25 красавіка ўпершыню прайшоў брыфінг для дыпламатычнага корпуса, прымеркаваны да гадавіны аварыі на ЧАЭС. На ім яшчэ раз успомнілі пра гэту трагедыю ХХ стагоддзя, ліквідатараў і жыхароў тэрыторый, якія пацярпелі ад яе. А таксама пра важнасць узаемадапамогі ўсяго свету.
Чаму менавіта сёлета вырашылі правесці гэты брыфінг, адказаў намеснік міністра замежных спраў Андрэй ДАПКЮНАС: «Мы робім гэта з некалькіх прычын. Па-першае, аб'ём і працягласць увагі Беларусі да трагедыі Чарнобыля вызначаецца не толькі ўвагай міжнароднай супольнасці. Яна вызначаецца перыядам паўраспаду радыеактыўных рэчываў, якія забрудзілі тэрыторыю краіны, якія закранулі і змянілі жыццё мільёнаў людзей. Таму нам з гэтым жыць, нам з гэтым змагацца, нам і ствараць сваю будучыню, у тым ліку пацярпелых раёнаў. Мы ўдзячныя міжнародным установам за дапамогу, якая аказваецца».
Акрамя таго, як адзначыў спадар Дапкюнас, у нас ёсць унікальны вопыт у пераадоленні наступстваў аварыі на АЭС і мы абавязаны ім дзяліцца са светам. Яшчэ адзін фактар, які гаворыць пра тое, што гэта тэма дагэтуль актуальная, — непараўнальная хваля чалавечага водгуку на бяду бліжняга, незвычайнае суперажыванне людзей з розных куткоў планеты, якія тады адчулі беларусы. «Мы адчуваем сваю адказнасць, абавязак пра гэта памятаць, за гэта дзякаваць», — растлумачыў намеснік міністра.
На сёння ў краіне налічваецца 71 907 удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Сістэма радыелагічнага кантролю ўключае больш за 800 арганізацый, якія штогод аналізуюць амаль 1,5 млн проб на ўтрыманне цэзію-137. Дакладныя лічбы падаў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Генадзь ЛАСУТА.
У рамкам праектаў міжнароднай дапамогі за перыяд з 1990 года на мінімізацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС у Беларусі прыцягнута больш за $84 млн. І гэта лічба не ўключае гуманітарную дапамогу з боку грамадскіх арганізацый і прыватных асоб, а таксама сродкі, патрачаныя донарамі на аздараўленне за мяжой дзяцей, якія пражывалі на пацярпелых тэрыторыях. Намеснік міністра запрасіў дыпламатаў зрабіць выезд на поўдзень краіны і бліжэй пазнаёміцца з пацярпелымі тэрыторыі ў Брагінскім, Хойніцкім, Нараўлянскім раёнах, а таксама з Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/avaryya-na-chaes