Кірмаш вакансій Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" пройдзе 14 красавіка ў БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 14.00. Акцыя накіравана на садзейнічанне выпускнікам БДУ з ліку беларускіх і замежных грамадзян у працаўладкаванні, праходжанняі вытворчай практыкі на пляцоўках рэзідэнтаў парку "Вялікі камень", а таксама аказанне дапамогі кітайскім прадпрыемствам у пошуку высокакваліфікаваных супрацоўнікаў.
"Кірмаш вакансій 2018" - першы сумесны праект паміж БДУ і паркам "Вялікі камень". Парк займаецца фарміраваннем каманды супрацоўнікаў у галіне машынабудавання, электронікі і тэлекамунікацый, хіміі, біятэхналогіі, лагістыкі, фармацэўтыкі, захоўвання і апрацоўкі вялікіх аб'ёмаў дадзеных, сацыяльна-культурнай дзейнасці, навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх работ і інш.
З прапановамі і свабоднымі вакансіямі выступяць больш за 15 кітайскіх кампаній-рэзідэнтаў Беларусі. Іх прадстаўнікі правядуць кансультацыі, экспрэс-інтэрв'ю з патэнцыяльнымі кандыдатамі, раскажуць пра патрабаванні і ўмовы працаўладкавання, адкажуць на пытанні і прэзентуюць свае прадпрыемствы.
Наведвальнікам кірмашу прапануюць запоўніць анкеты-рэзюмэ, якія можна таксама папярэдне аформіць у анлайн-рэжыме і адправіць у аддзел кадраў Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку па электроннай пошце hr@industrialpark.by [1].
Плошча Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку складае 112,5 кв. км. Размешчаны ён у 25 км ад Мінска. Кампанія мае асаблівы прававы рэжым вядзення бізнесу. На яе тэрыторыі будуецца сучасны міжнародны экагорад з высокатэхналагічнай, канкурэнтаздольнай інавацыйнай вытворчасцю і экспартным патэнцыялам. Праект развіваецца ў рамках міждзяржаўнага кітайска-беларускага супрацоўніцтва.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне міжнародных сувязяў БДУ, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку, культурна-дзелавы цэнтр "Ювізіт".
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] mailto:hr@industrialpark.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-kamen
[3] https://zviazda.by/be/tags/kirmash-vakansiy
[4] https://zviazda.by/be/tags/bdu