Што трэба для таго, каб прыгатаваць ежу? Дурное пытанне, адкажа кожны, натуральна, прадукты! На самай справе ўжо праз некалькі гадоў адказ можа быць не такім адназначным. Бо нядаўна ў рамках канферэнцыі Experіmental Bіology 2018 група навукоўцаў з Паўднёвай Карэі прадставіла хатні 3D-прынтар для ежы, які можа друкаваць яе з улікам асабістых густаў, а таксама асаблівасцяў метабалізму кожнага канкрэтнага чалавека.
Даследчыкі сабралі прыбор, які можа ствараць фізічныя ўласцівасці і нанапамерную тэкстуру прадуктаў харчавання, выкарыстоўваючы для гэтага пажыўныя парашковыя інгрэдыенты. Вырабляецца парашок наступным чынам: пажыўныя рэчывы (у асноўным бялкі і вугляводы) з дапамогай крыягеннага размолу сыравіны здрабняюць пры тэмпературы ў мінус 100 градусаў па Цэльсію. Пасля гэтага пры ўздзеянні ціску, высокіх тэмператур і вады змесціва ператвараецца ў сітаватую плёнку.
Сам жа працэс «гатавання» мала чым адрозніваецца ад 3D-друку, які ўжо моцна ўвайшоў у наша жыццё. «Прынтар-кухар» накладвае пажыўныя рэчывы пластамі, пасля чаго зверху «друкуецца» тэкстура прадукту. Калі друк скончаны —
прадукт гатовы да ўжывання або наступнай апрацоўкі. Навукоўцы спадзяюцца, што іх вынаходка будзе запатрабавана ў будучыні, таму што па прагнозах спецыялістаў да 2050 года насельніцтва Зямлі павялічыцца да 10 мільярдаў чалавек. А такі спосаб прыгатавання ежы можа выратаваць ад голаду, а таксама зменшыць выдаткі на дастаўку, захоўванне і транспарціроўку. Паводле слоў аднаго з аўтараў вынаходкі дацэнта кафедры ўніверсітэта Ewha Womans Unіversіty Джын-К'ю Ры, «распрацоўка дазваляе ствараць харчовыя прадукты з неабходнай колькасцю пажыўных рэчываў, з кантраляванай хуткасцю ператраўлівання і складам. Пры дапамозе 3D-друку стравы могуць быць створаны ў адпаведнасці з патрэбамі карыстальніка і быць максімальна карыснымі для яго здароўя».
Іван КУПАРВАС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/3d-pryntar
[4] https://zviazda.by/be/tags/ezha