Місія завяршаецца, а супрацоўніцтва — не. У хуткім часе цяперашні пасол Індыі ў Беларусі Панкадж Саксена скончыць сваю работу ў нашай краіне. Што зроблена ім за гэты час і як развіваюцца ўзаемаадносіны нашых краін? Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы пасла і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
«Індыя для нас важная краіна, з якой мы хацелі б заўжды мець вельмі цёплыя, добрыя адносіны. У нас вялікая гісторыя, вялікі фундамент узаемаадносін, якія пачынаюцца яшчэ з савецкіх часоў, нашага сяброўства паміж дзвюма велізарнымі дзяржавамі. Тады былі закладзены асновы нашых адносін. І добра, што мы захавалі гэта сяброўства», — сказаў Прэзідэнт.
Па словах кіраўніка дзяржавы, ён сустракаецца з тымі замежнымі пасламі, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне двухбаковых адносін. «Я лічу, што ў вас атрымалася вельмі шмат зрабіць для таго, каб зблізіць нашы дзяржавы», — падкрэсліў заслугі пасла беларускі лідар. Тым больш у апошні час двухбаковы дыялог быў вельмі інтэнсіўным. Пра гэта сведчаць узаемныя афіцыйныя прэзідэнцкія візіты. «Мы прапанавалі цікавыя варыянты для індыйскіх бізнесу, дзяржавы тут, у цэнтры Еўропы. І я хачу, каб вы перадалі кіраўніцтву Індыі, што мы свята будзем прытрымлівацца гэтых дамоўленасцяў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь зацікаўлена і ў індыйскіх інвестыцыях, і асабліва — ва ўзвядзенні беларуска-індыйскага навукова-тэхналагічнага парка. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што наша краіна гатова забяспечыць магчымасці і неабходныя прэферэнцыі для яго стварэння на самых выгадных умовах. «Індыя — магутная дзяржава, значыць, у вас ёсць інтарэс працаваць у Еўропе, на постсавецкай прасторы. Мы таксама зацікаўлены ствараць у вас сумесныя прадпрыемствы для вытворчасці тых тавараў, якія крытычна важныя для вашай эканомікі: аўтамабіле-, трактара- і сельгасмашынабудаванне. Вы добра ведаеце нашы магчымасці. Таму тут у нас павінен быць рух насустрач», — сказаў беларускі лідар.
Пасол Індыі, у сваю чаргу, падкрэсліў, што паміж нашымі краінамі няма раздражняльнікаў і мы падтрымліваем блізкі кантакт у міжнародных арганізацыях. «Мы ўдзячны Беларусі за падтрымку індыйскіх кандыдатур на розных міжнародных пляцоўках», — дадаў Панкадж Саксена.
Панкадж Саксена, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь:
— За той перыяд, што я кіраваў індыйскім пасольствам, мы дасягнулі двух найважнейшых вынікаў. Першае — гэта тое, што адбыўся трэці дзяржаўны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Індыю. Другое — святкаванне 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Я павінен сказаць, што той факт, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Індыю адбыўся менавіта ў год адзначэння гэтай даты, надаў дадатковыя пазітыўныя адценні нашым кантактам, новы кірунак намаганням па дыверсіфікацыі і пашырэнні двухбаковых адносін. Падобныя перагаворы на найвышэйшым узроўні, рэгулярны абмен візітамі надзвычай важныя для пашырэння беларуска-індыйскага супрацоўніцтва.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pankadzh-saksena
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/indyya