Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры вырашэнні кадравых пытанняў падкрэсліў, што галоўнае для новых кіраўнікоў - сумленнасць і прыстойнасць.
"Галоўнае для ўсіх - гэта сумленнасць і прыстойнасць. У адносінах з працоўнымі калектывамі, з іншымі. Справядліва ўсё павінна быць. Усё ў законах не прапішаш. І калі недзе не хапае заканадаўчай базы - дзейнічай па справядлівасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Справядлівасць вышэйшая за закон заўсёды, калі на тое пайшло. Бываюць несправядлівыя законы, а само паняцце справядлівасці (можна сказаць, філасофскае паняцце) абсалютнае. Таму зыходзіць трэба заўсёды з гэтага", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Жаўняк прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі
Уладзімір Рыгоравіч Жаўняк нарадзіўся ў 1968 годзе ў горадзе Хойнікі Гомельскай вобласці. У 1989 годзе скончыў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, у 1999 годзе - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
У 1985-2002 гадах служыў ва Узброеных Сілах. З 2002 па 2006 год - галоўны спецыяліст, саветнік-кансультант аддзялення заканадаўства па пытаннях нацыянальнай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2006-2008 гадах - намеснік начальніка названага аддзялення. У 2008-2014 гадах - начальнік упраўлення заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы і праваахоўнай дзейнасці Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.
З 2014 года па цяперашні час працаваў на пасадзе намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.
"У сферы ідэалогіі нам трэба выбудоўваць добрую сістэму. І работы непасрэдна з людзьмі. І асучасніваць яе. Таму што ездзіць па працоўных калектывах і з імі весці дыялог, размаўляць - гэта вельмі важна, заўсёды з людзьмі трэба размаўляць. Але гэтага ўжо мала. Ва ўсе працоўныя калектывы не паедзеш і з дзесяццю мільёнамі не перагаворыш. А ідэалагічнай работай трэба займацца ўсім, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў. Якая гэта будзе сістэма - вам з кіраўніком Адміністрацыі яе выбудоўваць і з вашымі падначаленымі", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што на адпаведную пасаду даволі доўга падбіралі кандыдатуру, улічваючы асаблівую спецыфіку ідэалагічнай работы. "Гэта павінны быць людзі, проста вылепленыя нейкім скульптарам. Іх шмат не бывае. Гэта адзінкі наогул. Калі ўзяць не толькі вашу адміністрацыйную работу, але і ідэалагічную. Тут патрэбны вельмі тонкі падыход", - падкрэсліў ён.
Звяртаючыся да Уладзіміра Жаўняка, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы чалавек, можна сказаць, ваенны. Былых ваенных не бывае. Гэта таксама добра. Мы вельмі ўжо разглагольстваваць па розных пытаннях навучыліся замест таго, каб браць і рабіць нешта, ствараць сістэму, патрабаваць. Каб гэта было прыгожа, добра. І ўжо менш трэба размаўляць, а больш дзейнічаць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць сумеснай работы па зададзеных напрамках з іншымі кіраўнікамі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, аднак адзначыў і важнасць наяўнасці ўласнага меркавання па тых ці іншых пытаннях. "У вас пасля назначэння будзе адзін начальнік - гэта Прэзідэнт. І калі вы з кіраўніком Адміністрацыі ў нечым не згодны (хоць з ёй цяжка не згадзіцца, яна чалавек таксама абсалютна дзяржаўны), калі вам прэс-сакратар Прэзідэнта будзе на нешта намякаць, вы павінны мець сваю пазіцыю, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі яны вам падказваюць тое, што падыходзіць, зыходзячы з нашага жыцця, добра, рабіце. Калі вы не згодны - зніміце трубку і скажыце. Таму што вашы памылкі, калі яны будуць, яны будуць толькі вашымі. Ні кіраўніка Адміністрацыі, ні прэс-сакратара, ні кіраўнікоў БЕЛТА або тэлекампаній, радыё. Гэта будуць вашы памылкі. Гэта самая, напэўна, складаная пасада, самая цяжкая работа".
Прэзідэнт таксама расказаў, што ад пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, які курыраваў бы ідэалогію, некаторы час таму спрабавалі адмовіцца і падняць адпаведны напрамак работы на ўзровень першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі. "Але ад гэтай ідэі, шчыра кажучы, сёння і я, і кіраўнік Адміністрацыі адмаўляемся. Нам патрэбны такі чалавек, які будзе ўмець і сам размаўляць з людзьмі, і займацца са сродкамі масавай інфармацыі, арганізоўваць іх, і іншымі пытаннямі, якія датычацца ідэалогіі нашай дзяржавы. Гэта ідэалагічная работа, гэта асноўнае", - заявіў беларускі лідар.
Як было адзначана пры назначэнні, сфера адказнасці новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі будзе ўключаць ідэалагічную работу, СМІ і грамадскія арганізацыі. У сваю чаргу першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прадоўжыць курыраваць такія напрамкі, як адукацыя, культура, спорт, міжнародная дзейнасць.
Гендырэктарам БЕЛТА прызначана Ірына Акуловіч
Ірына Барысаўна Акуловіч нарадзілася ў 1974 годзе ў Магілёве. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова.
Выбрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання ад Магілёўскай вобласці. З'яўляецца членам Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.
Раней Ірына Акуловіч працавала на розных пасадах у Магілёўскім абласным тэлерадыёаб'яднанні, прайшла шлях ад уласнага карэспандэнта да загадчыка карэспандэнцкім пунктам у Магілёве Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.
З 2009 года да цяперашняга часу працавала дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтра "Тэлерадыёкампанія "Магілёў".
"Калі будуць якія-небудзь праблемныя пытанні і іншае, вы з Прэзідэнтам часта будзеце сутыкацца. Вы скажыце прама або праз прэс-сакратара, кіраўніка Адміністрацыі. Але хацелася б, каб вы не проста падтрымалі той трэнд, які быў зададзены Жуком (былым генеральным дырэктарам БЕЛТА Дзмітрыем Жуком. - Заўвага БЕЛТА) да вас, але каб мы яшчэ на прыступку падняліся вышэй. Думаю, у вас атрымаецца. І добра, што вы прыйшлі знізу. Гэта вельмі добра. Вы гэты нерв народны адчуваеце больш востра, чым нават я, хоць сутыкаюся пастаянна з людзьмі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Не скажу, што гэта ўжо такая цяжкая ў вас ноша. Хацелася б, каб гэта быў нейкі чарговы этап, каб, шчыра вам скажу, мы паглядзелі на вашу работу тут, таму што ў Магілёве - гэта адно. А калі сюды трапляеш - зусім іншае, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш, гэта сродак масавай інфармацыі. І крытыкі будзе тут цяпер... Вы пачуеце тое, што пра сябе раней не ведалі. Гэта трэба спакойна ўспрымаць".
"Палітыку дзяржавы і Прэзідэнта вы ведаеце. Калі ідзяце на гэту пасаду, значыць, падтрымліваеце яе. І справа тут не ў Прэзідэнце, а ў той палітыцы, якую мы павінны ўжо з вамі разам з сённяшняга дня ажыццяўляць, каб захаваць краіну, яе незалежнасць і суверэнітэт. Зрабіць так, каб гэта была наша зямля, нашых дзяцей і нашых унукаў, усіх тых, хто сёння на ёй жыве", - дадаў беларускі лідар.
Віталь Дрожжа прызначаны міністрам лясной гаспадаркі Беларусі
Віталь Аляксандравіч Дрожжа нарадзіўся ў 1978 годзе ў г.п.Карэлічы Гродзенскай вобласці. У 2000 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт, у 2011 годзе - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Працоўную дзейнасць Віталь Дрожжа пачынаў у Лагойскім лясгасе на пасадзе рабочага. У 2000-2001 гадах служыў у органах унутраных спраў. У 2001-2006 гадах - ляснічы Чырвона-Швабскага лясніцтва Лагойскага лясгаса. У 2006-2008 гадах - галоўны інспектар аддзела кантрольна-рэвізійнай работы і дзяржаўнага кантролю за лесам Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. З 2008 па 2013 год кіраваў Бабруйскім лясгасам.
З 2013 года да гэтага часу працаваў на пасадзе генеральнага дырэктара дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры".
"Навядзіце парадак у лесе, каб за хабар леснікі і ляснічыя не сплаўлялі лес і каб гэты лес за дробязь, капейкі, за цэнты не трапляў на захад, а адтуль яны нам з гэтага лесу не везлі мэблю. Тут павінен быць дзяржаўны падыход да гэтай справы. Анфімаў (старшыня КДК Леанід Анфімаў. - Заўвага БЕЛТА) сказаў, што вы чалавек дзяржаўны. Мяне гэта вельмі задавольвае. Вы павінны быць дзяржаўным чалавекам, таму што будзеце займацца вельмі дзяржаўнай сферай. Лес заўсёды будзе дзяржаўнай справай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы з новым міністрам кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму лесааднаўлення, запатрабаваўшы высаджваць у краіне больш саджанцаў на пустуючых тэрыторыях, а таксама замест высечаных дрэў. "Нам трэба не толькі аднаўляць лес, які мы высякаем і аддаём у абарот. Вы паглядзіце, колькі ў нас свабодных плошчаў, у гэтым годзе будзе вялікі попыт на гэтыя саджанцы", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, ён сам мае намер заняцца пасадкай саджанцаў у гэтым годзе, плануе высадзіць маладыя дрэвы і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Для гэтага яна наведае сваю малую радзіму. Да гэтай работы, лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна падключыць шырокае кола людзей. "Прырода нас надзяліла тым, што мы можам у лесе ўзяць тыя дрэвы, якія загінуць, не вырастуць, і перасадзіць іх на свабодныя месцы. Гэтым таксама давядзецца займацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, хоць і не быў раней асабіста знаёмы з Віталём Дрожжам, але ведае аб яго дзейнасці на апошняй пасадзе ў якасці гендырэктара нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". "Калі я прыязджаю на Браслаўскія азёры і там жыву, я заўсёды цікаўлюся, як функцыянуе гэты запаведнік, - растлумачыў Прэзідэнт. - Некалі, каб абараніць яго, мной было прынята жалезнае рашэнне, што гэта - беларускі здабытак, і мы там стварылі запаведнік, нацыянальны парк".
БЕЛТА [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] http://www.belta.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/kadravyya-rashenni