Да адказнасці прыцягнуты брыгадзір сельскагаспадарчага прадпрыемства Лідскага раёна, які два гады фіктыўна завышаў паказчыкі вытворча-гаспадарчай дзейнасці фермы.
Як расказаў начальнік Лідскага міжрайаддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Гродзенскай вобласці Аляксандр Лагуноў, брыгадзір фермы К. з 2015 па 2017 гады займаўся прыпіскамі прыросту буйной рагатай жывёлы. Такі спосаб ен выбраў, каб падняць паказчыкі па прыбаўленнях у вазе і выканаць план нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці ялавічыны. Невыкананне праграмы магло завершыцца для яго прыцягненнем да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці і нават звальненнем з работы. Каб пазбегнуць пакарання, брыгадзір на працягу двух гадоў складаў справаздачы, у якіх ферма працавала эфектыўна, з прыбыткамі і прыбаўленнямі ў вазе. За віртуальныя поспехі між тым выплачвалася рэальная зарплата. Такім чынам, брыгадзіру і рабочым неабгрунтавана было налічана каля 12 тысяч рублёў, а нястача жывой вагі жывёл склала 290 тысяч кілаграм.
Па дадзеным факце Лідскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Службовы падлог». Вядзецца расследаванне.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/kryminal