На камені з мемарыяльнай шыльдай пазначана: «На гэтым месцы стаялі дамы сям'і Луцкевічаў, дзе ў 1896—1906 гг. жылі вядомыя беларускія дзеячы Антон і Іван Луцкевічы».
Памятная дошка ўсталявана непадалёк ад музея Янкі Купалы, таму каля яе ўжо пачалі спыняцца падчас экскурсій.
Калісьці на месцы парку знаходзілася жылая забудова. Тут была і вуліца Садовая, на якой стаяў і дом Зоф'і — маці братоў Луцкевічаў. Самі Антон і Іван жылі тут з 1896 года па 1906 год — да таго, як пераехалі ў Вільню.
Як адзначае ўнучатая пляменніца братоў Луцкевічаў Маргарыта Пярова, якая цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу, памятную шыльду ўдалося ўсталяваць дзякуючы супольным намаганням нашчадкаў Луцкевічаў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міністэрства замежных спраў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Маргарыта Пятрова адзначае, што спробы ініцыяваць усталяванне памятнага знака рабіліся даўно. Цяпер справа скончылася паспяхова ў тым ліку дзякуючы таму, што супрацоўнікі музея Янкі Купалы пацвердзілі слушнасць усталявання такога мемарыяльнага знака ў сталіцы і зручнасць у выкарыстанні яго для экскурсійных маршрутаў.
Архітэктарам і скульптарам праекта стаў вядомы ў сталіцы прафесіянал Юрый Градаў.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/anton-luckevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-luckevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-gradau
[6] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt