Цэнтр падтрымкі ініцыятыў жанчын «Спадарыня Прыбужжа» адкрыўся на базе дома культуры аграгарадка Астрамечава Брэсцкага раёна. Ажыццяўленне праекта стала магчыма пасля атрымання гранта Еўрасаюза ў памеры 24,6 тысячы еўра.
Ініцыятыву, якая атрымала фінансаванне, прадставіў на конкурсе ЕС/ПРААН Лышчыцкі сельскі Савет. Яго старшыня Іна ДЗЯЧЭК расказала, што зараз цэнтр уключае ў сябе музей сельскай жанчыны і памяшканне для навучання шыццю, вышыўцы, пляценню карункаў ды іншым відам рамёстваў. Ініцыятыва з самага пачатку была накіраваная на стымуляванне самазанятасці жанчын раёна. Маецца на ўвазе не толькі працаўладкаванне, але і дадатковы заробак у вольны час. А для гэтага вырашылі звярнуцца да гісторыі Прыбужжа, успомніць бабуліны рамёствы. Тым больш што некаторыя прадпрымальнікі і рамеснікі раёна ўжо працуюць у гэтым кірунку. Паводле задумкі аўтараў праекта, яны і навучаць ахвотных спадарынь асновам майстэрства. Як толькі вырашыцца шэраг арганізацыйных пытанняў, цэнтр запрацуе на пастаяннай аснове. Ён стане першай пляцоўкай для работы пачаткоўцаў: прадпрымальніц і рамесніц.
А ўрачыстае адкрыццё цэнтра ўжо адбылося. Патэнцыйных удзельнікаў новай справы павіншавала старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза жанчын Валянціна Пух. Гэта грамадская арганізацыя выступіла партнёрам праекта. Падтрымку новай справе выказалі паспяховыя жанчыны рэгіёна. У іх ліку Наталля Ільніцкая, вядомы брэсцкі прадпрымальнік і мецэнат.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/praan