У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь прайшлі перагаворы кіраўніка ведамства з Дзяржаўным сакратаром Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Аляксандрам Гаёвічам. Удзел у размове, акрамя міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, прынялі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Алена Паўлава, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велька Кавачавіч.
Размова адбылася напярэдадні адкрыцця ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, дзе Сербія з'яўляецца ганаровым госцем. У Беларусь прыехала вялікая дэлегацыя сербскіх пісьменнікаў. Да выстаўкі айчынныя выдавецтвы падрыхтавалі цэлы шэраг кніжных і часопісных публікацый твораў сербскіх паэтаў і празаікаў у перакладзе на беларускую мову. Падчас перагавораў у Мінінфарме размова ішла пра перспектывы медыйнага супрацоўніцтва. Вызначаны асноўныя аспекты меркаванага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Міністэрствам культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія.
— Мне імпануе стаўленне беларускай дзяржавы да кніжнай культуры, — сказаў на сустрэчы спадар Аляксандр Гаёвіч. — Гэтым разуменнем, што без кнігі няма нацыянальнай ідэнтычнасці, сербы і беларусы надзвычай падобныя.
Удзельнікі перагавораў пагадзіліся, што развіццё беларуска-сербскіх гуманітарных, культурных стасункаў патрабуе пашырэння. Варта ствараць новыя пляцоўкі, якія б дапамагалі нашым народам ясна ўяўляць, што дзеецца ў Беларусі і Сербіі, якімі прыярытэтамі вызначаецца дзяржаўная палітыка ў нашых краінах.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-infarmacyi