Інтэграцыя ў ЕАЭС, міжнародная энергетычная бяспека, патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі з ЗША і Еўропай — гэтыя і іншыя пытанні ў фокусе ўвагі форуму «Беларусь у сучасных геапалітычных і геаэканамічных працэсах».
Акрамя вучоных у канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў кіравання і дыпламатычнага корпуса. У Мінск прыехалі эксперты ў міжнародных адносінах з 10 краін.
— Правядзенне такіх навуковых мерапрыемстваў асабліва неабходна цяпер, калі Еўропа сутыкаецца з такім выклікамі, як міграцыйны крызіс, раскансалідацыя грамадства і новыя пагрозы бяспекі. Адзіны шлях эфектыўнага супрацьстаяння гэтым выклікам — узгодненыя дзеянні, дыялог і супрацоўніцтва паміж усімі еўрапейскімі краінамі, — падкрэсліў актуальнасць сустрэчы Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.
Асаблівая роля ў гэтым плане надаецца Беларусі. У тым ліку, дзякуючы яе геапалітычнаму становішчу.
— Геапалітычнае становішча Беларусі характарызуецца тым, што яна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, на стыку цывілізацый, інтарэсаў вялікіх дзяржаў, пад уплывам эканамічных і ваенна-стратэгічных фактараў. Разам з тым геаграфічнае становішча нашай краіны на перасячэнні транспартных камунікацый дапамагае выгадна яго выкарыстоўваць для стымулявання эканамічнага развіцця, узмацнення сваіх пазіцый у рэгіянальнай палітыцы. Аб'ектыўна Беларусь сёння выконвае ролю моста паміж захадам і ўсходам, поўначчу і поўднем, — падкрэсліў Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Акрамя таго, геаграфічнае становішча абумовіла і складаны гістарычны шлях Беларусі. Краіна, якая знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні, была арэнай крывавых войнаў і сферай інтарэсаў розных дзяржаў. Але, нягледзячы на гэта, Беларусь адстаяла свае правы на незалежнасць і самастойнасць.
Арганізаваў і размясціў на сваёй пляцоўцы канферэнцыю Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Падтрымала ініцыятыву Прадстаўніцтва па Беларусі Фонду імя Конрада Адэнаўэра (Германія). Арганізацыя праводзіць адукацыйныя семінары, кансультацыі, каб пабудаваць масты і ўзмацніць сувязі Беларусі з Германіяй і іншымі краінамі Еўрасаюза.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/zneshnyaya-palityka
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-kavalenya
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-danilovich