Мой бацька — прыёмны сын у сваіх бацькоў (маіх бабулі і дзядулі). Ці маю я права даведацца, хто яго біялагічныя бацькі, гэта значыць мае кроўныя бабуля і дзядуля? Ці не супярэчыць гэта таямніцы ўсынаўлення? Калі такое права замацавана заканадаўствам і куды мне звяртацца?
Дар'я К., г. Мінск
На пытанне адказвае Алена СЕМЯНЮК, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі:
— Атрымаць звесткі пра ўсынаўленне вашага бацькі можа толькі асабіста ён. Ніякім іншым асобам такая інфармацыя, згодна з заканадаўствам, не даецца.
Пасля ўсынаўлення паміж усынавіцелем (усынавіцелямі) і яго (іх) сваякамі з аднаго боку і ўсыноўленым дзіцем з другога ўзнікаюць такія ж правы і абавязкі, як і паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама іх сваякамі па паходжанні. Усыноўленае дзіця фактычна і юрыдычна становіцца членам сям'і ўсынавіцеляў, лічыць іх сваімі кроўнымі сваякамі. Менавіта з гэтай прычыны таямніца ўсынаўлення ахоўваецца законам.
Пытанні таямніцы ўсынаўлення рэгламентуюцца ў артыкуле 136 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (далей — Кодэкс). Згодна з ім, суд, які вынес рашэнне аб усынаўленні дзіцяці, службовыя асобы, якія здзейснілі рэгістрацыю ўсынаўлення, а таксама асобы, тым ці іншым чынам праінфармаваныя пра ўсынаўленне, абавязаны захоўваць таямніцу ўсынаўлення дзіцяці.
Паведамляць якую-небудзь інфармацыю, выдаваць копіі рашэнняў суда, дакументы і (ці) даведкі, дзе змяшчаюцца звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, па якіх можна зразумець, што ўсынавіцелі не з'яўляюцца кроўнымі бацькамі ўсыноўленага, забараняецца. Дазвол на такія дзеянні можна атрымаць са згоды ўсынавіцеляў, а ў выпадку іх смерці — са згоды органаў апекі і папячыцельства.
Усынаўленне як юрыдычны акт параджае прававыя наступствы, пра што сведчыць артыкул 134 Кодэкса. Усыноўленыя дзеці і іх патомства ў дачыненні да ўсынавіцеляў і іх сваякоў прыраўноўваюцца ў асабістых немаёмасных і маёмасных правах і абавязках да сваякоў па паходжанні. Разам з тым малыя, якіх усынавілі, губляюць асабістыя немаёмасныя і маёмасныя правы і вызваляюцца ад абавязкаў у дачыненні да сваіх бацькоў (сваіх сваякоў).
Усыноўленае дзіця па дасягненні свайго паўналецця (18 гадоў) або ў выпадку набыцця дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме мае права атрымаць звесткі пра сваё ўсынаўленне. Для гэтага яму трэба звярнуцца ў суд, які вынес рашэнне аб усынаўленні. Пра сваё ўсынаўленне чалавек можа даведацца таксама, звярнуўшыся па месцы знаходжання запісу акта аб усынаўленні ці ў орган апекі і папячыцельства па месцы жыхарства ўсынавіцеляў.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу [3]. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых устаноў мы будзем шукаць на іх адказы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:sіdаrоk@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/pravavaya-gascyounya
[5] https://zviazda.by/be/tags/usynaulenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/backi-i-dzeci-0