На п’едэстале пашаны
Быць “№ 1”, пра што б канкрэтна ні ішла б размова – пра чалавека ці літаратурны часопіс, – досыць складана. Гэта і не дзіўна, бо на долю лідара заўжды вападае многа патрабаванняў і яшчэ больш адказнасці. А вось гораду, які стаў героем студзеньскай “Маладосці”, лёгка быць першым і распачынаць наш чарговы 12-месячны марафон: яму не займаць ні прыгажосці, ні харызмы, ні прыцягальнасці. Здаецца, ён валодае поўным наборам тых якасцяў, якія ў выніку без варыянтаў прыводзяць на п’едестал пашаны. Не ўпэўнены? Значыцца, вы проста мала знаёмыя з Магілёвам!
Вядома, што найлепшы гід па гораду – гэта чалавек, які ў ім нарадзіўся. Алёна Беланожка расказвае чытачам “Маладосці” пра родны горад: “Пра Магілёў напісана шмат кніг – пра яго гісторыю і культуру, пра мужную абарону горада і кровапралітныя баі на Буйніцкім полі ў час Вялікай Айчыннай вайны, пра вялікія будоўлі і новыя праекты. Магілёў, як птушка Фенікс, некалькі разоў адраджаўся пасля вынішчальных пажараў і войн. Характар горада яшчэ больш загартаваўся ў агні. Затое сёння мы ганарымся кожнай старонкай сваёй мінуўшчыны, цэнім кожную хвіліну міру і рупліва працуем над тым, каб жыць у шчасці і дабрабыце”.
Не дзіва, што горад з такой багатай і трагічнай гісторыяй некалі спрачаўся з Мінскам за права называцца сталіцай Беларусі. Калі хто не ведае і не верыць, хай спытаце ў нашага калумніста Канстанціна Касяка: “Упершыню пра тое, што Магілёў мог стаць сталіцай Беларусі, я пачуў яшчэ ў сярэдняй школе, калі на вакацыі трапіў у летнік. Быў там адзін хлапец з Магілёва – ён і расказаў. А мне не верылася… Як так? Толькі Мінск! Яшчэ больш засумняваўся я ў яго словах, калі пачуў, што ў Магілёве ёсць амаль дакладная копія нашага Дома ўрада. Тады падавалася гэта ўжо нечым з вобласці фантастыкі”.
Увогуле, тая атмасфера загадкавасці і таямнічасці, якая спрадвек ахінала Магілёў, не магла не пакінуць след у творчасці яго ўраджэнцаў. Самы яскравы прыклад – сваеасаблівы настрой прозы магіляўчанкі Святланы Курганавай: “Эва нічога яму не казала два гады. Калі яна толькі трапіла да яго, збольшага толькі маўчала і слухала, гаварыла рэдка. А пасля вечара сядміцы, калі духоўнік чытаў прыходу пра неўраў, злавесных крыважэрных пярэваратняў, што палююць на людзей, Эва сядзела і ціха плакала ў куце пад абразом. Кан яшчэ думаў: напужалася расповедаў пра драпежных неўраў, што жывяцца чалавечынай. Але цяпер успомніў: Эва падымала галаву і глядзела на абраз з крыўдай”.
А вось адна з удзельніц конкурсу маладых літаратараў Магілёўшчыны “Ветразь натхнення” Крысціна Башарымава глядзіць на свет больш аптымістычна:
“Ёсць у мяне чароўны край
Маіх адзінокіх, але светлых думак,
Дзе раніцай бяжыш па расе,
Басанож, уздоўж залацістага поля,
І цябе вітаюць сінявокія валошкі,
І ты ўсміхаешся ім у адказ”.
Усміхніцеся ж і вы нам, а “М”ы са свайго боку абяцаем, што на старонках магілёўскага нумара прадаставім нагоду для гэтага. Вас будзе чакаць наша традыцыйная калумністыка, пераклады сербскай паэзіі і яшчэ шмат цікавага. Пачынаем 2018 год разам!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2