняўся эканамічны курс, ставіліся новыя мэты. Нязменным для нас заставалася галоўнае — жыць у міры, апрацоўваць зямлю, будаваць дамы, гадаваць дзяцей, паважаць старэйшых, дапамагаць блізкім. А яшчэ — беражліва захоўваць і ганарыцца гісторыяй нашага роднага дома — Гомельскай вобласці.
Міншчына: прывабная для інвестараў
Мінская вобласць — гэта пятая частка усіх прыцягнутых у асноўны капітал інвестыцый, што дазволіла рэгіёну стаць лідарам у краіне па асноўных паказчыках дзейнасці ў гэтай сферы. Інвестыцыйны патэнцыял не абмежаваны толькі Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам і Свабоднай эканамічнай зонай. Нягледзячы на тое, што найбольшую цікавасць у інвестараў выклікаюць пляцоўкі ў Мінскім раёне, кожны райвыканкам актыўна працуе па фарміраванні дастойных прапаноў для фінансавых укладанняў і пошуку патэнцыяльных інвестараў.
Інвеставанне ажыццяўляецца як дзеючымі прадпрыемствамі, так і шляхам стварэння новых, у тым ліку з замежным капіталам. Больш як 170 інвестыцыйных праектаў запланавана да рэалізацыі ў 2018 годзе. Асаблівую цікавасць у інвестараў апошнім часам выклікае будаўніцтва смеццеперапрацоўчых прадпрыемстваў па самых найноўшых тэхналогіях. Ужо праведзены папярэднія перамовы з інвестарамі з Бельгіі і Германіі. Таксама чакаецца, што новыя рэзідэнты Індустрыяльнага парка, а іх ужо 25, прыступяць да актыўнага асваення будаўнічых пляцовак і стварэння сучасных вытворчасцяў.
На ўрачыстым сходзе, прысвечаным юбілею вобласці, старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА адзначыў:
— За восемдзесят гадоў вобласць прайшла няпросты, але паспяховы шлях. Яна з'яўляецца цэнтральным рэгіёнам краіны і трывала ўтрымлівае лідарства ў аграпрамысловым комплексе. Вядзецца мэтанакіраваная работа па мадэрнізацыі вытворчасці, укараненні новых інтэнсіўных тэхналогій, машын і механізмаў, высокатэхналагічнай дысцыпліны кадраў усіх узроўняў. Дынамічна развіваюцца прамысловасць, будаўніцтва, іншыя галіны эканомікі. Нашы тавары купляюць больш як у 130 дзяржавах, а такія прамысловыя гіганты як «Беларуськалій», «БелАЗ» вядомыя ва ўсім свеце. Пазітыўныя перамены адбыліся ў адукацыі, культуры, фізкультуры і спорце. З кожным днём пераўтвараюцца да лепшага нашы гарады і сёлы. У вобласці вядзецца будаўніцтва жылля, школ, дзіцячых дашкольных устаноў, клубаў, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. Але галоўным багаццем нашага краю заўсёды былі людзі. Дзякуючы стваральнай і добрасумленнай працы жыхароў Міншчыны вобласць мяняецца з кожным годам, становіцца лепшай і прыгажэйшай.
Магілёўшчына: эстафета добрых спраў
Сёння Магілёўшчына з'яўляецца галоўным у краіне вытворцам хімічных валокнаў, цэменту, цэглы, будаўнічых блокаў, жалезабетонных рэек, тканін. У цяперашні час аблвыканкамам заключана каля 50 дакументаў аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.
Юбілейны год вобласці было вырашана адзначыць эстафетай добрых спраў. У рамках праекта, на працягу месяца з 14 снежня па 15 студзеня ўсе прыемныя падзеі — адкрыццё сацыяльна значных і вытворчых аб'ектаў, канцэрты і творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і дабрачынныя мерапрыемствы — прысвячаюцца юбілейнай даце.
У раёне Казіміраўкі ў Магілёве адкрыўся трохпавярховы дзіцячы садок на 240 месцаў, а для абласнога анкадыспансера пабудаваны новы аперацыйны блок, дзе акрамя васьмі аперацыйных боксаў размясціліся рэанімацыйна-анестэзіялагічнае і цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленні. У Клімавічах адкрыўся кіназал у Цэнтры культуры, у Кіраўскім раёне здадзены першы пускавы комплекс малочнатаварнай фермы ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», у Глускім раёне на базе «Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» створана аддзяленне набыцця жыццёвых навыкаў. Кожны раён прыклаў намаганні, каб нешта ўкласці ў скарбонку добрых спраў.
— Гэты юбілейны год павінен стаць для нас годам новых значных спраў і новых вытворчых вынікаў, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. — Юбілеі свайго роду бягучы радок памяці, калі ў плыні штодзённых клопатаў мы на імгненне спыняемся, даём ацэнку зробленаму, вызначаем планы на будучыню. А яшчэ — разуменне таго, што мы не першыя і не апошнія на гэтай зямлі, хтосьці быў да нас, хтосьці будзе пасля нас, і ў іх будуць свае юбілеі, а мы станем для іх гісторыяй.
Па традыцыі ў дзень нараджэння вобласці да капліцы на Буйніцкім полі былі ўскладзены «кветкі памяці» ад кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутатаў, ваенізаваных службаў, працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, ветэранаў, моладзі. У гонар тых, хто змагаўся за незалежнасць сваёй радзімы, хто загінуў, яе вызваляючы, адбылася хвіліна маўчання і прагучаў трохразовы ружэйны залп. У гэты ж дзень у аблвыканкаме адбыўся круглы стол з удзелам заслужаных людзей вобласці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [7]
Нэлі ЗІГУЛЯ
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[3] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[4] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[5] https://zviazda.by/be/gramadstva
[6] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[7] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[8] mailto:zigulya@zviazda.by
[9] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[10] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[11] https://zviazda.by/be/tags/voblasci
[12] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-voblasc
[13] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[14] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc
[15] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc