З гэтай вясны ў Гомелі пад эгідай ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) пачала работу школа бёрдвотчараў
(тых, хто любіць назіраць за птушкамі). Днямі ў ёй адбыліся чарговыя заняткі.
Уступную лекцыю для слухачоў правялі арнітолаг Зінаіда Гарошка і старшыня рэгіянальнага аддзялення АПБ Раман Хлебін, а пачалася яна каля пешаходнага моста цераз Сож.
Адтуль прысутныя (а ўсяго сабралася каля 60 чалавек, узброеных біноклямі, фотакамерамі, блакнотамі) атрымалі магчымасць паназіраць за вялікай чарадой качак-крыжанак. Далей па маршруце было «знаёмства» з сіняй сініцай, паўзунком, шэрай чапляй, стрынаткай звычайнай... Удзельнікі заняткаў змаглі добра разглядзець птушак, сфатаграфаваць, паслухаць галасы...
Прыемныя сюрпрызы чакалі бёрдвотчараў і на зваротным шляху: нібы спецыяльна для іх у небе кружылі некалькі белых буслоў, на чыстай вадзе Сожа красавалася пара лебедзяў-шыпуноў, а на дрэве весела спявала берасцянка.
Яўген ШАСТАКОЎ, г. Гомель
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/ahova-ptushak-backaushchyny-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomel