Выстава сукулентаў, Айвазоўскі і марыністы ў Нацыянальным мастацкім музеі, выстава да 85-годдзя тэатра оперы і балета, фестываль у «Дрымлэндзе» — афіша «Звязды» з 23 па 29 красавіка.
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі (пл. Калініна)
Калі: па 30 красавіка, 11:00-16:00
Колькі каштуе: 7 р.; школьнікі, студэнты, пенсіянеры — 4 р.
Напярэдадні летняга сезону ў батанічным садзе адкрываецца выстава сукулентаў і прадстаўнікоў сямейства бромеліевыя.
Вы зможаце акунуцца ў свет дзіўных раслін з розных засушлівых месцаў зямнога шара: гэта віды алоэ, у тым ліку знакамітае Алоэ вера, незвычайныя гасцерыі і хаворціі, а таксама каменныя ружы — эхеверыі.
Акрамя таго, на выставе будуць прадстаўлены, так званыя, жывыя камяні або літапсы, якія ўмеюць выдатна маскіравацца пад навакольны ландшафт. Вы зможаце ўбачыць разнастайнасць агаў і кактусаў, якія растуць як у Паўднёвай, так і ў Паўночнай Амерыцы.
Асаблівую цікавасць уяўляюць віды сямейства бромеліевыя, якія растуць на дрэвах у вільготных трапічных лясах, і якія маюць яркую афарбоўку як лісця, так і суквеццяў (эхмеі, більбергіі, гузманіі, неарэгеліі, урэзіі).
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20)
Калі: па 1 чэрвеня, 11:00-19:00
Колькі каштуе: удакладняць у касе
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі па шматлікіх просьбах наведвальнікаў аднаўляе выставачны праект «Айвазоўскі і марыністы».
Выстава працуе з 3 красавіка 2018 года.
Дзе: галерэя «Лабірынт» (пр-т Незалежнасці, 116)
Калі: па 20 чэрвеня
Колькі каштуе: удакладняць у касе
70 афіш яскрава распавядуць наведвальнікам пра самыя значныя вехі ў гісторыі беларускага Вялікага тэатра з моманту яго нараджэння ў 1933 годзе і адкрыцця ўласнага будынку на Траецкай гары ў 1939-м.
Выстава пакажа і трагічныя старонкі, якія раскажуць пра Вялікую Айчынную вайну. Шмат артыстаў дабравольцамі пайшлі на фронт, хтосьці быў эвакуіраваны ў іншыя гарады, хтосьці працягваў выступаць на сцэнах вядомых тэатраў і выязджаць з канцэртамі на перадавую.
Наведвальнікі змогуць убачыць афішы часоў Савецкага Саюза з імёнамі, якія складаюць гонар і славу як беларускай оперы, так і беларускага балета, а таксама афішы з гарадоў і краін, у якіх Вялікі тэатр Беларусі пабываў на гастролях.
У экспазіцыі знойдзе адлюстраванне і найноўшая гісторыя Вялікага тэатра Беларусі: Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі, Грузіі і Міжнародны конкурс спевакоў, выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell'opera, Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, Балетнае лета ў Вялікім і Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў.
Акрамя афіш на выстаўцы будуць прадстаўлены музычныя партытуры, афішы XIX стагоддзя. Асобная старонка экспазіцыі будзе прысвечана тэатральнаму часопісу «Партэр».
Дзе: парк «Дрымлэнд» (вул. Арлоўская, 80)
Калі: 29 красавіка — 1 мая
Колькі каштуе: 3 р.; дзеці да 7 гадоў — бясплатна
Новы сезон у парку «Дрымлэнд» адкрыецца 29 красавіка трохдзённым фестывалем рамеснікаў Handmadeshow. Тут будзе працаваць вялікі фудкорт, правядуць шоу-праграму, з'явяцца інтэрактыўныя пляцоўкі.
У дзень адкрыцця на галоўнай сцэне будуць выступаць дзіцячыя вакальныя і харэаграфічныя студыі, а вечарам — група «Мілкі», Вольга Калеснікава, спявачка Кетэвана, Fortissimoband і іншыя. На інтэрактыўных пляцоўках можна будзе распісаць кардонныя эка-домікі, драўляныя і гіпсавыя фігуркі. У спартыўных зонах правядуць урокі настольнага тэніса і футбольнага фрыстайла.
Госці свята змогуць набыць аўтарскія працы майстроў, пракаціцца на горцы «слайд», паўдзельнічаць у захапляльных квэстах, прайсці паласу перашкод вераўчана гарадка, адчуць сябе гоншчыкам на картынгу і ўспомніць дзяцінства на пляцоўцы дваровых гульняў.
Увечары прэзентуюць кінатэатр пад адкрытым небам. У кожны фестывальны дзень будзе паказана па адным фільме, які выберуць галасаваннем. З прыходам цемры пачнецца шоу светлавых інсталяцый. На заходзе гасцям прапануюць удзел у праекце «Арт-бар», дзе любы жадаючы зможа намаляваць карціну.
Дзе: «Мэджык-клаб» (вул. Інтэрнацыянальная, 23)
Калі: па 31 мая
Колькі каштуе: 7 р. — дзеці і студэнты; 8 р. — дарослыя
Інтэрактыўная выстава «Красавіцкае чараўніцтва» прадстаўляе творы мастацтва, інсталяцыі і арт-аб'екты, аб'яднаныя агульнай тэмай містыкі. Наведвальнікаў таксама чакаюць тэматычныя гульні і квэсты.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ganna-bagino
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/raim-shadzic