Ці ведаеце вы, што першы ў свеце ноўтбук важыў больш за 20 кілаграмаў, а першы планшэт меў дыскавод для пяціцалёвых дыскет? А што такое арыфмометры, перфастужкі і перфакарты, памятаеце? Для маладога пакалення, упэўненага, што відэакамеры і плэеры нарадзіліся разам з тэлефонамі, нават бабінныя магнітафоны і відэамагнітафоны — дзіўная рэч. Таму ім, несумненна, варта будзе зазірнуць у першы ў нашай краіне музей рэтракамп'ютараў Bуtеsрасе, які адкрыўся зусім нядаўна на плошчах Мінскага радыётэхнічнага каледжа (філіяла БДУІРа).
Рыкае, гудзе і грэецца...
Амаль пяць гадоў раздзяляюць правядзенне першай выстаўкі рэтракамп'ютараў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і з'яўленне музея. За гэты час чацвертакурснік факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІРа Аляксандр АЛЯКСАНДРАЎ, чыя калекцыя выстаўлялася ў 2013 годзе, стаў аспірантам і працуе цяпер у адной з ІТ-кампаній. Але захапленне рарытэтнай тэхнікай у маладога чалавека не прайшло, а яго калекцыя істотна папоўнілася. Сёння ён нават не можа сказаць дакладна, колькі экспанатаў знаходзіцца на складзе — можа быць, пяцьсот, а можа быць, і больш.
Непасрэдна ў зале музея прадстаўлена каля сотні ўзораў тэхнікі: ад падліковых машынак, калькулятараў і гульнявых прыставак да вельмі рэдкіх экзэмпляраў камп'ютарнай тэхнікі ад вытворцаў, якіх ужо даўно не існуе. А пачыналася ўсё калісьці з партыі камп'ютараў, якая дасталася школьніку дарма ад знаёмага яго бацькі. І пазней многія рарытэтныя рэчы людзі проста аддавалі хлопцу, бо ведалі, што ён захапляецца камп'ютарнай тэхнікай, або падказвалі, што каштоўны экспанат можа аказацца на сметніку.
Так ад свайго знаёмага ён даведаўся, што ў адным з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук савецкі камп'ютар ЭВМ СМ-1420 1989 года выпуску вагой у тону хочуць спісаць. Дапусціць такога ён і яго сябры, знатакі старой тэхнікі, не маглі, таму прынялі ўсе меры, каб прадухіліць утылізацыю. Знайшлі нумар тэлефона супрацоўніка лабараторыі, заручыліся падтрымкай роднага ўніверсітэта і атрымалі дазвол на яе перавоз у музей.
— Гэта проста монстр, — з захапленнем кажа Аляксандр. — Як і належыць «крутым штукам», заводзіцца ён з ключа, рыкае, шуміць, гудзе і грэецца. Падтрымлівае мноства розных носьбітаў: васьміцалёвыя дыскеты, бабіны з магнітнай стужкай, цвёрдыя дыскі са зменнымі пласцінамі і перфастужкі. Толькі шаманы ведаюць, як прымусіць гэту машыну грузіцца з патрэбнага носьбіта (між іншым, зараз гэта махіна падключана да сучаснага планшэта. — Аўт.).
«Усё «жалеза» ў музеі працуе, а тое, што ламаецца, я стараюся аператыўна рамантаваць», — папярэджвае наша пытанне калекцыянер. Яму вельмі падабаецца ажыўляць або «лячыць» старую тэхніку. Калі нерабочая машына пачынае праяўляць «прыкметы жыцця» — гэтыя эмоцыі ні з чым нельга параўнаць.
Самы стары экспанат у музеі — лямпавы модуль захоўвання памяці на 1 біт 1959 года. Між іншым, слова «прашыўка», якое мы сёння актыўна выкарыстоўваем у дачыненні да нашых мабільных прылад, з'явілася вельмі даўно, калі камп'ютары былі вялікія і памяць у іх знаходзілася на ферытавых кольцах. Іх насамрэч прашывалі металічным дротам спецыяльна навучаныя людзі. Ферытавыя кольцы размяшчаліся ў прамавугольнай матрыцы: праз кожнае кальцо праходзіла ў залежнасці ад канструкцыі запамінальнай прылады ад двух да чатырох правадоў для счытвання і запісу інфармацыі. Памяць на магнітных стрыжнях была асноўным тыпам камп'ютарнай памяці з сярэдзіны 1950-х і да сярэдзіны 1970-х гадоў. У музеі рэтракамп'ютараў таксама прадстаўлены такі ўзор памяці ад савецкай «Электронікі» 1976 года. Гэта машына падобная больш на інжынерны калькулятар з касетнікам, чым на сапраўдны камп'ютар.
Сакрэты «Тэрмінатара»
Гонарам музейнай калекцыі з'яўляецца таксама графічная рабочая станцыя Sіlісоn Grарhісs Іndу 1993 года. Яе маглі дазволіць сабе толькі абраныя, бо яна каштавала шалёных грошай. Выкарыстоўвалася на тэлестудыях, у кінакампаніях і медыцынскіх цэнтрах (для візуалізацыі вынікаў даследаванняў і камп'ютарнай тамаграфіі). Доўгі час гэта была адзіная платформа, якая мела проста фантастычныя праграмныя сродкі для камп'ютарнай анімацыі. Машыны падобнага класа доўгі час працавалі ў мантажных студыях першага расійскага тэлеканала, на іх у 90-я гады манціраваліся тэлевізійныя застаўкі.
Соmmоdоrе Аmіgа 1200 — легендарны камп'ютар. Лінейка камп'ютараў Соmmоdоrе Аmіgа стала першай у свеце лінейкай насамрэч мультымедыйных камп'ютараў. Яны былі вельмі кампактныя, таму ў гады папулярнасці існаваў анекдот: «Праграміст пытаецца: клавіятуру бачу, а дзе ж сам камп'ютар?» Вядома, што камп'ютары Аmіgа выкарыстоўваліся для стварэння спецэфектаў да такіх фільмаў, як «Тэрмінатар-2» і «Вавілон-5».
Вялікую каштоўнасць для калекцыянераў уяўляе і дамашні камп'ютар Еntеrрrіsе 128 англійскай вытворчасці 1984 года, якіх было выпушчана зусім няшмат. У пачатку 1990-х гадоў такія камп'ютары выкарыстоўваліся для вёрсткі часопісаў адным з найбуйнейшых савецкіх выдавецтваў «Молодая гвардия» і актыўна рэкламаваліся часопісам «Техника молодежи».
А вось, напрыклад, беларускіх «Няміг» было выпушчана ў свой час шмат, затое «цэлых» засталося вельмі мала. Паколькі савецкія камп'ютары ўтрымлівалі каштоўныя металы, то «залатары» іх актыўна разбіралі, а тыя экзэмляры, што захаваліся, каштавалі фантастычна дорага і былі звычайнаму студэнту не па кішэні. Але Аляксандру зноў пашанцавала: з дапамогай сябра, які збіў цану ў прадаўцоў, ім удалося выкупіць цэлы вучэбны клас «Няміг».
— «Няміга ПК 588» — савецкі персанальны камп'ютар, які быў распрацаваны ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце (цяпер БДУІР) на кафедры электронных вылічальных сродкаў, — расказвае калекцыянер. — Пазней быў дапрацаваны для масавага выпуску ў складзе вучэбных вылічальных комплексаў для іх пастаўкі ў навучальныя ўстановы. Яго жалезная клавіятура павінна была супрацьстаяць вандалам-школьнікам. Самая каштоўная частка ў «Нямігі» — дыскаводны блок. Калі на клас размяркоўвалася шмат машын, то дыскавод прызначаўся толькі для настаўніка — нават «мацёрыя» калекцыянеры мяняюць гэту дэталь толькі на штосьці вельмі дарагое. А ў нас ёсць поўны камплект.
Дакранацца... катэгарычна дазваляецца!
Шмат у музейнай рэтракалекцыі прадстаўлена ноўтбукаў. Ёсць і адзін з першых у гісторыі Аmstrаd РРС512. Ён выкананы ў форме чамадана. Быў вельмі распаўсюджаны ў Германіі ў канцы 1980-х, але важыў цэлых шэсць кілаграмаў. Побач — падобны на прышэльца з будучыні Аррlе іBооk G3 Сlаmshеll, які лічыўся вытанчанай і недарагой прыладай для школьнікаў і студэнтаў, карыстаўся вялікім поспехам у прадстаўніц слабага полу, таму яго яшчэ называлі «жаночым». А нядобразычліўцы за незвычайны дызайн празвалі «крэслам для Барбі». Аднак калі гэты ноўтбук з'яўляўся ў якім-небудзь фільме ці тэлешоу, яго адразу ж пазнавалі па ўнікальным вобліку. Была ў яго і яшчэ адна адметнасць — упершыню на масавым узроўні ён стаў падтрымліваць бесправадное злучэнне.
Слёзы настальгіі ў дзяцей дзевяностых выклічуць і культавыя гульнявыя прыстаўкі, а таксама папулярныя ў тыя часы «тэтрысы». Сучасная моладзь наўрад ці ведае, што раней гульні для персанальных камп'ютараў выпускаліся не толькі на дыскетах, але і на аўдыякасетах і загружаліся ад 3 да 30 хвілін. Яны таксама прадстаўлены на выставе.
Цікавімся ў Аляксандра, а наколькі вялікі ў яго спіс, які ён марыць яшчэ сабраць.
— Сёння ў мяне ўжо ёсць магчымасць набываць тое, што вельмі хацелася і што каштуе грошай, бо я стаў зарабляць. Але ўжо прыходзіць насычэнне. Здараецца, штосьці доўга шукаеш, а калі знаходзіш, то адчуваеш, што ўжо «перагарэў». Мой спіс, па якім я планамерна рухаўся, канешне, не закончыўся, і часам утрымацца ад чарговай пакупкі бывае ну проста немагчыма, — прызнаецца малады чалавек. — Аднак трэба засяродзіцца на аднаўленні таго, што я ўжо маю. Нядаўна мы з малодшым братам правялі тры дні на складзе, спрабавалі ўсё ўпарадкаваць .Ёсць вельмі дарагія мне экспанаты, над якімі трэба будзе папрацаваць, каб вярнуць іх у строй. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву БДУІРа за тое, што далі памяшканні для захоўвання маёй калекцыі, падтрымалі ідэю стварэння музея. Бо ў супрацьлеглым выпадку давялося б набываць гараж ці нават катэдж (смяецца. — Аўт.).
Экспазіцыя музея будзе пастаянна абнаўляцца, каб наведвальнік, які зазірне, напрыклад, летам, змог убачыць новыя ўзоры рэтратэхнікі. Наведванне экспазіцыі бясплатнае, але, каб патрапіць на экскурсію, патрабуецца папярэдні запіс у сацыяльных сетках ці на сайце музея [4]. Уся тэхніка знаходзіцца ў рабочым стане. Глядзець, слухаць, дакранацца, гуляць і працаваць на ёй катэгарычна дазваляецца!
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://bytespace.by/
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey-retrakampyutarau
[6] https://zviazda.by/be/tags/bytespace
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-alyaksandrau
[8] https://zviazda.by/be/tags/nyamiga-pk-588
[9] https://zviazda.by/be/tags/kampyutarny-antykvaryyat
[10] https://zviazda.by/be/tags/bduir