52-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі пройдзе з 23 па 28 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
У інтэлектуальных спаборніцтвах выступяць каля 130 старшакласнікаў, якія прадстаўляюць 22 краіны: Азербайджан, Арменію, Беларусь, Балгарыю, Венгрыю, Грузію, Ізраіль, Казахстан, Кыргызстан, Літву, Малдову, Расію, Саудаўскую Аравію, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыю, Узбекістан, Украіну, Эстонію , Харватыю. Ад Беларусі ў алімпіядзе выступяць 11 навучэнцаў, сярод якіх пяць ліцэістаў БДУ.
Юным хімікам трэба прайсці два тэарэтычных туры і адзін эксперыментальны. Школьнікам будуць прапанаваныя задачы, якія тычацца асноўных раздзелаў хіміі: неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, фізічнай, а таксама навукі аб жывым і палімерах. У трэцім туры на працягу пяці гадзін удзельнікі будуць праводзіць хімічны эксперымент па заданнях, распрацаваных выкладчыкамі МДУ імя М.В. Ламаносава. На гэтым этапе ад школьнікаў патрабуецца прадэманстраваць навыкі працы ў хімічнай лабараторыі і ўменне рабіць хімічны аналіз. Усяго за тры туры алімпіяды ўдзельнік можа набраць максімум 230 балаў.
Таксама, у рамках інтэлектуальнага спаборніцтва адбудзецца пасяджэнне круглага стала “Дыялог з навукоўцамі”. Ён арганізуецца для кіраўнікоў каманд і настаўнікаў хіміі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.
Даведка
Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі праводзіцца штогод і з'яўляецца пераемніцай Усесаюзнай хімічнай алімпіяды, працягваючы яе нумарацыю. Сваю назву яна атрымала ў гонар вялікага рускага хіміка Д.І Мендзялеева.
З 2004 года ў Мендзялееўскай алімпіядзе, акрамя школьнікаў краін СНД і Балтыі, удзельнічаюць каманды Балгарыі, Македоніі і Румыніі, з 2012 года да яе далучыліся Венгрыя, Турцыя і Сірыя. У 2016 годзе ўпершыню ў спаборніцтвах удзельнічалі таксама каманды Ізраіля, Манголіі і Нігерыі. Рабочымі мовамі алімпіяды з'яўляюцца руская і англійская.
З 1997 года і па цяперашні час аргкамітэт алімпіяды ўзначальвае дэкан хімічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава акадэмік Расійскай акадэміі навук Валерый Лунін. У склад аргкамітэта алімпіяды ўваходзяць прафесары і выкладчыкі вядучых ВНУ, а таксама настаўнікі хіміі агульнаадукацыйных школ краін-удзельніц
Арганізатарамі 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Белдзяржуніверсітэт і Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прымаў Мендзялееўскую алімпіяду двойчы: у 1999 і 2007 гадах.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-pa-himii